Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску — дзьве выставы ў гонар 97-угодкаў БНР


У сядзібе партыі БНФ у Менску адкрылася мастацкая выстава, прысьвечаная Дню Волі — 97-угодкам абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі. Яе арганізатарам стаў вядомы беларускі мастак, сябра творчай суполкі «Пагоня» Мікола Купава.

Экспазыцыю выставы складаюць два дзесяткі работ вядомых аўтараў — Аляксея Марачкіна, Міколы Рыжага, Міколы Купавы ды іншых. Сярод экспанатаў — партрэты заснавальнікаў і дзеячаў БНР, выявы слынных ваяроў, паўстанцаў і асьветнікаў, пачынаючы ад часоў Вялікага княства літоўскага.

Як падкрэсьліў Мікола Купава, галоўны экспанат на выставе — мэмарыяльная дошка, прысьвечаная абвяшчэньню БНР 25 сакавіка 1918 году, якую выканаў скульптар Алесь Шатэрнік. Гэтая мэмарыяльная шыльда захоўваецца ў сядзібе Партыі БНФ, паколькі ўсе намаганьні грамадзкасьці яе ўсталяваць, засталіся марнымі.

«Гэтая мэмарыяльная шыльда зойме належнае ёй месца, яна будзе вісець на тым гістарычным будынку, які захаваўся на вуліцы Валадарскага, 9. Яна будзе ўпрыгожваць горад і зьбіраць натоўпы людзей, якія захочуць адчуць і зьведаць падзею, якая адбылася 25 сакавіка 1918 году. А адкрыцьцё, я думаю, адбудзецца на 100-угодкі БНР», падкрэсьліў Мікола Купава.

Адкрываючы выставу мастак адзначыў:

«Гэтай выставай мы распачынаем падрыхтоўку да сьвяткаваньня 100-юбілею БНР, якое будзем адзначаць праз тры гады. Таму гэтым разам гэта камэрная выстава, а 100-годзьдзе адсьвяткуем шырокім колам удзельнікаў-мастакоў у Палацы мастацва на іншай, буйнейшай пляцоўцы».

Як паведаміў Мікола Купава, мастакі суполкі «Пагоня» таксама прынялі ўдзел у складаньні экспазыцыі яшчэ адной выставы, якая таксама разьмясьцілася ў сядзібе партыі БНФ. Яна атрымала назву «Гісторыя беларускай дзяржавы ў паштовых марках». Значная колькасьць экспанатаў гэтай выставы прысьвечаныя абвяшчэньню БНР 25 сакавіка 1918 года, а таксама новаму гучаньню гэтай гістарычнай падзеі на пераломе 80-90-гадоў мінулага стагодзьдзя. Сярод экспанатаў выставы — паштоўкі, канвэрты, маркі, прысьвечаныя БНР, маркі з выявамі герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцягу, а таксама сэрыі марак, прысьвечаныя выбітным асобам і падзеям розных пэрыядаў гісторыі Беларусі.

XS
SM
MD
LG