Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеяньні другога пілёта «Аэробуса-320», які пацярпеў крушэньне ў Альпах, прывялі да гібелі 150 пасажыраў і членаў экіпажа.

Праз два дні пасьля катастрофы «Аэробуса-320» нямецкай бюджэтнай авіякампаніі Germanwings ў францускіх Альпах высьвятляюцца новыя падрабязнасьці пра тое, што адбывалася ў кабіне пілётаў у апошнія хвіліны перад крушэньнем. Як паведаміў на прэс-канфэрэнцыі 26 сакавіка пракурор Марсэля Брыс Рабэн, вінаватым катастрофы стаў другі пілёт лайнэра, 28-гадовы Андрэас Любіц.

Дзякуючы дадзеным, атрыманых пасьля расшыфроўкі бартавога самапісца, стала відавочна, што менавіта ён сьвядома справакаваў крушэньне самалёта.

Як распавёў пракурор Марсэля, «першыя дваццаць хвілін палёту праходзілі ў звычайным рэжыме — камандзір і другі пілёт вялі звычайную гутарку, у вельмі ветлівае тоне. Камандзір рыхтаваў брыфінг, які павінен быў правесьці па прылёце ў Дзюсэльдорф. Адказы другога пілёта гучалі ляканічна. Затым камандзір папрасіў напарніка прыняць кіраваньне і пакінуў кабіну, відавочна, адлучыўся ў туалет. Запіс зафіксавала гук крэсла і дзьвярэй. Другі пілёт застаўся ў кабіне адзін, і менавіта ён уключыў сыстэму скіду вышыні. Зрабіць гэта магчыма толькі мэтанакіравана».

Калі камандзір ляйнэра вярнуўся, ён ня змог трапіць у кабіну, набраўшы свой асабісты код, паколькі дзьверы была заблякаваная знутры, што таксама зрабіў Любіц. Запіс зафіксаваў патрабаваньні галоўнага пілёта адкрыць дзьверы. Ніякага адказу з кабіны не было. Камандзір спрабаваў выламаць дзьверы ў кабіну сякерай — гэта частка абавязковага абсталяваньня, якое знаходзіцца на борце ў мэтах бясьпекі. Зафіксаваныя таксама звароты наземнага дыспэтчара да пілёта з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю. Адказам на ўсё гэта было маўчаньне Андрэаса Любіца. Па словах пракурора Марсэля, запіс зафіксаваў яго мернае дыханьне аж да апошняга моманту перад крушэньнем. «Гэта не было дыханьнем чалавека, які перажывае інфаркт», — адзначыў Брыс Рабэн.

Вынікам гэтай драмы стала імклівая страта «Аэробуса» вышыні — з 12 тысяч да 2 тысяч мэтраў. Ён урэзаўся ў горны масіў Эстроп на хуткасьці 700 кілямэтраў у гадзіну. Па словах францускага пракурора, ёсьць усе падставы меркаваць, што другі пілёт наўмысна прывёў да крушэньня. На пытаньне журналістаў аб паходжаньні Андрэаса Любіца, Брыс Рабэн адказаў, што ён зьяўляўся грамадзянінам Нямеччыны, але пра яго этнічнае паходжаньне яму невядома: «Але ён цалкам не адпавядаў профілю тэрарыста, калі гэта тое, што вы маеце на ўвазе».

СМІ аналізуюць стан, у якім знаходзіўся другі пілёт. Нямецкае выданьне «Більд» паведамляе, што з 2008 па 2009 год Любіц паўтара году знаходзіўся пад наглядам псыхіятра ў сувязі з цяжкай формай дэпрэсіі. Пра гэта сьведчыць дакумэнтацыя, прадстаўленая газэце нямецкім Упраўленьнем па наглядзе за паветраным транспартам. Гэтыя дадзеныя былі перададзеныя кіраўніцтву непасрэдна авіякампаніяй «Люфтганза», даччыным філіялам якой зьяўляецца Germanwings. Гэтую дакумэнтацыю пачне вывучаць псыхоляг, а затым яна будзе перададзена ў судовыя інстанцыі Нямеччыны і Францыі, піша «Більд».

Кіраўнік «Люфтганзы» пацьвердзіў, што ў 2008 годзе Андрэас Любіц перапыніў сваё навучаньне пілятажу на пэўны тэрмін. Згодна з інфармацыяй «Більд», як раз у гэты пэрыяд ён пакутаваў ад дэпрэсіі і прыступаў некантралюемага гневу.

У сваю чаргу брытанскае выданьне «Таймс» паведамляе, што кіраўніцтву «Люфтганзы» было вядома аб схільнасьці Любіца да дэпрэсіі і пра тое, што ён перажываў «экзыстэнцыяльны крызіс». Акрамя таго, піша газэта, некаторы час таму ў яго былі праблемы ў асабістым жыцьці. Нямецкая прэса прыводзіць сьведчанні сяброў Любіца, паводле якіх у 2009 годзе малады чалавек перажыў так званы сындром прафэсійнага выгараньня.

Тым ня менш пазьней ён пасьпяхова пераздаў ўсе тэсты на адпаведнасьць прафэсіі і «быў на 100 адсоткаў здольны пілятаваць самалёт», запэўніў шэф «Люфтганзы». Любіц быў наняты кампаніяй Germanwings ў верасьні 2013 года. На яго рахунку было 630 гадзін палётаў. Для параўнаньня: камандзір пацярпелага лайнэра меў агульны налёт больш за 6 тысяч гадзін. У адпаведнасьці з існуючымі правіламі, Любіц рэгулярна праходзіў мэдыцынскія тэсты, у тым ліку праверку псыхоляга. Як піша нямецкае выданьне «Шпігель», апошні тэст на прафпрыдатнасьць ён пасьпяхова прайшоў у студзені гэтага года.

Андрэас Любіц жыў з бацькамі ў мястэчку Монтабаўр і быў членам мясцовай лётнай асацыяцыі з 14-гадовага ўзросту. Суседзі апісваюць яго як абсалютна нармальнага маладога чалавека, спартыўнага, жыцьцярадаснага, амбіцыйнага. Па паведамленьнях мясцовых СМІ, яго марай было стаць пілётам «Люфтганзы», і менавіта да такой кар’еры ён рыхтаваўся. Навучаньне пілятажу Любіц праходзіў у лётнай школе «Люфтганзы» у Брэмене, а затым — у Фініксе (штат Арызона, ЗША). Працаваць другім пілётам ён пачаў праз усяго 11 месяцаў пасьля заканчэньня вучобы, але ў кампаніі «Люфтганза» адзначаюць, што «ў гэтым няма нічога асаблівага».

У бацькоўскай хаце Любіца і ў яго кватэры ў Дзюсэльдорфе быў праведзены ператрус. У апублікаваным камюніке нямецкай пракуратуры паведамляецца, што ў кватэры Любіца сьледчыя выявілі разарваны бальнічны ліст, які ўключаў дату, калі адбылася катастрофа. Дыягназ, названы ў «бальнічным», у паведамленьні пракуратуры не ўдакладняецца. Падкрэсьліваецца толькі, што сьледчыя не знайшлі ніякіх сьведчаньняў, здольных пацьвердзіць вэрсію тэракту па рэлігійных ці палітычных матывах.

Дзеяньні пілёта, які прывёў да гібелі 150 чалавек, прымусілі некаторыя эўрапейскія кампаніі забараніць пілётам знаходзіцца ў кабіне ў адзіноце. У прыватнасьці, да такіх мер вымушаныя былі зьвярнуцца нарвэскія авіялініі. У некаторых краінах ЭЗ пілёт ўжо ня мае права знаходзіцца ў кабіне адзін, таму тое, што адбылося ў «Аэробуса-320» лічыцца парушэньнем правілаў бясьпекі пры палётах пасажырскіх судоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG