Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На арэне клоўны» — гэтак публіцыст Сьвятлана Калінкіна ахарактарызавала перадвыбарчую сытуацыю ў апазыцыі. Наколькі дакладная такая характарыстыка? Ці дэмакратыя — адзіная ўмова, каб апазыцыя праявіла сябе? Ці патрэбны адзіны кандыдат ад апазыцыі і чаму апазыцыя сёлета ня можа дамовіцца аб ім?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько і палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман.

Палітычнага посьпеху можна дасягнуць толькі ў дэмакратычнай сыстэме?

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Дракахруст: Днямі Сьвятлана Калінкіна апублікавала артыкул «На арэне клоўны», прысьвечаны перадвыбарчай сытуацыі ў апазыцыі. Паводле яе апазыцыйныя «цяжкавагавікі» — Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч — ісьці на выбары не зьбіраюцца, і таму мяркуецца вылучаць палітыкаў другога-трэцяга шэрагу, якіх Сьвятлана і называе клоўнамі: Рыгор Кастусёў, Алена Анісім, Вольга Карач.

Паводле Калінкінай адзіны калі не пераможны, то годны варыянт — адзіны кандыдат. А так — адны клоўны. Ці згодны вы з аналізам Калінкінай?

Андрэй Дынько

Андрэй Дынько

Дынько: З аналізам Сьвятланы я згодны — што апазыцыі варта было б абраць адзінага кандыдата. Але я нязгодны са спосабам падачы. Між радкоў у Сьвятланы прачытваецца меркаваньне, што ўся апазыцыя — гэта клоўны. Я з гэтым нязгодны.

Дракахруст: А чаму? Апазыцыя колькі гадоў змагаецца, перамагчы ня можа. Рэйтынгі ў яе лідэраў невялікія. Так, гэтыя людзі шмат чым ахвяруюць за свае перакананьні, але ёсьць і прафэсійны аспэкт. Калі няма палітычнага посьпеху, то, мабыць, Сьвятлана і мае рацыю ў сваім вызначэньні?

Дынько: Палітычнага посьпеху можна дасягнуць у дэмакратычнай сыстэме, калі ёсьць магчымасьць зьвяртацца да людзей, калі ёсьць доступ да СМІ. А калі ў краіне дыктатура, то апазыцыя адстойвае элемэнтарныя свабоды і права на палітычны плюралізм. Дурасьць, калі мы пачынаем ім закідаць, чаму яны ня маюць рэйтынгу ў 40%.

Дракахруст: Арцём, ці згодны вы з высновамі Калінкінай? І ці згодны вы з крытыкай Андрэя наконт формы падачы ў тэксьце Сьвятланы?

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман

Шрайбман: Я згодны і са Сьвятланай, і з Андрэем. Сьвятлана крытыкуе апазыцыю за няздольнасьць аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата. Я б абіраў больш карэктныя фармулёўкі, але яна мае права на свае.

У чым я нязгодны з Андрэем, дык у тым, што, на мой погляд, былыя заслугі і пакуты, якія гэтыя людзі паклалі на алтар будучыні Беларусі, не зьяўляюцца апраўданьнем, калі яны ня могуць зрабіць тое, што ад іх залежыць.

«Наша апазыцыя дзейнічае ў інэрцыі 90-х»

Дракахруст: Андрэй сказаў, што палітычнага посьпеху можна дасягнуць толькі ў дэмакратычнай сыстэме. Але на перадапошніх выбарах у Вэнэсуэле, ў якіх удзельнічаў Уга Чавэс, ён набраў 60%, а ягоны канкурэнт ад апазыцыі — 40%. Але хіба Вэнэсуэла — гэта дэмакратыя?

Можна прыгадаць Польшчу, калі там зьявілася «Салідарнасьць». Тады ў ёй быў хіба ня кожны чацьверты паляк. Але хіба ПНР была дэмакратычнай краінай?

Шрайбман: У Вэнэсуэле кандыдат ад апазыцыі быў губэрнатарам буйной правінцыі. Ён меў магчымасьць легальна зьбіраць велізарныя мітынгі пратэсту ў сталіцы і іншых гарадах.

