Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія браневікі «Humvee» прыбылі ва Ўкраіну


Украінскі вайсковец здымае прэзыдэнта Пятра Парашэнку, які сядзіць у браняваным аўтамабілі. Падчас цырымоніі сустрэчы першага амэрыканскага самалёта зь нелетальнай дапамогай. Кіеў, 25 сакавіка 2015
Украінскі вайсковец здымае прэзыдэнта Пятра Парашэнку, які сядзіць у браняваным аўтамабілі. Падчас цырымоніі сустрэчы першага амэрыканскага самалёта зь нелетальнай дапамогай. Кіеў, 25 сакавіка 2015

Ва Ўкраіну прыбылі першыя браняваныя аўтамабілі, якія ў якасьці дапамогі перадалі Злучаныя Штаты.

У кіеўскім аэрапорце тэхніку сустракаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Ён прызнаў, што ўкраінскай арміі вельмі неабходная сучасная зброя і тэхніка. Ўзбройвацца падахвочваюць дзеяньні агрэсара, Расейскай Фэдэрацыі, якая не выконвае дамоўленасьці па палітычным урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Самалётам ваенна-паветраных сілаў ЗША ва Ўкраіну даставілі першыя дзесяць аўтамабіляў Humvee. Шматтонныя машыны з узмоцненай бранёй пасьля ўстаноўкі ўзбраеньня паступяць на ўсход краіны — у дэсантныя часткі і спэцпадразьдзяленьні СБУ, паведамляе Голас Амэрыкі.

Дэсантнік Дзяніс Кохан на такім браневіку езьдзіць ужо цягам двух гадоў і пасьпеў ацаніць перавагі тэхнікі. Ён адзначае, што ўкраінскія аналягі «Кугуар» і «Спартан» — новыя распрацоўкі, таму маюць патрэбу ва ўдасканаленьні. Амэрыканскія браневікі ўжо правераныя часам, у тым ліку і ў баявых дзеяньнях у Іраку і Аўганістане.

«Па праходнасьці ён лепшы за нашу тэхніку, браня моцная — добра вытрымлівае кулі і аскепкі. І мала ў нас такіх машын».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка не хаваў, што ўкраінская армія вельмі мае патрэбу ў сучаснай тэхніцы. На ўсходзе ўжо выкарыстоўваюцца прадстаўленыя ЗША сродкі лічбавай абароннай сувязі, радары контрабатарэйнай барацьбы, прыборы начнога бачаньня, рабатызаваныя сыстэмы разьмінаваньня, а таксама мэдычнае абсталяваньне.

«Мы цьвёрда трымаем курс на палітыка-дыпляматычнае ўрэгуляваньне міждзяржаўнага канфлікту на Данбасе. Але праціўнік сталымі парушэньнямі рэжыму спыненьня агню падахвочвае нас да актывізацыі нашых намаганьняў па ўмацаваньні абароназдольнасьці. Айчынны ВПК практычна з колаў у тры зьмены працуе над забесьпячэньнем узброеных сілаў Украіны. Аднак нашы рэсурсы застаюцца пакуль абмежаванымі. Таму ваенна-тэхнічная дапамога, якую аказваюць Украіне Злучаныя Штаты Амэрыкі, іншыя краіны, зьяўляецца своечасовай і вельмі неабходнай», — заявіў Пятро Парашэнка.

Астатнія з 230 браневікоў ды іншую тэхніку амэрыканскія ваенныя даставяць ва Ўкраіну цягам 45 дзён.

«Голас Амэрыкі» цытуе вайскоўца ЗША Джона Хардзі:

«Для мяне вялікі гонар даставіць гэтую тэхніку. Спадзяюся, яна ўзмоцніць украінскую армію, і гэтая дапамога будзе спрыяць разьвіцьцю партнэрскіх адносінаў паміж Украінай і ЗША».

Аглядальнікі адзначаюць, што пакуль уся тэхніка, якую амэрыканцы далі Ўкраіне, прызначаная толькі для абароны. Адміністрацыя Абамы ўстрымліваецца прадстаўляць высокадакладную сьмяротную зброю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG