Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка застаецца адзіным прарасейскім кандыдатам: Цароў, Старыкаў і Данілін пра будучыню Беларусі


Павал Садоўнікаў, Мікалай Старыкаў, адна зь пераможцаў

Павал Садоўнікаў, Мікалай Старыкаў, адна зь пераможцаў

Халодная вайна, крах Амэрыкі і справядлівы сьветапарадак — праўладная расейская моладзь распавяла, якой яна бачыць Расею ў 2045 годзе. А ідэолягі і функцыянэры «Русского мира» — пра тое, дзе ў ёй месца Беларусі.

Інфармацыйны партал пра будучыню «Расея заўтра» блаславілі лідэр расейскага «Антымайдану» Мікалай Старыкаў, кіраўнік «парлямэнта» так званай Наваросіі Алег Цароў, палітоляг Павал Данілін. Абяцаны Анатоль Васэрман на «паці» не зьявіўся.

Запрашэньне на цырымонію ўтрымлівае ўсе самыя «эрагенныя кропкі» рускага сьвету. У ім ёсьць словы «Селігер», «Пуцін», «Цароў» «Антымайдан» і «Васэрман». Само мерапрыемства плянуецца ў моднай маскоўскай кавярні «Жан-Жак» 25 сакавіка. Пабачыўшы анонс, нават мае самыя прапаленыя знаёмыя ватнікі адмаўляюцца мець з гэтым нешта супольнае.

У першай жа тэлефоннай размове прэс-сакратарка «Расея заўтра» Валерыя выбачаецца: «Жан-Жак» без тлумачэньня нам адмовіў. Мы разьбіраемся. Мерапрыемства пройдзе ў Доме журналіста«.

Але і з «Домам журналіста» ня склалася.

За некалькі гадзінаў да пачатку я атрымліваю ад Валерыі смс з адрасам: «Никитский бульвар 25, кафе „Дети рейка“».

Што менавіта пераблытала Валерыя: Е і А ці «рейх» з «райком» — застаецца тайнай.

Усе хочуць быць ветлівымі

Невялікае і паўцёмнае памяшканьне багемнай, як мне пасьля скажуць, кавярні «Дети райка» запоўненае аўдыторыяй 18+. Дзяўчыны ў моцна аблягальных і кароткіх сукенках актыўна практыкуюць інстаграм-позы на фоне лягатыпаў «Россия сегодня» і руху «Сеть» (спадкаемцы пракрамлёўскага моладзевага руху «Наши»). Хлопцы прадстаўленыя ў двух асноўных відах: «пінжак-кеды-барада» і мадэль расейскага чыноўніка ў дзяцінстве. У аднаго маладога чалавека фінгал пад вокам, у другога — гальштук-мятлік.

Большасьць гэтай моладзі — пераможцы конкурсу маладых публіцыстаў, якія стануць аўтарамі новага партала.

Прынц вечара — Павал Садоўнікаў. Клятчастая кашуля, падцяжкі, акуляры і шчаціньне — гэты асьпірант РУДН выглядае як кампутарная іконка «хіпстар». Менавіта гэтага хлопца, пазбаўленага любой вонкавай індывідуальнасьці, Пуцін блаславіў на леташнім «Селігеры» заняцца будучыняй Расеі. Блаславіў нязграбнай фразай «Неталенавітыя людзі ня будуць гэтым займацца».

«І зь ім нельга не пагадзіцца», — сьціпла згадвае Садоўнікаў лёсавызначальную падзею свайго жыцьця. Садоўнікаў — вялікі прыхільнік Пуціна, як, здаецца, і ці ня ўсе тут прысутныя. Студэнт-першакурсьнік з Санкт-Пецярбурга Павал і студэнт Арцём з МДУ распавядаюць мне, што на наступных выбарах галасаваць будуць за Ўладзімера Пуціна. А Арцём, 93-году нараджэньня, аказваецца яшчэ і прыхільнікам Савецкага саюза і моцна шкадуе пра яго развал.

«Так, былі рэпрэсіі, лягеры, але была і Вялікая французская рэвалюцыя і яе ахвяры! Чаму ва ўсім абвінавачваюць толькі Расею?» — пытаецца хлапец.

Без Уладзімера Пуціна будучыні Расеі аўтары праекту ня бачаць, а касьмічныя сцэнары, якія апісвае са сцэны Павал Садоўнікаў, выяўляюць у ім прыхільніка кансьпіратыўных раманаў Мікалая Старыкава.

«Ключавой падзеяй 2014 году стала вяртаньне Крыма ў склад Расейскай Фэдэрацыі, — вяшчае Садоўнікаў. — ЗША пачалі новую халодную вайну супраць Расеі».

У гэты ж час, паводле Садоўнікава, на амэрыканскіх выбарах 2016 году перамагае Джэб Буш, і дэмакратычная сыстэма Амэрыкі спыняе сваё існаваньне. «Сьвет стаў канцэнтравацца вакол Расеі», — косячы пад Левітана, заключае Садоўнікаў.

Тут жа ў 2016-м «Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін абвясьціў канцэпцыю дэмакратычнай справядлівасьці і справядлівага сьветапарадку. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што глеба для пераходу да глябальнай справядлівасьці падрыхтаваная. На захадзе адкрыта канстатуюць сьмерць сацыяльнай дзяржавы».

Калі даходзіць да канкрэтных рэформаў, то ўпэўненасьць Садоўнікава зводзіцца да штампаў няўмелага прапагандыста:

«Ні для каго не сакрэт, што пасьля вяртаньня Крыма РФ сярод маладых хлопцаў вырас прэстыж на службу ў войску. Усе захацелі стаць ветлівымі»

«Ні для каго не сакрэт, што пасьля вяртаньня Крыма РФ сярод маладых хлопцаў вырас прэстыж на службу ў войску. Усе захацелі стаць ветлівымі», — кажа ён, анансуючы цьмяную рэформу расейскага войска, якая заключаецца ў «падвышэньні прэстыжу і вызваленьні ад спадчыны 90-х». Пачнецца яна небясьпечна хутка для аўтараў прагнозу — у канцы 2015-га.

«Улетку 2015 году Ўладзімер Пуцін і Сі Дзынпінь падпісалі ўказ пра стварэньне расейска-кітайскіх прадпрыемстваў па засваеньні сібірскіх вуглевадародаў», — Садоўнікаў яўна выходзіць зь берагоў, і гэта не застанецца беспакараным.

Павал Данілін, адзін з распрацоўнікаў пуцінскай моладзевай палітыкі, як толькі яго запросяць на сцэну для ўганараваньня пераможцаў, вучыць Садоўнікава, як кацяня:

«Ніякіх пагадненьняў з Кітаем па засваеньні нашых расейскіх багацьцяў ня будзе, — мэнтарскім тонам кажа Данілін. — Калі гэта будзе, гэта будзе ня нашая з вамі будучыня, гэта будзе кітайская будучыня. І гэта трэба разумець».

Данілін, дзякуючы якому крамлёўская моладзевая палітыка выглядае так, як выглядае, віншуе прысутных з тым, што Севастопаль у складзе Расеі, і вітае пераможцу з гэтага крымскага горада — даўганогую Дыяну.

Павал Садоўнікаў, Павал Данілін, дачка афіцэра Дыяна

Павал Садоўнікаў, Павал Данілін, дачка афіцэра Дыяна

«Я пісала пра тое, што 2045 год — гэта год сям’і, — распавядае пасьля цырымоніі Дыяна, выклікаючы ў мяне дзіўнае дэжа-вю. Беларусы хацелі год сям’і яшчэ ў 2008. — У Крыме праходзіць фэстываль, куды прыехалі шматдзетныя сем’і і прэзэнтавалі свае сямейныя традыцыі і гісторыі».

Дыяна верыць, што ў будучым сем’і будуць мець да 25 дзяцей і раскрывае сакрэт, адкуль на цырымоніі столькі даўганогіх прыгажунь:

«Мы максымальна паказваем тое, што ў нас сапраўды ўсё вельмі здорава, мы шалёна шчасьлівыя, што вярнуліся ў родную гавань»

«Мы ад праекту „Дачкі афіцэраў“, — кажа яна (аказваецца, „крымчанка, дачка афіцэра“ — гэта больш, чым проста мэм). — Севастопаль жыве выдатна. Мы максымальна паказваем тое, што ў нас сапраўды ўсё вельмі здорава, мы шалёна шчасьлівыя, што вярнуліся ў родную гавань».

Хочаш ня хочаш, а Аляксандр Рыгоравіч — захавальнік нашага саюза

Пра Беларусь са сцэны ня згадвалі ні разу. Не, пра нас не забылі. Проста нашая будучыня ўжо вырашаная, а старэйшыя таварышы Паўла Садоўнікава ўсе як адзін апыналіся прыхільнікамі «беларускай сыстэмы».

