Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лілія Шаўцова: Крэмль мабілізуе грамадзтва на вайну


Лілія Шаўцова
Лілія Шаўцова

Старшы навуковы супрацоўнік інстытуту Брукінгса ў ЗША палітоляг Лілія Шаўцова сказала Радыё Свабода, што ў Расеі склаўся рэжым паміраючага самадзяржаўя, які спрабуе падоўжыць сваё жыцьцё любой цаной.

Шаўцова: Анэксію Крыму, усе драматычныя падзеі, зьвязаныя з уварваньнем ва Ўкраіну, увесь папярэдні 2014 год, які здаваўся неймаверным яшчэ некалькі гадоў таму, бо мы і не дапускалі, што гэта можа адбыцца — вайна Расеі з Украінай! — усё гэта ўкладваецца ў фармат пошуку самадзяржаўем працягу свайго жыцьця.

Да нядаўняга часу здавалася, што «крымнашызм» у яго першапачатковай форме — гэта такое сарамлівае прызнаньне прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў там, але адначасова спроба апраўданьня анэксіі за кошт так званага штучнага рэфэрэндуму. Відавочна, што гэты сарамлівы «крымнашызм» ужо не валодае ранейшым прыцягальным і кансалідуючым уплывам, што знайшло адлюстраваньне ў ашаламляльным фільме «Крым. Шлях да радзімы», у якім Пуцін выконваў галоўную ролю і быў фактычна галоўным суб’ектам, які тлумачыць гісторыю.

РС: І гэтая гісторыя ўразіла сваім цынізмам... У гэтым фільме практычна ўсяму сьвету кажуць, што год таму яму бессаромна хлусілі...

Шаўцова: Гэты фільм паказвае, што ад мяккага, нязграбнага, сарамлівага «крымнашызму», ад анэксіі, якая, як меркавалася, будзе ўспрынятая Захадам і будзе ім дараваная, улада пераходзіць да зусім новай канцэпцыі — шчырага прызнаньня ня толькі анэксіі Крыму. А за гэтым, хутчэй за ўсё, пойдзе сьледам, магчыма, і адкрытае прызнаньне прысутнасьці расейскіх войскаў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.

То бок, гэта адкрыты выклік сьвету і Захаду, які заключаецца ў наступным: я гэта зрабіў і я ганаруся гэтым, што я зрабіў. Я разбурыў сьветапарадак, які ўсталяваўся пасьля распаду Савецкага Саюзу, і я прэтэндую на права інтэрпрэтацыі сусьветных правілаў гульні. А таксама прэтэндую на права паводзіць сябе так, як мне заманецца.

Гэты абсалютна немагчымы з пункту гледжаньня міжнародных правілаў выклік, відавочна, тлумачыцца тым, што мэханізму адпрацаванага летась — і агрэсіі ва Ўкраіне, і таго факту, што расейскае насельніцтва фактычна прымусілі жыць ўкраінскім жыцьцём, а расейская палітыка, расейскае жыцьцё зьніклі з расейскага тэлебачаньня — усяго гэтага, аказваецца, недастаткова. І, відавочна, улада бачыць, што мабілізацыя мінулага году паступова пачынае размывацца. Бо 67% расейскіх рэспандэнтаў месяц таму пацьвердзілі жаданьне бачыць Украіну ў якасьці сувэрэннай дзяржавы, хай і недружалюбнай Расеі. І толькі 22% расейцаў маюць іншае меркаваньне. Гэта сьведчыць аб тым, што ў цэлым грамадзтва не гатовае ні да далейшай анэксіі, ні да экспансіі, ні да вайны. Такім чынам, патрэбны іншы наркотык, больш моцны і магутны. І таму тое, што мы бачым у апошні час — рыторыка Сяргея Лаўрова, рыторыка іншых расейскіх афіцыйных асобаў, выступленьні кіраўніка ніжняй палаты Нарышкіна з ваяўнічымі заявамі ў адрас Захаду, і нарэшце, гэта фільм, у якім Уладзімір Пуцін адыграў сваю самую ўражальную ролю — сьведчыць аб пошуку ідэі мабілізацыі грамадзтва ў ваенны час.

Гэта значыць, мала таго, што яны ўпіхнулі Расею ў ваенны час, яны цяпер шукаюць новы стымул фэйкавага яднаньня. І «крымнашызм» атрымлівае ў гэтую гадавіну анэксіі і новае гучаньне — як значна больш ваяўнічая, больш мілітарысцкая, больш экспансіянісцкая ідэя.

РС: Першыя санкцыі Захаду супраць Расеі былі ўведзеныя адразу пасьля анэксіі Крыма. Расейскае кіраўніцтва не магло не разумець, што адкрытая падтрымка сэпаратыстаў у Данбасе — гэта ўзмацненьне канфрантацыі з Захадам, а значыць, і пашырэньне санкцый. Але, можа быць, Крым Расеі ня вельмі дорага абышоўся, калі адбываецца тое, што мы зараз бачым у Данбасе?

Шаўцова: Відавочна, наступныя падзеі расставяць кропкі над «i», і мы даведаемся гэтага з прызнаньняў расейскай улады. А яна чамусьці кінулася рабіць прызнаньні, якія цалкам ўкладваюцца ў афіцыйнае прызнаньне перад Гааскім трыбуналам. Відавочна, мы даведаемся значна больш аб матывах, аб стымулах, аб фактары асобы ва ўсёй гэтай трагедыі, якая ўсё яшчэ разгортваецца.

Але я зноў вяртаю вас да лёгікі самадзяржаўя, якое знаходзіцца на стадыі дэградацыі. Калі ўжо было прынята рашэньне, што Расея пераходзіць у фармат канфрантацыі з Захадам, то з гэтага фармату, як у бабслеі з боба, выскачыць немагчыма. Можна рэгуляваць хуткасьць руху па жолабе, але выскачыць цалкам немагчыма. Таму, калі ўжо ў 2013 годзе Крэмль, па сутнасьці, прыняў на ўзбраеньне дактрыну стрымліваньня Захаду ўнутры Расеі і па-за ёю, то ўсе астатнія дзеяньні будуць прадпрымацца ў гэтым канфрантацыйным рэжыме, нягледзячы на існуючыя правілы гульні.

Думаю, што, ідучы на анэксію Крыму, Уладзімір Пуцін не ўлічыў магчымай рэакцыі Захаду. Перш за ўсё — рэакцыі Нямеччыны, яе гатоўнасьці стаць кансалідуючым фактарам эўрапейскай супольнасьці па пытаньні санкцый. І я думаю, што Пуцін не прадугледжваў эканамічных наступстваў эканамічнай стагнацыі, якая ўжо пачалася, падзеньня цаны на нафту, а таксама наступстваў саміх санкцый. Думаю, вельмі многія рэчы не былі прадугледжаныя, не былі ўключаныя, скажам так, у разважаньні з нагоды палітычных дзеяньняў.

Але я ня думаю, што пасьля Крыму гэта магло спыніць Крэмль. Я думаю, што пасьля Крыму працяг экспансіі быў ужо непазьбежны. Таму што гэты экспансіянізм адлюстроўвае адну вельмі важную рэч — скарачэньне ўнутрырасейскіх крыніц ажыцьцяўленьня ўлады, звужэньне эканамічнага, адміністрацыйнага, фінансавага, сілавога, рэпрэсіўнага патэнцыялу улады. Таму ўлада непазьбежна павінна была шукаць іншыя, зьнешнія пункты прыкладаньня сваіх намаганьняў, а таксама, уласна, адцягненьня ўвагі расейскага насельніцтва ад уласных праблем.

РС: Расейская прапаганда за апошні год нямала папрацавала над тым, каб вырабіць нейкае замяшчэньне — гаворыцца пра тое, што Расея вядзе вайну не з Украінай, а са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Старога ворага дасталі з пыльнага мяшка і зноў дэманструюць яго насельніцтву?

Шаўцова: ЗША вярнуліся ў расейскую палітыку і ў расейскую дактрыну ў якасьці асноўнага, галоўнага ворага, таму што ня можа ж быць ворагам Польшча ці Фінляндыя, а таксама Нямеччына. Тым больш Японія і іншыя краіны. Ворагам можа быць толькі нейкая вельмі магутная велічыня, а самая магутная дзяржава ў сьвеце — гэта ЗША. Што адпавядае амбіцыям расейскай кіроўнай клясы. ЗША вярнуліся да гэтай ролі ў афіцыйнай расейскай палітыцы ўжо ў 2007 годзе, падчас выступу Уладзіміра Пуціна ў Мюнхене, на канфэрэнцыі па бясьпецы. Іншая справа, што гэты вораг, які ў выглядзе ваўка або ў выглядзе іншых мэтафар пастаянна прайграваўся ў афіцыйнай расейскай рыторыцы, гэты вораг яшчэ ня быў, скажам так, забэтанаваны ў рамках новай зьнешнепалітычнай канцэпцыі. Гэта адбылося напрыканцы 2013 годув. Тады ЗША ўжо сталі абсалютным злом.

Але вось калі казаць пра Ўкраіну, з прычыны, перш за ўсё, падзеньня рэжыму Януковіча, з прычыны «аранжавай рэвалюцыі», з прычыны Эўрамайдану, Украіна стала адначасова і сродкам, і прыладай, і мэтай. Сродкам расейскіх уладаў даказаць расейскаму насельніцтву, што любая рэвалюцыя нясе згубныя наступствы. Украіна стала інструмэнтам зьнішчэньня усякай, любой магчымасьці, шанцу на ўласны Майдан у Расеі, прыладай знішчэньня расейскай апазыцыі.

Украіна стала мэтай, парадкам дня, дадаткам крамлёўскіх экспансіянісцкіх памкненьняў. Таму што Ўкраіна — гэта ня толькі геаэканамічная зона, але і важнае стратэгічнае поле. Украіна — гэта яшчэ і Севастопаль, і база Чарнаморскага флёту. Гэта значыць, Украіна каштоўная з эканамічнага і стратэгічнага пунктаў гледжаньня, з пункту гледжаньня бясьпекі, з пункту гледжаньня абароннага пасу для расейскай эліты. Але Украіна адначасова стала і полем тэставаньня новай дактрыны Пуціна. Украіна стала штучнай пляцоўкай для канфрантацыі Крамля з Захадам, перш за ўсё з ЗША. Гэта значыць, Украіна ў стратэгічным бачаньні Крамля адыгрывае шматфункцыянальную, шматплянавую ролю.

Але цалкам відавочна, што ўвесь гэты пакет мэтаў і арыенціраў, якога спрабуе прытрымлівацца Крэмль ва Ўкраіне, укладаецца ў адну формулу: пуцінская Расея, Крэмль, пуцінская кіроўная кляса фактычна зрабілі Ўкраіну полем прадухіленьня лібэральнага прасоўваньня, полем стрымліваньня лібэральнай дэмакратыі на постсавецкай прасторы. І ад таго, як і чым скончыцца гэтае сутыкненьне зь лібэральнай цывілізацыяй ва Ўкраіне, залежыць вельмі шмат — і лёс самой Расеі, і лёс Беларусі, Малдовы, і лёс таго, як будзе кансалідаваны новы парадак бясьпекі на ўсім эўразійскім кантынэнце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG