Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар НАТО адхіліў прэтэнзіі Пуціна


Енс Столтэнбэрг

Енс Столтэнбэрг

Енс Столтэнбэрг адзначыў, што дзеяньні альянсу зьяўляюцца адказам на агрэсію Расеі.

Кіраўнік НАТО адхіліў заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, які абвінаваціў Захад у спробах падарваць яго кіраваньне і дэстабілізаваць краіну.

«Гэта чарговы прыклад той прапаганды, якую Расея вядзе па многіх напрамках», — заявіў генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» ў Вашынгтоне.

«Праўда ў тым, што дзеяньні НАТО зьяўляюцца адказам на агрэсіўныя дзеяньні з боку Расеі, якія мы бачым ва Ўкраіне, — сказаў ён. — Нашы дзеяньні маюць абарончы і сувымерны характар і цалкам адпавядаюць нашым міжнародным абавязкам».

Столтэнбэрг таксама заклікаў Расею зьнізіць напружанасьць, выканаўшы свае абавязацельствы ў адпаведнасьці зь лютаўскімі менскімі дамовамі, якія, як ён настойвае, усё яшчэ зьяўляюцца «лепшай асновай для пошуку мірнага вырашэньня канфлікту» ва Ўкраіне, нягледзячы на шматлікія парушэньні.

Генэральны сакратар НАТО таксама асудзіў Расею за правядзеньне цэлага шэрагу раптоўных вучэньняў, якія ўзмацняюць напружанасьць у Эўропе.

«Для нас важна пазьбегнуць сытуацыяў непаразуменьня, выпадковых інцыдэнтаў, якія выйдуць з-пад кантролю, — сказаў Столтэнбэрг. — А вялікая колькасьць нечаканых вучэньняў не спрыяе стабільнасьці».

Раней, у чацьвер, Пуцін выступіў на пасяджэньні калегіі ФСБ, заявіўшы пра неабходнасьць супрацьстаяць спробам Захаду аслабіць Расею.

«Сытуацыя ня можа заставацца вечна такой, якая яна ёсьць, — сказаў расейскі кіраўнік. — Яна будзе мяняцца, і, спадзяюся, у лепшы бок, у тым ліку вакол нашай краіны. Але яна будзе мяняцца ў лепшы бок не за кошт таго, што мы будзем пастаянна саступаць, прагінацца або з кімсьці сюсюкаць. Яна будзе мяняцца ў лепшы бок толькі ў тым выпадку, калі мы будзем станавіцца мацней».

Расея і Ўкраіна падпісалі Менскія пагадненьні ў лютым. Ім папярэднічалі шматмесячныя сутыкненьні ў Данбасе паміж украінскай арміяй і прарасейскімі сэпаратыстамі. Нягледзячы на гэта, ваенны чыноўнік НАТО заявіў «Голасу Амэрыкі» раней на гэтым тыдні, што расейскія войскі, уключна са спэцназам, працягваюць дзейнічаць ва Ўсходняй Украіне.

Ён таксама паведаміў, што за апошнія некалькі месяцаў Расея «перакінула больш за тысячу адзінак цяжкага ўзбраеньня прарасейскім сэпаратыстам», уключаючы танкі, бронетэхніку, ракетныя сыстэмы, ракеты «зямля-паветра» і артылерыю.

XS
SM
MD
LG