Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці НАТО будзе ваяваць за Эстонію, Латвію і Літву?


Амэрыканскія вайскоўцы на парадзе ў Нарве ў Дзень незалежнасьці Эстоніі 24 лютага 2015 году

Амэрыканскія вайскоўцы на парадзе ў Нарве ў Дзень незалежнасьці Эстоніі 24 лютага 2015 году

Пасьля анэксіі Крыму Масквой і канфлікту на ўсходзе Украіны, вайсковая канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам ў балтыйскіх краінах ужо не выглядае неймаверным сцэнарам.

Гэтак лічыць Ёэл Сана (Yoel Sano), экспэрт рэйтынгавай карпарацыі Fitch па ацэнцы эканамічнай рызыкі, які ў брытанскім выданьні Financial Times разважае пра магчымыя варыянты дэстабілізацыі краінаў Балтыі Крамлём. Фрагмэнт:

Канфлікт ва Ўкраіне паказаў, што Расея ў штораз большай ступені разглядае цяжкое становішча (ці то рэальнае, ці то ўяўнае) этнічных расейцаў за мяжой у якасьці магчымай падставы для ўмяшаньня ў справы суседніх дзяржаваў. Этнічныя расейцы складаюць чвэрць насельніцтва Эстоніі і Латвіі. Дзясяткам тысячаў этнічных расейцаў там не надалі грамадзянства. Такім чынам, існуе значная трывога ў краінах Балтыі адносна расейскай вайсковай інтэрвэнцыі.

Магчымыя зачэпкі для ўмяшаньня Расеі ўключаюць у сябе: жорсткія сутыкненьні паміж грамадзянамі балцкіх краінаў і прадстаўнікамі этнічных расейцаў; новыя законы, якія паніжаюць статус этнічных расейцаў; перастрэлка паміж памежнікамі^; канфрантацыя паміж самалётамі Расеі і НАТО над Балтыйскім морам.

Невядома, ці патэнцыйны выпад Расеі супраць краінаў Балтыі будзе скіраваны на ўсе тры дзяржавы, ці толькі на адну або дзьве. У цэлым, умяшаньне Расеі ў краінах Балтыі магло б прыняць дзьве асноўныя формы:

1) Намаганьні па дэстабілізацыі, якія можна адмаўляць.

Крэмль абвінавачваюць у падбухторваньні прарасейскіх сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне; высылцы дасьведчаных вайскоўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў для кіраваньня прарасейскімі сіламі; пастаўках зброі і падрыхтоўцы кадраў для сэпаратыстаў. Гэтыя працэсы, як мяркуецца, давялі да ўводу некалькіх тысяч расейскіх вайскоўцаў у рэгіён канфлікту.

Расея можа паспрабаваць паўтарыць гэтую формулу ў краінах Балтыі, і пасьля некалькіх тыдняў ці месяцаў гвалту, можа запатрабаваць ўрэгуляваньня, якое дасьць этнічным расейцам больш уплыву на унутраную і зьнешняй палітыку Эстоніі, Латвіі і Літвы. Або Расея можа паспрабаваць разгарнуць невялікі «міратворчы кантынгент», каб аднавіць парадак.

Тым ня менш я лічу, што любая спроба Крамля узьняць этнічных расейцаў у краінах Балтыі будзе нашмат больш складанай, чым на ўсходзе Украіны, таму што краіны Балтыі маюць значна больш высокі ўзровень жыцьця і дзяржаўнага кіраваньня. Захоп Расеяй Крыму ня выклікаў ніякай мабілізацыі расейцаў у Балтыі для ўстанаўленьня больш цесных сувязяў з Расеяй.

2) Хуткая акупацыя.

У якасьці альтэрнатывы Расея магла б заняць Балтыю ў выніку хуткай апэрацыі, якая напаткала б невялікі супраціў з прычыны колькасна нязначных узброеных сіл гэтых трох краінаў. Аднак акупацыя тыпу «гром сярод яснага неба» малаверагодная, паколькі Крамлю будзе цяжка яе апраўдаць. Менш драматычным вэрсія гэтага сцэнару магла б уключаць увод расейскіх войскаў на тэрыторыю Эстоніі і Латвіі прылеглую да расейскай мяжы, дзе пражываюць колькасна значныя групы этнічных расейцаў, або захоп ключавых аб’ектаў інфраструктуры, такіх як порты, аэрапорты і чыгуначныя вузлы.

Як адказаў бы на гэта Захад?

