Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: Незалежнасьць Беларусі зноў пад пагрозай і ня здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага сьвету


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да суродзічаў з нагоды Дня Волі.

Дарагія суродзічы — беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з нашым вялікім сьвятам — Днём Волі — угодкамі таго слаўнага 25-га сакавіка 1918 году, калі беларускі народ абвясьціў сьвету, што ён «скідае апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці» і што «ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка — незалежная, вольная дзяржава».

Дзякуючы адвазе і рашучасьці нашых продкаў, мы ўвайшлі не як расейская губэрня ў склад Савецкага Саюзу, а — прынамсі на паперы — як асобная рэспубліка, а ў 1991-м годзе мы дамагліся Незалежнасьці, і Рэспубліка Беларусь як дзяржава заняла сваё адметнае месца на паверхні Зямлі.

Народу нашаму прышлося перажыць шмат бедаў, і мы яшчэ іх далёка не пераадолелі. Але Беларусь жыве! Беларусь ёсьць часткай сям’і незалежных народаў.

На жаль, імпэрскі цмок, на якога шмат нашых людзей перасталі зьвяртаць увагу пад уплывам штодзённага прамываньня мазгоў маскоўскай і прамаскоўскай прапагандай, зноў разбудзіўся. Незалежнасьць Беларусі зноў апынулася пад пагрозай і ў сёньняшніх умовах мы ня здолеем яе абараніць без дапамогі цывілізаванага сьвету.

Дарагія суродзічы, любоў да свайго краю, салідарнасьць між намі і нашыя паводзіны ёсьць адзінай зброяй, якой мы валодаем, каб захаваць незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Толькі калі цывілізаваны сьвет зразумее, што мы ёсьць стары эўрапейскі народ, які нічым ня розьніцца ад іншых эўрапейскіх народаў, і што мы таксама заслугоўваем на эўрапейскія ўмовы жыцьця ў сваёй уласнай вольнай дзяржаве, ён зьверне ўвагу на нашую нядолю.

Але дзеля гэтага трэба, каб іншыя народы бачылі, што мы заслугоўваем на іхні давер і іхнюю павагу. Вольны сьвет не паможа маскоўскім паплечнікам ці саюзьнікам. Нават калі мы ўважаем, што дапамога, якую аказаў Захад Украіне, была недастатковай, каб абараніць яе тэрытарыяльную цэласнасьць, — бяз салідарнасьці Захаду палова Ўкраіны была б у руках маскоўскага агрэсара. Бяз гэтае салідарнасьці не дамо рады і мы.

Караткевіч казаў: «І адзін можа!» Дык заклікаю сёньня кожнага з вас, мае дарагія суродзічы, — зрабіце сваёй мэтай спрычыніцца да волі зямлі вашых продкаў і да лепшай долі вашых унукаў і праўнукаў. Каб усе мы маглі разам марыць пра тую Беларусь, пра якую марыў і беларускі народ, калі прыняў Акт 25 сакавіка 1918 году.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР.

Сакавік 2015 г.

XS
SM
MD
LG