Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца прэзыдэнта РФ: У Іркуцкай вобласьці забаранілі «Калабка»


У Іркуцкай вобласьці забаранілі для чытаньня дзецям і канфіскавалі зь бібліятэк «Карлсана», «Цалёвачку», «Калабка» і шэраг іншых кніг з-за шкоднай інфармацыі, якая ў іх зьмяшчаецца, паведаміў дарадца прэзыдэнта РФ Уладзімір Талстой.

«Мне даслалі з Іркуцкай вобласьці Качугскага раёну распараджэньне раённага аддзелу народнай адукацыі сьпіс шкодных літаратурных твораў, забароненых для распаўсюду сярод дзяцей згодна з законам аб абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю», — сказаў Талстой ў Дзярждуме на пасяджэньні «круглага стала» на тэму ролі літаратуры ў патрыятычным выхаваньні.

Ён зачытаў назвы некаторых твораў са сьпісу з тлумачэньнямі, чаму яны шкодныя. Так, у кнізе «Карлсан, які жыве на даху», адмаўляюцца сямейныя каштоўнасьці і фармуецца непавага да бацькоў, а «Прыгоды Тома Соера і Гекльберы Фіна» здольныя выклікаць у дзяцей жаданьне бадзяжнічаць. «Казка пра залатога пеўніка» небясьпечная з-за сцэны забойства Дадона пеўнікам.

«Гэта ня гумар, гэта канфіскаваныя кнігі зь бібліятэк», — падкрэсьліў Талстой.

Паводле Талстога, у сьпіс літаратуры, забароненай да чытаньня дзецям да шасьці гадоў, увайшлі «Іван Царэвіч і Шэры воўк» — з-за сцэн крадзяжу каня і Алены-прыгажуні, а таксама «Калабок» — з-за фізычнага гвалту над калабком. Акрамя таго, з-за сцэны нападу на церамок Лісы, Ваўка і Мядзьведзя ў няміласьць трапіў «Церамок».

«Гэта не анэкдот, гэта настаўніца рускай мовы і літаратуры даслала мне цяпер», — вымушаны быў падкрэсьліваць дарадца, бачачы рэакцыю ўдзельнікаў пасяджэньня.

Дзецям да 12 гадоў забаранілі чытаць кнігу «Воўк і сямёра казьлянят» з-за апісаньня сьмерці Ваўка, а таксама «Гусі-лебедзі» з-за апісаньня выкраданьня дзяцей гусямі. У няласку раённага аддзелу народнай адукацыі трапіла і «Цалёвачка» — «з-за гвалтоўнага затрыманьня Цалёвачкі мышом і прымусе да ўступленьня ў шлюб».

«Гэта афіцыйны дакумэнт! Паверце, нічога вясёлага тут няма, на месцах так разумеюць практыку закону. Усе, на чым вырасталі мы і нашы дзеці, нашым унукам ужо забаронена», — сказаў Талстой.

Улады Іркуцкай вобласьці абвяргаюць факт канфіскацыі зь бібліятэк аддаленага Качугского раёну вядомых дзіцячых твораў, пра які казаў дарадца прэзыдэнта РФ.

«У раённым аддзеле народнай адукацыі мне асабіста абверглі наяўнасьць якога-небудзь распараджэньня са сьпісам забароненых для дзяцей кніг, тым больш такіх клясычных, знаёмых ўсім зь дзяцінства. Абверглі там таксама любыя факты канфіскацыі дзіцячай літаратуры зь бібліятэк», — заявіў агенцтву «Інтэрфакс» намесьнік міністра адукацыі Іркуцкай вобласьці Максім Парфёнаў.

Паводле яго, калі ў міністэрства паступіць распараджэньне РАНА, на якое спасылаўся Уладзімір Талстой, то будзе праведзенае службовае расьследаваньне.

«Мы праверылі гэтую інфармацыю, як толькі яна зьявілася ў публічнай прасторы, і яна не пацьвердзілася. Трэба высьветліць, як яна паступіла на фэдэральны ўзровень», — сказаў Парфёнаў.

Закон аб абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі

Фэдэральны закон «Аб абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду іх здароўю і разьвіцьцю» быў прыняты Дзярждумай Расеі ў 2010 годзе, а ў сілу ўступіў з 1 верасьня 2012 году.

У дакумэнце, у прыватнасьці, гаворыцца, што да забароненай для распаўсюджваньня сярод дзяцей інфармацыі адносяцца зьвесткі, якія падахвочваюць да самагубства, ужываньня наркотыкаў і гвалту. Таксама забаронена для распаўсюджваньня сярод дзяцей парнаграфію, нецэнзурная лаянка і інфармацыя, якая адпрэчвае сямейныя каштоўнасьці і фармуе непавагу да бацькоў.

У тэксьце закону ёсьць патрабаваньне клясыфікаваць прадукцыю, прызначаную для дзяцей, у тым ліку празь яе узроставую маркіроўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG