Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У артыкуле для The New York Times акторка, кінарэжысёрка і амбасадарка ААН Анджэліна Джалі-Піт распавядае аб прэвэнтыўнай апэрацыі, якую яна зрабіла на мінулым тыдні, каб зьнізіць верагоднасьць анкалягічных захворваньняў: ёй выдалілі яечнікі і фалопіевы трубы.

«Гэтая апэрацыя не гэтак складаная, як мастэктамия, але ў яе больш сур’ёзныя наступствы. З-за яе ў жанчыны заўчасна пачынаецца менапаўза, — піша зорка. — Так што я рыхтавалася фізычна і эмацыйна, абмяркоўвала зь лекарамі варыянты, даведвалася пра мэтады альтэрнатыўнай мэдыцыны і складала сваю гарманальную карту для замяшчальнай тэрапіі эстрагенамі і прагестэронам. Пры гэтым у мяне было адчуваньне, што ў маім распараджэньні яшчэ некалькі месяцаў, каб прызначыць дату».

Аднак два тыдні таму прыйшлі вынікі чарговых аналізаў, якія насьцярожылі лекара Джалі-Піт, і ён рэкамэндаваў ёй неадкладна прайсьці абследаваньне ў хірурга:

«Я прайшла праз тое ж самае, што, як я разумею, адчулі на сабе тысячы іншых жанчын. Я сказала сабе, што трэба захоўваць спакой, быць моцнай, і што ў мяне няма падстаў думаць, што я не ўбачу, як вырастуць мае дзеці, не ўбачу сваіх унукаў. Я патэлефанавала мужу ў Францыю, праз некалькі гадзін ён быў у самалёце. Такія моманты выдатныя тым, што ўсё становіцца гранічна ясна. Ты ведаеш, навошта жывеш і што важна. Гэта дае табе арыенцір і ўлагоджвае».

«У той жа дзень я пайшла на прыём да хірурга, — працягвае Джалі-Піт. — УГД не выявіла нічога трывожнага. Мяне супакойвала адно: калі гэта рак, то, хутчэй за ўсё, на раньняй стадыі. Калі ён дзесьці ў іншым месцы майго арганізма, то я даведаюся аб гэтым на працягу пяці дзён. Гэтыя пяць дзён я правяла як у тумане — схадзіла на футбольны матч, у якім удзельнічалі мае дзеці, і працавала, каб захаваць спакой і засяроджанасьць ».

Вынікі новых аналізаў таксама былі спрыяльнымі...

«Я зрабіла гэта ня толькі таму, што зьяўляюся носьбітам мутантавага гена BRCA1, і хачу, каб іншыя жанчыны мяне пачулі. Пазытыўны тэст на BRCA не азначае, што абавязкова патрэбна апэрацыя. Я гаварыла з мноствам лекараў. Ёсьць і іншыя магчымасьці . Некаторыя жанчыны п’юць кантрацэптывы або спадзяюцца на альтэрнатыўную мэдыцыну ў спалучэньні з частымі праверкамі. Любую праблему са здароўем можна вырашаць рознымі спосабамі. Галоўнае даведацца, якія ёсьць опцыі, і выбраць тое, што падыходзіць менавіта вам », - працягвае Джалі-Піт.

У яе выпадку, акрамя небясьпечнай мутацыі ў генах, была і іншая акалічнасьць, якая вызначыла выбар на карысьць апэрацыі: у яе сям’і ад раку ўжо памерлі тры жанчыны, уключаючы маму і бабулю Джалі-Піт.

«На мінулым тыдні я прайшла праз гэтую працэдуру — двухбаковую лапараскапічную сальпінгааварыэктамію. На адным з яечнікаў была невялікая дабраякасная пухліна, але ніякіх прыкметаў рака ў тканінах не знайшлі... Матку я вырашыла пакінуць, таму што выпадкаў рака ў гэтай частцы арганізма ў гісторыі маёй сям’і не было », - паведамляе аўтарка.

«Ліквідаваць ўсе рызыкі немагчыма, і факт застаецца фактам: у мяне па-ранейшаму захоўваецца схільнасьць да раку. Я буду шукаць натуральныя спосабы ўмацаваньня маёй імуннай сыстэмы. Я адчуваю сябе жанчынай, і я ўпэўненая ў выбары, які я раблю ў сваіх інтарэсах і ў інтарэсах маёй сям’і. Я ведаю, што маім дзецям ніколі не давядзецца вымавіць фразу: „Мама памерла ад раку яечнікаў“. Нягледзячы на гарманальную замяшчальную тэрапію, у мяне менапаўза. Мець дзяцей я больш не змагу і мяркую, што адбудуцца некаторыя фізычныя зьмены. Але што б ні здарылася, я спакойная — не таму, што я моцная, а таму, што гэта частка жыцьця. Тут няма чаго баяцца».

«Прымаць такія рашэньні ня проста. Але ўзяць сытуацыю ў свае рукі і з адкрытым забралам сустрэць любыя праблемы са здароўем — можна. Можна пракансультавацца, даведацца, якія ёсьць варыянты, і прыняць рашэньне, якое вам падыдзе. Веды — сіла», — падсумоўвае Джалі-Піт.​

XS
SM
MD
LG