Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катастрофа А-320 у Правансе


Пашуковая апэрацыя ў францускіх Альпах.

Пашуковая апэрацыя ў францускіх Альпах.

У самалёце авіякампаніі Germanwings, які разбіўся 24 сакавіка ў францускіх Альпах, загінулі каля 150 чалавек, у асноўным немцы і гішпанцы.

На поўдні Францыі ў дэпартамэнце Альпы Верхняга Праванса ў гарыстай мясцовасьці раніцай 24 сакавіка разьбіўся самалёт Airbus А-320 нямецкай авіякампаніі Germanwings. Паводле непацьверджанай інфармацыі, загінулі ўсе людзі, якія знаходзіліся на борце — 144 пасажыры і 6 членаў экіпажа. Сярод пасажыраў былі, у асноўным, грамадзяне Нямеччыны, Гішпаніі і, магчыма, Турцыі.

У французскіх Альпах на месцы крушэньня самалёту Airbus A320 знойдзеная адна з чорных скрыняў. Пасажыраў, якія маглі выжыць, ратавальнікі не знайшлі. Высьветлілася, што самалёт не падаваў ніякіх сыгналаў бедзтва да падзеньня.

Як заявіў кіраўнік кампаніі Germanwings Томас Вінкельман, прынятае рашэньне пакуль не публікаваць сьпіс пасажыраў, каб засьцерагчы ад недарэчнай публічнасьці іх родных. На борце самалёта знаходзіліся 16 нямецкіх школьнікаў і чатыры выкладчыкі, якія прыяжджалі ў Льінарс-дэль-Вальес (правінцыя Барсэлёна) па абмену. Бацькі гэтых вучняў сабраліся ў школу пасьля таго, як нікому зь іх не ўдалося зьвязацца зь дзецьмі па мабільных тэлефонах. Заняткі ў школе часова адменены.

Прычыны катастрофы нямецкага самалёта, відавочна, не высьвятляцца яшчэ доўгі час. Airbus A-320, які ляцеў з Барсэлёны ў Дзюсэльдорф, упаў у гарах, у цяжкадаступнай засьнежанай мясцовасьці, паміж гарадамі Барсэланэт і Дзінь-ле-Бэн, у Правансе. Месцазнаходжаньне абломкаў ўжо ўстаноўлена — па словах пілётаў верталётаў з пошукава-выратавальных брыгадаў, яны раскіданыя на вышыні каля 2 кілямэтраў і ў радыюсе таксама двух кілямэтраў па горных схілах. Гэта пацьвердзіў і выканаўчы дырэктар авіякампаніі Germanwings Олівэр Вагнер:

— З глыбокім жалем паведамляю, што сёньня ў 11 гадзін 20 хвілін у дэпартамэнце Альпы Верхняга Праванса на поўдні Францыі самалёт Germanwings, які рухаўся рэйсам 4U9525 з Барсэлоны ў Дзюсельдорф, разьбіўся ў авіякатастрофе. Гэта быў Airbus A-320. Па нашай інфармацыі, на борце знаходзіліся 144 пасажыры і 6 членаў экіпажа. Мы выказваем глыбокія спачуваньні ўсім сябрам і сваякам загінулых. Кампанія Germanwings зробіць усё магчымае, каб, без якіх-небудзь бюракратычных затрымак, аказаць дапамогу ўсім, каго закранула гэтая трагедыя, і па магчымасьці палегчыць цяжар, які выпала на іх долю. Да гэтага часу нам невядомыя якія-небудзь абставіны здарэньня. Я запэўніваю вас у тым, што мы зробім усё магчымае, каб цалкам растлумачыць усё, што адбылося. Мы вельмі расчараваныя тым, што адбылося.

Самалёт Airbus А-320 нямецкай авіякампаніі Germanwings

Самалёт Airbus А-320 нямецкай авіякампаніі Germanwings

Самалёт вылецеў з барсэлёнскага аэрапорта «Эль-Прата» ў 10 гадзін раніцы і павінен быў зрабіць пасадку ў пункце прызначэньня ў 11:55 па мясцовым часе. Паводле інфармацыі міністэрства транспарту Францыі, незадоўга да катастрофы пілёты ляйнэра паведамілі пра нейкія непаладкі, але, насуперак ранейшым паведамленьнях, сыгналу бедзтва не падавалі. Потым самалёт пачаў хутка губляць вышыню, з 11 кілямэтраў да 2-х (на якой і адбылося сутыкненьне з зямлёй), аднак, мабыць, гэта было не падзеньне, а менавіта рэзкае зьніжэньне, хуткасьць была высокай, але не катастрафічнай. У гэты момант сувязь з Airbus была страчана. Па дадзеных францускай мэтэаралягічнай службы, у момант катастрофы ўмовы надвор’я ў вызначаным раёне былі вельмі спрыяльнымі — ні ападкаў, ні воблачнасьці, ні ветру. Дажджы і навальніцы былі толькі над Міжземным морам.

У момант весткі аб катастрофе кароль Гішпаніі Філіп VI і яго жонка каралева Лецісія знаходзіліся з візытам у Парыжы і гутарылі з прэзыдэнтам Франсуа Аляндам, таму практычна адразу яны і Алянд выступілі на сумеснай экстраннай прэс-канфэрэнцыі. Кіраўнік францускай дзяржавы выглядаў прыгнечаным і разгубленым:

— Відавочна, што большасьць ахвяраў — грамадзяне Нямеччыны. Я таксама знаходжуся ў кантакце з каралём Гішпаніі... Гэта трагедыя, сапраўдная новая паветраная трагедыя! Мы абавязкова расьсьледуем ўсе абставіны, якія прывялі да катастрофы. Безумоўна, мы акажам усю неабходную дапамогу адпаведным службам Нямеччыны і Гішпаніі. Таксама мы акажам дапамогу і падтрымку ўсім сем’ям загінулых. На ўсіх нас абрынуўся смутак, бо гэтая трагедыя здарылася на нашай зямлі. Нам яшчэ трэба будзе даведацца ўсе абставіны і наступствы гэтай катастрофы, якая, да таго ж, адбылася ў вельмі цяжкадаступным раёне... Бліжэйшым часам мы даведаемся нашмат больш, а пакуль нашым агульным пачуцьцём павінна заставацца салідарнасьць.

Цяперашняя авіякатастрофа — найбуйнейшая на тэрыторыі Францыі са сьнежня 1981 году, калі 180 чалавек загінулі ў выніку крушэньня самалёта MD-81 югаслаўскай кампаніі Inex-Adria Aviapromet на вяршыні гары Сан-П’етра, на Корсыцы.

Кароль Гішпаніі Філіп VI у Парыжы, ужо ведаючы, што ў самалёце знаходзілася каля 45 грамадзян яго краіны, гаварыў прыкладна тое ж самае:

— Мы ведаем, што ахвяраў вельмі шмат, і лічым, што тых, хто выжыў няма. Сярод загінулых — вялікая колькасьць гішпанцаў, немцаў і, я думаю, таксама турак. Перш за ўсё, мы — каралева, прэзыдэнт Алянд і я — хочам выказаць нашы самыя глыбокія спачуваньні ўсім, хто страціў сваіх блізкіх. Таксама, разам з уладамі Нямеччыны і Турцыі, мы хацелі б ушанаваць памяць усіх загінулых сёньня.
Germanwings — вядомы эўрапейскі бюджэтны авіяперавозчык, афіляваны з флягманам нямецкага паветранага транспарту, авіякампаніяй Lufthansa, і які, па сутнасьці, цяпер які зьяўляецца яе «дачкой» — быў заснаваны ў 1997 годзе. Цяперашняя катастрофа — першая ў гісторыі гэтага лоўкостэра. Самалёту, які разьбіўся, было больш за 24 гады, аднак у грамадзянскай авіяцыі такі ўзрост для тэхнікі ня лічыцца вельмі вялікім.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой пазьней таксама заявілі, што «шакаваныя» тым, што адбылося:

— Катастрофа нямецкага самалёта, на борце якога знаходзілася больш за 140 чалавек — гэта шок, які прывёў Нямеччыну, Францыю і Гішпанію ў жалобу. Міністры замежных спраў і транспарту Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і Аляксандар Добрындт накіраваліся ў раён падзеньня самалёта. Я палячу туды заўтра, каб выказаць сваё ўласнае меркаваньне і пагутарыць зь мясцовымі ўладамі.

— Я мяняю свой працоўны графік і вяртаюся ў Мадрыд, каб даручыць віцэ-прэм’еру арганізаваць працу спэцыяльнага крызіснага камітэту. Міністар грамадзкіх праектаў і транспарту вылецеў у Марсэль, каб у самы бліжэйшы час трапіць на месца катастрофы. Усё, што я магу зараз сказаць — я, як і ўсе, глыбока смуткую з-за гэтай сумнай, па-сапраўднаму трагічнай падзеі. Мы зробім усё, што ў нашых сілах, каб сваякі загінулых атрымалі ўсю неабходную дапамогу і ўвагу.

Пашуковая апэрацыя

Пашуковая апэрацыя

У сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце зьявілася мноства вэрсій здарэньня, аднак пакуль ніводная зь іх не падмацоўваецца цьвёрдымі фактамі. У сувязі з гібельлю рэйса 4U9525 авіякампаніі Germanwings прафсаюз авіядыспэтчараў Францыі адмяніў трохдзённы масавы страйк, які павінен быў пачацца 25 сакавіка.

Прадстаўнік Белага домe пасьля нарады Нацыянальнай Рады бясьпекі ЗША заявіў, што пакуль няма прыкметаў таго, што катастрофа можа быць як-небудзь зьвязаная з тэрарызмам.

У сьвеце лётаюць тысячы самалётаў мадэлі Airbus A320, і за ўвесь час іх выкарыстаньня з 1988 года зарэгістравана толькі 11 катастрофаў. Самая нядаўняя здарылася ў сьнежні 2014 году, калі ў Яванскае мора зваліўся "Аэробус" кампаніі AirAsia, тады загінулі 162 чалавекі.

XS
SM
MD
LG