Калісьці ў 2007-м Павал Данілін, рэдактар сайта kreml.org, супрацоўнік Фонду эфэктыўнай палітыкі і вядомы беларускім жж-карыстальнікам як leteha, заклікаў Аляксандра Лукашэнку вызначыцца «ці Беларусь самастойная дзяржава, ці Смаленская вобласьць». Цяпер на пытаньне, ці вызначыўся Лукашэнка, Данілін адказвае «адназначна так»:

«Як і Нурсултан Абішавіч Назарбаеў. Гэта пэўнае рашэньне будзе тычыцца нашага сумеснага далейшага супольнага жыцьця. Без Аляксандра Рыгоравіча ёсьць шанец, што Беларусь ня зможа адбыцца як паўнавартасна сувэрэнная дзяржава, удзельнік Мытнага зьвязу і больш шырокага працэсу інтэграцыі. Менавіта Лукашэнка надае гэтаму працэсу ўнутры Беларусі характар міждзяржаўных падзеяў, а не характар падначаленых стасункаў старэйшага брата і малодшага брата. На мой погляд, можа нават празьмерна моцна ён настойвае на самасьці Беларусі ў гэтым пляне».

Павал Данілін

Павал Данілін

Пытаньне, ці зьяўляецца Лукашэнка адзіным гарантам незалежнасьці, Павал Віктаравіч успрымае як нагоду данесьці да беларусаў даўно анансаваную ім думку: ня бойцеся нас.

«Вы так кажаце, нібыта заўтра „наши миги сядут в Риге“. А гэта ня так, безумоўна», — пераконвае ён.

- Але ў Беларусі моцна асьцерагаюцца, што варыянт Наваросіі стане магчымым.

- Абсалютна без варыянтаў. Беларусы — гэта ня проста браты. А тыя, хто нас заўжды падтрымліваў і нам дапамагаў. Гэта браты, якія падзяляюць з намі супольныя каштоўнасьці і размаўляюць з намі на адной мове і не спрабуюць зьнішчыць расейскую мову і культуру ў сябе дома. Таму думаць пра тое, што мы хаця б у нейкай меры можам мець агрэсіўныя намеры ў дачыненьні да Беларусі — гэта ня правільна, — дакладна апісвае Данілін умовы расейскага ўварваньня.

- А як жа размовы пра тое, што Лукашэнка нажываецца на санкцыях, вязе ў Расею беларускія крэвэткі?

- Ну нажываецца, куды падзецца. Але ж для Беларусі ўсё робіць, мы ж гэта разумеем. Клаў бы сабе ў кішэню і гнаў бы ў Швэйцарыю, то непрыемна было б. А так што? Ну часткова перакрываем яго па бульбе, па сыры, па ўсім астатнім, калі барзее моцна.

- А крэдыт будзе?

- Ня ведаю, паглядзім на ягоныя паводзіны. Я ж не ў Мінфіне працую.

- А прарасейскі кандыдат на гэтых выбарах будзе?

Галоўны прарасейскі кандыдат Аляксандар Рыгоравіч. А яму супрацьстаяць фрыкі і маральныя ўродцы

- Ну няма ж ніколі. Галоўны прарасейскі кандыдат Аляксандар Рыгоравіч. А яму супрацьстаяць фрыкі і маральныя ўродцы. Ну куды падзецца. Так атрымліваецца, што Маскве даводзіцца мець справу з Аляксандрам Рыгоравічам. Хочаш ня хочаш, а Аляксандр Рыгоравіч — захавальнік нашага саюза, нашага сяброўства, якім бы ён ня быў, — адказвае Данілін.

«Калі вы ведаеце, што недзе жыве вампір, значыць, ён абавязкова будзе піць кроў»

Лад жыцьця ў Беларусі і спосаб кіраваньня Аляксандра Рыгоравіча моцна падабаецца і старшыні парлямэнту так званай Наваросіі Алегу Царову.

«Беларусь — прыклад для ўсёй постсавецкай прасторы таго, як трэба весьці гаспадарку, як трэба клапаціцца пра людзей», — кажа чалавек, якога Ўкраіна абвінавачвае ў замаху на тэрыятарыяльную цэласнасьць дзяржавы.

