Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: Беларусь — донар стабільнасьці


Аляксандар Міхневіч

Аляксандар Міхневіч

Беларусь не зьбіраецца выбіраць паміж Усходам і Захадам, а будзе разьвіваць узаемавыгадныя адносіны з усімі, — заявіў пад час міжнароднага экспэртнага форуму «Менскі дыялёг» першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Міхневіч.

«Выбудоўваючы саюзьніцкія адносіны з Расейскай Федэрацыяй, мы ні ў якой меры ня робім гэта за кошт ушчамленьня Эўразьвязу. І наадварот, партнэрскія гандлёва-эканамічныя сувязі з ЭЗ ніяк не супярэчаць дынаміцы нашага цеснага ўзаемадзеяньня з Усходам», — заявіў ён. На думку Міхневіча, аднабаковы геапалітычны выбар — гэта наагул памылковы шлях:

«Апошнія падзеі ва Ўсходняй Эўропе наглядна паказалі, наколькі няправільнай і контрпрадуктыўнай для дзяржавы можа выявіцца сама пастаноўка пытаньня аб аднабаковым геапалітычным выбары. Такая пастаноўка пытаньня часам не пакідае месца ні нацыянальным інтарэсам, ні нават здароваму сэнсу», — падкрэсьліў першы намесьнік міністра. Міхневіч заявіў, што сёньня сьвет сутыкнуўся з новай геапалітычнай рэальнасьцю і новымі выклікамі, назіраецца беспрэцэдэнтная напружанасьць міжнародных адносінаў.

«Усё выразьней выяўляецца канфрантацыя паміж глябальнымі гульцамі і спробай вяртаньня да элемэнтаў блёкавага супрацьстаяньня», — адзначыў ён. «На фоне драматычных падзей, якія адбываюцца ў апошні час, Рэспубліка Беларусь стала, па-сутнасьці, донарам стабільнасьці ў рэгіёне, адзінай на гэты момант дзяржавай „Усходняга партнэрства“, у якой адсутнічаюць тэрытарыяльныя спрэчкі з суседзямі, няма ўнутраных канфліктаў на рэлігійнай і нацыянальнай глебе», — падкрэсьліў Міхневіч.

«Менскі дыялёг»​ — форум, арганізатарамі якога выступаюць «Лібэральны клюб» і Цэнтар Астрагорскага. Форум прысьвечаны міжнароднай палітыцы ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы. На канфэрэнцыю запрошаныя экспэрты зь Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы ды іншых краін. У форуме прымае ўдзел кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, прадстаўнікі МЗС Беларусі (плянаваўся ўдзел кіраўніка МЗС Ўладзімера Макея, але яго замяніў намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч).

Майра Мора, Яўген Прэйгерман, Аляксандар Міхневіч, Яраслаў Крывой

Майра Мора, Яўген Прэйгерман, Аляксандар Міхневіч, Яраслаў Крывой

XS
SM
MD
LG