Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралійскія навукоўцы выявілі найбуйнейшы сьлед падзеньня мэтэарыта


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За 300 мільёнаў гадоў ударны кратэр не захаваўся, сьляды падзеньня былі знойдзеныя ў тоўшчы зямной кары.

У працы, апублікаванай у часопісе Tectonophysics, паведамляецца, што за некалькі імгненьняў да сутыкненьня зь зямлёй велізарны мэтэарыт раскалоўся на два фрагмэнты, кожны дыямэтрам прыкладна 10 кілямэтраў. Паводле ацэнак навукоўцаў, катастрофа адбылася як мінімум 300 мільёнаў гадоў таму, таму ўдарны кратэр не захаваўся. Сьляды падзеньня аскепкаў мэтэарыту былі знойдзеныя выпадкова падчас сьвідраваньня для геатэрмальных дасьледаваньняў на больш чым двухкілямэтровай глыбіні.

У паднятых на паверхню узорах геолягі знайшлі кавалкі пароды, запечанай у шкле, якія маглі ўтварыцца толькі пад узьдзеяньнем высокага ціску і тэмпэратуры ў выніку магутнага ўдарнага сутыкненьня. Акрамя таго, з дапамогай магнітнага мадэляваньня ў тоўшчы зямной кары ў раёне бурэньня былі выяўленыя пароды з высокім утрыманьнем жалеза і магнію, па ўсёй бачнасьці, якія падняліся пры ўдары мэтэарыту з больш глыбокага пласту літасфэры, верхняй мантыі.

Паводле ацэнак навукоўцаў, шырыня ўдарнай зоны склала 400 кілямэтраў — гэта найбуйнейшы зь вядомых сьлядоў падзеньня мэтэарытаў на Зямлі. Яшчэ адзін прэтэндэнт на рэкорд — 500-кілямэтровае геалягічнае ўтварэньне ў раёне Зямлі Ўілкса ў Антарктыдзе, на думку некаторых геолягаў таксама ўзьнікла ў выніку падзеньня мэтэарыта. Дакладнае пацьвярджэньне імпактнага характару антарктычнага кратэра абцяжарана тым, што ён знаходзіцца на вялікай глыбіні, схаваны антарктычным ледзяным шчытом. Найбуйнейшы зь вядомых на паверхні Зямлі ўдарных кратэраў — кратэр Врэдэфорт на тэрыторыі Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, яго дыямэтар 250-200 кілямэтраў, а ўзрост — каля 2 мільярдаў гадоў.

Аўстралійскія навукоўцы адзначаюць, што падзеньне мэтэарыта, сьляды якога ім удалося выявіць, павінна было прывесьці да катастрафічных наступстваў, падобных тым, якія рушылі ўсьлед за падзеньнем 10-кілямэтровага мэтэарыта каля 65 мільёнаў гадоў таму ў раёне паўвострава Юкатан. Выкліканыя ім выкіды ў атмасфэру пылу і сажы на некаторы час зьмянілі клімат, што, як лічаць большасьць дасьледнікаў, прывяло да масавага выміраньня многіх відаў жывых істот на мяжы мэзазою і кайназою, у тым ліку дыназаўраў. Супастаўныя экалягічныя катастрофы, якія можна было б зьвязаць з падзеньнем мэтэарыта ў Аўстраліі 300 мільёнаў гадоў таму, невядомыя. З гэтага навукоўцы робяць выснову, што ў рэчаіснасьці сутыкненьне магло адбыцца нашмат раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG