Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра пілёта A320 Андрэаса Любіца


Андрэас Любіц

Андрэас Любіц

У авіякампаніях Germanwings і Lufthansa глыбока шакаваныя заявай францускіх уладаў аб тым, што другі пілёт A320, які разьбіўся ў Альпах, хацеў зьнішчыць самалёт, заявіў на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Lufthansa Карстэн Шпор.

«Я і ўявіць сабе ня мог, што сытуацыя стане яшчэ горшай», — сказаў Шпор.

«Незалежна ад таго, якія ў вас меры бясьпекі, незалежна ад таго, як высока вы ставіце плянку, а ў нас неверагодна высокія стандарты, немагчыма цалкам выключыць такое здарэньне», — цытуе ВВС словы Шпора.

Паводле Шпора, пілёт Андрэас Любіц прайшоў усе неабходныя праверкі і ня меў ніякіх абмежаваньняў на працу. Аб матывах пілёта нічога не вядома.

«Мы адбіраем нашых супрацоўнікаў вельмі-вельмі старанна. У нашых самых страшных снах мы не маглі сабе ўявіць, што такая трагедыя адбудзецца ў нашай кампаніі», — дадаў кіраўнік Lufthansa, кампаніі, якой належыць лоўкостэр Germanwings.

Старшыня аэраклюбу, сябрам якога быў Любіц, заявіў агенцтву Асашыэйтэд прэс, што ня згодны з ацэнкай францускіх пракурораў: «Я не разумею, як нехта можа зрабіць такія высновы да завяршэньня расьсьледаваньня».

Тым часам канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель выступіла з заявай, у якой паабяцала ўсяляк спрыяць расьсьледаваньню абставінаў трагедыі.

Высновы францускай пракуратуры, паводле Мэркель, глыбока ўзрушылі яе: «Тое, што адбылося, проста не паддаецца разуменьню».

Што вядома пра Андрэаса Любіца

Яму было 28 гадоў. Пачаў навучаньне лётнай справе ў 2008 годзе, вучыўся ў Брэмэне і штаце Арызона, ЗША

З 2013 года працаваў другім пілётам. Па словах калегаў, сваёй працай быў задаволены

Жыў у горадзе Монтабаўр непадалёк ад Франкфурту — як кажуць, разам з бацькамі

Меў шмат сяброў і вёў актыўны лад жыцьця

Мяркуючы па профілі ў «Фэйсбуку», захапляўся бегам і цікавіўся поп-музыкай

«Наўмысна зьнішчыў самалёт»

Раней у чацьвер пракурор Марсэля Брыс Робэн паведаміў, што другі пілёт пацярпелага крушэньне ў францускіх Альпах аэробусу А320 хацеў зьнішчыць самалёт.

Самалёт авіякампаніі Germanwings, які ляцеў з Барсэлёны ў Дзюсэльдорф, разьбіўся 24 сакавіку пасьля рэзкага зьніжэньня, якое доўжылася каля васьмі хвілінаў. На борце ляйнэру знаходзіліся 150 чалавек, у асноўным грамадзяне Нямеччыны і Гішпаніі. Усе яны загінулі.

XS
SM
MD
LG