«Мне эканамічная мадэль у Беларусі падабаецца больш, чым тыя, што ёсьць ва Ўкраіне і ў Расеі, — прызнаецца Цароў. — Мы ўсе часткі вялікага рускага сьвету. Мы жылі разам тысячы гадоў, нас спрабавалі паставіць на калені, але ніколі гэта не атрымлівалася. Мы зараз падзеленыя, але гэта часовая зьява. Мы жывем у адзінай культурнай і эканамічнай прасторы".

Лідэр расейскага «Андымайдана» Мікалай Старыкаў на цырымоніі не ўпусьціў магчымасьці заўважыць, што напісаў 14 кніг. Ды якіх — «Хто забіў Расею?», «Як здраджвалі Расеі», «Хто прымусіў Гітлера напасьці на Сталіна». І так 14 разоў. Кніга Старыкава «Украіна: Хаос і рэвалюцыя — зброя даляра» прадаецца і ў Беларусі.

А вось ніякага «Антымайдана», па словах Старыкава, ў Беларусі няма:

«На сёньняшні дзень „Антымайдан“ ёсьць толькі ў Маскве. Ня тое, што ў Беларусі, але і ў іншых расейскіх гарадах яго няма».

«Мне здаецца, што пры сёньняшнім прэзыдэнце Беларусі спробы Майдана ня знойдуць водгуку ў насельніцтва. Беларусь — найбольш устойлівая дзяржава Эўразійскага саюза. Гэта сапраўды так, і гэта заслуга Лукашэнкі», — заяўляе адзін з куміраў Наваросіі. Аўтар 14 кніг, сюжэты якіх нібыта папярэджвалі падзеі ва Ўкраіне, адказнасьці за тое, што там цяпер адбываецца, не адчувае:

Калі вы ведаеце, што недзе жыве вампір, значыць, ён абавязкова будзе піць кроў

«Дзяржаўны пераварот ва Ўкраіне адбыўся не таму, што нехта пра гэта пісаў. Адказнасьць пісьменьніка за гэта мінімальная. Я пра пераварот і не пісаў, у мяне кніга „Хаос і рэвалюцыя: зброя даляра“, — тлумачыць Старыкаў. — Яны будуць хаатызаваць цэлыя рэгіёны. Калі вы ведаеце, што недзе жыве вампір, значыць, ён абавязкова будзе піць кроў».

Што да Беларусі, то ў нас, паводле пладавітага аўтара Мікалая Старыкава, «усё будзе добра»:

«Яна рухаецца ў правільным накірунку інтэграцыі ў Эўразійскі саюз. Спробы дэстабілізацыі будуць сканцэнтраваныя не на Беларусі», — прагназуе Старыкаў.

Мы заўжды рыхтаваліся да вайны

«Россия завтра» — адзін з новых каналаў шыхтаваньня маладых прапуцінскіх функцыянэраў, інтэлектуальнае разьвіцьцё якіх зь юнацтва бярэцца пад кантроль. У адрозьненьне ад стабільнай моладзевай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, які складае ўсе яйкі ў кошык БРСМ, крамлёўская стратэгія іншая і рэагуе на настроі грамадзтва. На зьмену «Идущим вместе» прыйшлі «Наши», якіх пасьля мітынгаў на Балотнай замяняюць «Россия завтра» і «Сеть». Пакаленьню хіпстараў можа крыху запозьнена і зь меншым густам, але прапануюць Паўла Садоўнікава.

Павал Садоўнікаў (зьлева) і Алег Цароў

Павал Садоўнікаў (зьлева) і Алег Цароў

Пра тое, чым сканачаюцца ўсе гэтыя «спробы пяра», прастадушна распавёў на цырымоніі Алег Цароў.

«Я згадаў сваё дзяцінства, мы заўжды рыхтаваліся да вайны. Мы гулялі ў вайнушку, нашы дзяўчаты былі мэдсёстрамі. Мы дзялілі мір на нашых і ня нашых. — казаў Цароў. — Так атрымалася, што мы жылі ў вайне, на вайсковых кнігах і фільмах. І так атрымалася, што вайна прыйшла ў наш дом».

Асьпірант РУДН Павал Садоўнікаў, у якога ёсьць ІТ, падцяжкі, футуралёгія і эскорт даўганогіх афіцэрскіх дачок, навучыць вас, як гуляць у вайну.

Але «Дзеці райка» не паміраюць. Для гэтага ёсьць іншыя дзеці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG