Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўсклалі кветкі да магілаў прэзыдэнтаў Рады БНР ФОТА, ВІДЭА


Сёньня ў Празе актывісты беларускай дыяспары прыйшлі на Альшанскія могілкі, каб ушанаваць памяць прэзыдэнтаў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Удзельнікі акцыі ўсклалі вянкі і кветкі на магілы прэзыдэнтаў Рады БНР Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі, запалілі сьвечкі.

Намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык сказаў, што заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі «жылі надзеяй — і перадалі гэтую надзею новым пакаленьням, тым, хто дамогся незалежнасьці Беларусі і хто сёньня змагаецца з аўтарытарным рэжымам на Бацькаўшчыне. Гэтая надзея, якую пранесьлі яны праз ўсё сваё жыцьцё, і якая дапаможа цяперашнім пакаленьням зрабіць Беларусь дэмакратычнай і вольнай».

Алесь Лукашук распавёў пра пляны ўпарадкаваньня могілкаў прэзыдэнтаў БНР, якія даглядае беларуская грамада ў Празе.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка сказаў, што чытаючы дакумэнты і публікацыі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі, ён уражаны, наколькі дакладна аргумэнты непрыяцеляў БНР паўтараюцца сёньня тымі, каму недаспадобы беларуская незалежнасьць. Вячорка адзначыў, што абвяшчэньне БНР дазволіла легітымізаваць ідэю дзяржаўнасьці Беларусі і ў выпадку самай катастрафічнай для краіны сытуацыі (якую нельга дапусьціць) адрадзіць Незалежнасьць.

Таксама праскія беларусы і госьці зь Менску паклалі кветкі да магілы сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Аляўціна Вячорка прыгадала прыезд сьпявака ў Берасьце і ягоны канцэрт. А Ян Максімюк распавёў, як успрымалі творчасьць Забэйды-Суміцкага ў Беластоку.

XS
SM
MD
LG