Сытуацыя ў Польшчы напачатку 80-х бліжэй да цяперашняй беларускай сытуацыі, але трэба ўлічваць стан грамадзтва. У польскім грамадзтве перамены сапраўды сасьпелі. У Беларусі гэтага няма — ані свабоды выбараў, ані адпаведных грамадзкіх настрояў.

Дынько: Фактычна наша апазыцыя дзейнічае ў інэрцыі 90-х, калі вялося змаганьне за ўладу, калі меркавалася, што сёньня ва ўладзе адны, а заўтра можа і БНФ яе атрымаць.

У той час зараз усе разумеюць, што пакуль у нашай частцы кантынэнту расклад сілаў такі, які ёсьць, зьмена ўлады немагчымая.

Лідэры выглядаюць клоўнамі, калі пачынаюць дзейнічаць у ролі «апазыцыя Яго Вялікасьці», апазыцыі, якая просіць нешта палепшыць ці дазволіць.

Калі браць паралелі, трэба параўноўваць з краінамі, зь якімі варта параўноўваць. А ў Казахстане мацней апазыцыя, яна лепш дзейнічае?

Выбары і «дактрына Пуціна»

Дракахруст: Калінкіна ў сваім артыкуле піша, што трэба вылучаць адзінага кандыдата. Але, калі пагадзіцца з Андрэем, то адзіны ёсьць, адзінага няма — вынік адзін і той жа — посьпех немагчымы. Ці вы згодны?

І другое пытаньне: чаму, на ваш погляд, ўсё ж не атрымліваецца дамовіцца наконт адзінага? Вось у 2001 годзе дамовіліся ж. І ў 2005 годзе — амаль. А зараз не. Як і ў 2010 годзе. Чаму?

Шрайбман: Я лічу, што кампанія з адзіным была б мацнейшай у вачах грамадзтва. Ёсьць запыт ад апазыцыйна настроеных грамадзянаў на адзінага кандыдата. Але гэта, зразумела, не прывяла б да перамогі пры цяперашнім стане грамадзтва і ступені кансалідацыі ўлады.

Што да другога пытаньня, то ў 2001 і ў 2005 гадах у апазыцыі захоўвалася хай ілюзорнае, але бачаньне магчымай перамогі.

У 2001 годзе гэта было на фоне перамогі сэрбскай рэвалюцыі. Тады людзі з амбіцыямі адмовіліся ад іх, бо бачылі хаця б тэарэтычна дасягальную мэту на небасхіле.

У 2006 годзе гэты напал яшчэ заставаўся, незадоўга да таго перамаглі рэвалюцыі ў Грузіі, Ўкраіне, Кіргізстане.

У 2010 годзе ілюзіяў ужо не было, людзі ішлі на выбары не перамагаць, а дэманстраваць свае структуры. Тое самае і сёньня. І якая ў іх можа быць матывацыя аб’ядноўвацца, калі ў іх няма ніякай дасягальнай мэты?

Дракахруст: Андрэй, калі Арцём мае рацыю, то які сэнс наагул удзельнічаць у выбарах?

Дынько: У 2001 і 2005 гадах адзіны кандыдат зьяўляўся, што ў грамадзтве была яшчэ вера ў тое, што перамены магчымыя.

Але справа ня ў тым, што грамадзтва негатовае. Справа ў тым, што ў сьвятле «дактрыны Пуціна» зьмена ўлады ў Беларусі робіцца немагчымай.

Вы спыталіся, для чаго ўдзел у выбарах? Важнае захаваньне традыцыі альтэрнатыўных выбараў, у гэтым — адрозьненьне нашай сыстэмы ад той, якая існавала ў БССР.

Так, нашы выбары выпустошаныя, гэта спэктакль, фарс. Але людзі прызвычаіліся да таго, што апазыцыя ў грамадзтве ёсьць, павінна быць. Гэта будзе істотна для больш упарадкаванага, менш хаатычнага пераходу да іншай сыстэмы пасьля таго, як Расея будзе больш няздольная рэалізоўваць «дактрыну Пуціна» адносна Беларусі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG