Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Каламойскі заявілі, што паміж імі няма канфлікту


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) на сустрэчы з алігархам Ігарам Каламойскім у Кіеве, 25 сакавіка 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (зьлева) на сустрэчы з алігархам Ігарам Каламойскім у Кіеве, 25 сакавіка 2015 году

Паводле слоў Каламойскага, у яго з Парашэнкам нармальныя адносіны, безь непаразуменьняў. На супольнай прэс-канфэрэнцыі экс-губэрнатар назваў цяперашняга ўкраінскага прэзыдэнта вельмі цярплівым чалавекам, адзначыўшы, што сам сябе ён звольніў бы праз тры месяцы.

Парашэнка, у сваю чаргу, назваў Каламойскага і яго каманду сапраўднымі патрыётамі, адзначыўшы ўнёсак былога днепрапятроўскага кіраўніка ў разьвіцьцё краіны ў цяжкі для Ўкраіны час.

Прэс-сакратар Парашэнкі Сьвятаслаў Цаголка прыводзіць таксама словы прэзыдэнта Ўкраіны пра тое, што прыватны бізнэс павінен кіраваць толькі ўласнымі актывамі, а дзяржава — актывамі дзяржаўнымі.

Ігар Каламойскі быў адпраўлены ў адстаўку 25 сакавіка пасьля падпісаньня Парашэнкам ухваленага Вярхоўнай Радай закона аб скарачэньні кворуму пры галасаваньні ў акцыянэрных кампаніях. Закон наўпрост закрануў інтарэсы Каламойскага ў двух дзяржаўных кампаніях — «Укрнафта» і «Укртранснафта». Кіеўскія офісы гэтых двух стратэгічных кампаніяў на мінулым тыдні блякавалі ўзброеныя людзі алігарха. Каламойскі патлумачыў гэта спробай прадухіліць «рэйдэрскі захоп».

У гутарцы з журналістамі ў Харкаве Парашэнка выключыў палітычную дэстабілізацыю пасьля звальненьня Каламойскага. Паводле яго слоў, для гэтага няма ніякіх падставаў.

У чацьвер Пятро Парашэнка прадставіў новага кіраўніка Днепрапятроўскай вобласьці — Валянціна Рэзьнічэнку, які кіраваў да гэтага адміністрацыяй Запароскай вобласьці.

XS
SM
MD
LG