Дзеяньні Расеі супраць Балтыі паставілі б ЗША і эўрапейскія краіны перад абліччам найбольшага зьнешнепалітычнага крызысу апошніх дзесяцігодзьдзяў, таму што яны, у адпаведнасьці з Артыкулам 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы з 1949 году, абавязаныя бараніць краіны-ўдзельніцы НАТО:

«Удзельнікі пагаджаюцца з тым, што ўзброеная атака супраць аднаго ці некалькіх зь іх у Эўропе ці Паўночнай Амэрыцы будзе расцэненая як атака супраць іх усіх. Адпаведна, яны пагаджаюцца ў выпадку такой агрэсіі кожны выканаць свае абавязкі па забесьпячэньні калектыўнай бясьпекі, аказаць дапамогу атакаванаму ці атакаваным удзельнікам разам з астатнімі ўдзельнікамі празь неабходныя для гэтага меры ўключна з вайсковымі, з мэтай падтрыманьня бясьпекі ў паўночнаатлянтычным рэгіёне».

Аднак магчыма, што дэстабілізацыю, якую можна адмаўляць, не адразу і ня ўсе ўдзельнікі НАТО разглядалі б як «ўзброеную атаку». Акрамя таго, выраз «неабходныя для гэтага меры» аўтаматычна не гарантуе вайсковай рэакцыі. Такім чынам, вышэйшае кіраўніцтва НАТО магло б спачатку зьвярнуцца да санкцый і дыпляматыі. Тым ня менш, улічваючы, што большасьць удзельнікаў НАТО разумее Артыкул 5 як надзейную гарантыю бясьпекі, любое ўхіленьне альянсу ад сваіх абавязаньняў нанесла б непапраўную шкоду яго аўтарытэту.

З гледзішча НАТО было б больш сэнсоўна разгарнуць войскі ў Балтыі пры першых прыкметах міжэтнічнага канфлікту, каб не дазволіць Расеі эскаляцыі беспарадкаў ці ўводу войскаў.

Хоць увод расейскіх войскаў у Балтыю быў бы выразным актам агрэсіі, я прадбачу, што ў многіх заходніх краінах назіраўся б значны супраціў вайсковым дзеяньням у адказ, з-за рызыкі абмену ядзернымі ўдарамі або, па меншай меры, маштабнай звычайнай вайны. Таму НАТО, магчыма, давялося б ствараць «кааліцыю добрай волі», у якую трэба было б уключыць ЗША, нягледзячы на стомленасьць гэтай краіны баявымі дзеяньнямі ў Аўганістане і Іраку.

Я лічу, што вядучыя краіны-ўдзельніцы НАТО ўрэшце пайшлі б на вайну, каб спыніць расейскую вайсковую інтэрвэнцыю ў балтыйскіх краінах. Але галоўнае пытаньне тут — ці Расея і НАТО змаглі б абмежаваць баявыя дзеяньні да краінаў Балтыі? Расея магла б напасьці на Польшчу або захапіць швэдзкі востраў Готлянд у Балтыйскім моры, а НАТО магло б ударыць па цэлях у Расеі.

Самая вялікая небясьпека была б у выкарыстаньні ядзернай зброі. Загадзя не вядома, што магло б стаць прычынай гэткага выкарыстаньня, але любы такі выпадак быў бы хутчэй за ўсё зьвязаны з тактычнай ядзернай зброяй на полі бою, а не стратэгічнай (якая прызначаная для выкарыстаньня супраць гарадоў). Але нават калі б была выкарыстаная «толькі» тактычная ядзерная зброя, гэта прывяло б да панікі сярод насельніцтва на ўсім Паўночным паўшар’і, паколькі зьявіўся б страх, што канфлікт можа ператварыцца ў абмен стратэгічнымі ядзернымі ўдарамі.

Гарачая вайна паміж Расеяй і Захадам ударыла б па ўсёй сусьветнай эканоміцы, і парадак, які ўсталяваўся пасьля заканчэньня халоднай вайны ў Эўропе, быў бы разбураны. Двухбаковае ўвядзеньне санкцый і разбурэньне паветранага і марскога транспарту ў паўночнай Эўропе сур’ёзна ўдарылі б па міжнародным гандлі. Цэны на нафту гвалтоўна пайшлі б угору, калі б на расейскі экспарт вуглевадародаў былі накладзеныя санкцыі або калі б яны наогул зьніклі з рынку.

Эўрапейская эканоміка вельмі моцна пацярпела б ад збояў у імпарце газу з Расеі, асабліва калі б гэта адбылося ў зімовы пэрыяд. Спыненьне Масквою паставак энэрганосьбітаў у Эўропу таксама вельмі сур’ёзна зьнізіла б даходы расейскай казны.

XS
SM
MD
LG