Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Украіны часоў Януковіча атрымаў пасаду дарадцы пры расейскай Дзярждуме


Былы міністар унутраных спраў Украіны Віталь Захарчанка, якога падазраюць у дачыненьні да расстрэлаў дэманстрантаў на Майдане, уключаны ў склад экспэртнай рады камітэту Дзярждумы РФ па ўласнасьці, дзе будзе курыраваць пытаньні абароны маёмасных інтарэсаў расейскіх інвэстараў за мяжой.

Пра гэта пішуць «Известия» са спасылкай на кіраўніка камітэту Сяргея Гаўрылава.


Паводле яго, былы ўкраінскі чыноўнік будзе аказваць экспэртную дапамогу пры распрацоўцы законаў, накіраваных на абарону расейскіх інвэстыцый, і садзейнічаць вяртаньню незаконна выведзеных з Расеі капіталаў.


«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сваім пасланьні адзначыў неабходнасьць узмацненьня прававой абароны расейскіх капіталаўкладаньняў і ўласнасьці за мяжой, — заявіў „Известиям“ Сяргей Гаўрылаў. — У рамках дзейнасьці экспэртнай рады камітэту працу над адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі прапанавана даручыць Віталю Захарчанку, які ў цяперашні час вядзе актыўную дзейнасьць у дзяржкарпарацыі „Ростех“».


У студзені экс-міністар прэзэнтаваў у Севастопалі дабрачынны фонд «Паўднёвы Ўсход». Сам ён заняў у ім пасаду прэзыдэнта. Паводле яго, фонд будзе займацца дапамогай былым праваахоўнікам, якія пацярпелі падчас Эўрамайдану ў Кіеве. Тады ж Захарчанка паведаміў, што ня мае ў Расеі палітычных амбіцый і мае намер сканцэнтравацца на дабрачыннасьці.


Віталь Захарчанка ўзначальваў МУС Украіны з 2011 па 2014 год. Пасьля рэвалюцыі ён зьбег у Расею і там атрымаў расейскае грамадзянства. Ва Ўкраіне Захарчанка абвешчаны ў вышук у якасьці падазраванага ў расстрэлах дэманстрантаў на Майдане.

XS
SM
MD
LG