Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі закладнік сэпаратыстаў напісаў антываенную песьню


Украінскі праваабаронца, жыхар гораду Чаркасы Валеры Макееў, які больш за тры месяцы правёў у палоне прарасейскіх сэпаратыстаў (ад жніўня да лістапада 2014 году), напісаў антываенную песьню пад назвай «Мір настане!».

Ва Ўкраіне прэзэнтацыі аднайменнага кліпу яшчэ не было, але для беларускіх сяброў аўтар зрабіў выключэньне, дазволіўшы Радыё Свабода прадэманстраваць ягоную працу слухачам і наведнікам сайту.

Першая вэрсія песьні — расейскамоўная. Спадар Макееў разьлічвае, што ягоны голас пачуюць на тым баку лініі фронту, дзе ў якасьці закладніка баевікоў ён адбыў 100 дзён, і нарэшце зразумеюць: у вайны пэрспэктывы няма, жыхарам Украіны на Захадзе і на Ўсходзе наканавана жыць у міры.

Кліп на песьню «Мір настане!» аздоблены дакумэнтальнай хронікай разбураных гарадоў і мястэчак Данбасу: зьмяняюцца кадры байцоў, параненых і пакалечаных у баявых дзеяньнях; дзяцей, якія хаваюцца ў бамбасховішчах; трунаў, састаўленых проста пасярод вуліцы; жыхароў, якія непаразумела глядзяць на свае зьнішчаныя дамы. Візуальны шэраг папярэджвае пра недапушчальнасьць бяздумнай агрэсіі, ад якой пакутуюць найперш мірныя людзі.

Таксама Валеры Макееў падрыхтаваў да друку кнігу ўспамінаў пра тое, як сядзеў у «турме» (падвал сьлясарнай майстэрні) пад Ровенькамі на Луганшчыне. Называецца яна «100 дзён палону, або пазыўны 911».

Спадар Валеры разам зь некалькімі журналістамі, якія яго суправаджалі, у жніўні мінулага году быў захоплены баевікамі так званай «Луганскай народнай рэспублікі» ў часе ўзгодненага абмену ваеннапалоннымі. Прапануем кароткі ўрывак зь ягонай кнігі, які тычыцца допытаў палонных:

...Дапытвалі па-рознаму. Практычна заўсёды — групай у два-тры чалавекі. Былі вельмі доўгія допыты, і ня вельмі. За ўвесь час я налічыў дванаццаць чалавек, якія бралі ўдзел у допытах. Шмат пра што не магу пісаць і сёньня, пра многае — не хачу. Зараз магу сказаць, што гэта была добрая школа. Школа, у якой вучысься любіць і шанаваць жыцьцё. У такіх экстрэмальных сытуацыях мозг адключаецца, уключаецца нешта большае — напэўна, падсьвядомасьць, якая і падказвае мозгу правільныя рашэньні.

Тыя, хто праводзіў допыты, безумоўна, былі прафэсіяналамі. Як правіла, гэта былыя супрацоўнікі розных ведамстваў праваахоўных органаў. Пра што казалі? Пра рознае, пачынаючы ад банальнага: воінскае званьне, частка, разьмяшчэньне войскаў, тэхнікі, якое атрымаў «заданьне». Але гэта — так, для разьмінкі.

Было і весялей: прад’яўляліся нейкія мапы-запісы. Маўляў, я іх склаў, і мае «партнэры па паездцы» ўжо ўсё гэта пацьвердзілі. Гэта нават радавала. Значыць, зьяўляецца шанец, што каго-небудзь з маіх «партнэраў» адпусьцяць раней. Увогуле, нагаварыцца было дастаткова часу.

Многіх, хто са мной размаўляў пасьля майго вяртаньня з палону, цікавіла пытаньне: «А як там катуюць?». Не хацеў і не хачу кагосьці палохаць. Магу сказаць толькі, што спосабаў узьдзеяньня на здароўе, у тым ліку псыхічнае, даволі шырокі арсэнал. І банальны болевы сындром тут зусім не на першым месцы.

Актыўная фаза допытаў доўжылася каля дзесяці дзён. На адным з апошніх «добры» дапытнік «зьлітаваўся»:

— Ну што, зробім, мабыць, перапынак, нават ня ведаю, на колькі. Мы праверылі ў шпіталі твой дыягназ — так, нейкі там інфаркт.

— Ну што, зробім, мабыць, перапынак, нават ня ведаю, на колькі. Мы праверылі ў шпіталі твой дыягназ — так, нейкі там інфаркт. Вельмі добра. А цяпер пасядзі са сваім інфарктам у зачыненай, пракуранай камэры бяз права выхаду. Калі ня здохнеш, празь месяц, можа, і працягнем...

Іншы «добразычлівец» таксама паставіў сваю «пазнаку»:

— Што, круты юрыст, так? А ты вось зараз паспрабуй выйграць справу ў мяне: пасядзі тут. Пра цябе ніхто ня будзе ведаць. А ты паспрабуй выбрацца адсюль. Згуляем?

Ня здох, не дачакаецеся. Здыхае толькі той, хто дохне. Выбраўся... Праз сто дзён...

Але наперадзе было яшчэ некалькі тыдняў жыцьця ў склепе ў Ровеньках...

Пра месцазнаходжаньне Валера Макеева стала вядома толькі праз паўтара месяца пасьля ягонага загадкавага зьнікненьня: валянтэру ўдалося патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што яго ўтрымліваюць пад Ровенькамі на Луганшчыне. Макеева баевікі абвінавацілі ў «зборы зьвестак пра пазыцыі войскаў ЛНР». Пры канцы лістапада 2014-га яго вызвалілі, цяпер ён працягвае займацца вызваленьнем украінскіх палонных з тэрыторыяў, падкантрольных самаабвешчаным ДНР і ЛНР.

XS
SM
MD
LG