Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя СМІ: «Кібарг» апавёў пра катаваньні ў Данецку, а расейскі дэпутат параўнаў Russia Today з «Ісламскай дзяржавай»


Паводле вайскоўца, апошняя бітва за аэрапорт працягвалася «ўвесь дзень і ўсю ноч», пакуль не пачуўся вялікі выбух і тэрміналу аэрапорта «ня стала».

Гісторыю данецкага «кібарга», старшыны Анатоля Сьвірыда распавядае журналіст «Бі-Бі-Сі». А расейскі ваенны экспэрт піша ў Moscow Times, што ня варта баяцца расейскіх ваенных вучэньняў. Апазыцыйны расейскі дэпутат Ільля Панамароў заявіў, што тэлеканал RT (былы Russia Today) варта зарэгістраваць як групу лябістаў, — паведамляе BuzzFeed.

Гісторыю данецкага «кібарга», старшыны Анатоля Сьвірыда і яго жонкі, якую сэпаратысты захапілі, калі яна спрабавала вызваліць яго з палону, распавядае журналіст «Бі-Бі-Сі» Том Бэрыдж. Сьвірыд распавёў, што апошняя бітва за аэрапорт працягвалася «ўвесь дзень і ўсю ноч», пакуль не пачуўся вялікі выбух і тэрмінала аэрапорта «ня стала». Калі Сьвірыд разам зь іншымі байцамі, якія засталіся жывыя, здаліся, сэпаратысты правялі іх калёнамі па вуліцах Данецку. «Людзі падбягалі да нас, крычалі, білі нас, кідалі камянямі і яйкамі. Яны білі нас па нагах, плявалі на нас, лаялі», — распавёў Сьвірыд. Разам зь іншымі «кібаргамі» яго трымалі ў нейкім скляпеньні бяз вокнаў і ацяпленьня. Паводле словаў Сьвірыда, на яго ціснулі псыхалягічна, але без фізычнага гвалту.

Убачыўшы свайго мужа па тэлебачаньні, Аксана паехала ў Данецк, спадзеючыся, што яго выпусьцяць. Аднак яе саму пратрымалі ў палоне амаль два тыдні і, па яе словах, білі «так моцна, як мужчын». Аксану таксама катавалі электрычным токам. «Яны хацелі, каб мы прызналі, што мы шпіёны», — сказала яна. Першай выпусьцілі Аксану, праз два тыдні — яе мужа падчас двухбаковага абмену палоннымі.

Ня трэба баяцца расейскіх ваенных вучэньняў, — піша расейскі ваенны экспэрт Аляксандар Гольц на старонках англамоўнай газэты Расеі Moscow Times, камэнтуючы нядаўнія вучэньні Паўночнага флёту гэтай краіны, у час якога войска сымулявала «вялікую вайну». Расейскія генэралы павінны былі прадэманстраваць сілу арміі, але ў той жа час выконваць Венскі дакумэнт, які забараняе раптоўны агляд войскаў з удзелам больш як 38.000 салдат і працягласьцю даўжэй за 72 гадзіны, — тлумачыць Гольц. Такім чынам, Расея пачала маніпуляваць дакумэнтам.

«Чыноўнікі абвясьцілі дадатковыя вайсковыя вучэньні, якія ахопліваюць усю Расею. Такім чынам, яны хацелі заблытаць заходнія краіны, калі б тыя раптам пачалі патрабаваць, каб Расея прытрымлівалася абмежаваньняў дакумэнту. Аднак з-за гэтага нават Генштаб заблытаўся ў тым, хто і дзе праводзіць манэўры», — піша экспэрт. Увогуле, «Арктычныя сілы» Расеі толькі прадэманстравалі, што ня могуць абараніць расейскае арктычнае ўзьбярэжжа з войскам, якое там цяпер разьмешчана. Дзьве ці тры «арктычныя брыгады» ня могуць ахапіць тэрыторыю ад Мурманску да Ўладзівастока, — адзначае экспэрт. «Ня менш цікавым зьяўляецца тое, як Расея плянуе пастаўляць тысячы тон паліва для самалётаў на авіябазу, каб забясьпечыць самалёты, якія б патрулявалі вялікую тэрыторыю», — піша Гольц.

Апазыцыйны расейскі дэпутат Ільля Панамароў заявіў, што тэлеканал RT (былы Russia Today) варта зарэгістраваць як групу лябістаў, пра што ён распавёў амэрыканскаму сайту BuzzFeed. «Мне здаецца, што гэта ня СМІ. Тое, што робіць Захад, гэта вялікая памылка, гэта значыць, прызнаньне каналу як мэдыя-інструмэнт. Я лічу, што гэта інструмэнт лабіраваньня, і рэгуляваць яго трэба як лобі, а ня сродак масавай інфармацыі», — сказаў Панамароў BuzzFeed. Больш за тое, на думку расейскага дэпутата, Russia Today зьяўляецца «горш» за «Ісламскую дзяржаву», таму што групоўка можа быць фізычна небясьпечнай для тых, хто зь ёй сутыкаецца, аднак RT засяроджаны на адмаўленьні асноўных каштоўнасьцяў заходняга грамадзтва, — распавёў Панамароў BuzzFeed.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG