Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У авіякатастрофе над Францыяй загінулі 150 чалавек. МЗС правярае, ці былі на борце беларусы


На паўднёвым усходзе Францыі, паблізу гораду Дынь-ле-Бэн, у Альпах, разьбіўся пасажырскі самалёт Airbus A320 кампаніі GermanWings.

Самалёт, паводле паведамленьняў, ляцеў з Барсэлёны ў Дусэльдорф. На борце, як мяркуецца, знаходзіліся 144 пасажыры і шэсьць членаў экіпажу.

Паводле францускіх мэдыяў, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд у тэлевізійным выступе заявіў, што ў авіякатастрофе ніхто ня выжыў. Таксама Алянд паведаміў, што на борце самалёта былі немцы, гішпанцы і туркі. Раней паведамлялася, што сярод пасажыраў было 45 гішпанцаў.

Мэдыі ўдакладняюць, што катастрофа адбылася ў дэпартамэнце Альпы Верхняга Правансу.

Паведамляецца таксама, што гэты Airbus A320 быў самым старым у кампаніі GermanWings. Ён эксплюатаваўся з 1990 году.

Кампанія GermanWings са штаб-кватэрай у Кёльне зьяўляецца даччынай кампаніяй самага буйнога авіяперавозчыка ў Эўропе — нямецкай кампаніі Lufthansa.

Мэдыі таксама пішуць, што перад падзеньнем самалёт зьніжаўся з хуткасьцю, характэрнай для пасадкі.

Самалёт зьнік з экранаў радараў прыкладна аб 11:00 (13:00 па Менску), яго абломкі ўжо знойдзеныя паміж гарадамі Дзінь-ле-Бэн і Барселанет. Міністар унутраных спраў Бэрнар Казьнёў вылецеў на месца здарэньня. Пра гэта паведаміў прэм'ер-міністар Францыі.

Паводле БелаПАН, «пасольства Беларусі ў Нямеччыне правярае, ці былі грамадзяне Беларусі сярод пасажыраў самалёта». Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным допісе беларускага МЗС у «Твітэры».

XS
SM
MD
LG