Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы Замак»: ад Грунвальда да Крыма


Трэці нумар альманаху "Новы Замак"

Трэці нумар альманаху "Новы Замак"

Альманах рыхтуецца абласной філіяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а выдаецца «Кнігазборам» у Менску. Прэзэнтацыя адбылася ў Новым замку, у абласной навуковай бібліятэцы імя акадэміка Яўхіма Карскага.

Новы нумар прывёз Усевалад Сьцебурака, які адказвае ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў за працу з абласнымі філіямі. Ён зазначыў: калісьці было толькі адно выданьне ў берасьцейцаў, «Жырандоля», і казаць пра альманахі як пра агульнабеларускую зьяву не выпадала, але потым свой альманах зрабілі гарадзенцы:

«Зьявіўся „Новы Замак“, зьявіўся са сваёй канцэпцыяй, вельмі добрай. І мне ён бліжэйшы ад усіх астатніх. Найперш таму, што ён самы гарадзкі. Ніхто ня піша так пра Гомель у самім Гомелі шмат, а пра Віцебск у Віцебску. Ёсьць „Ратуша“ (Віцебск), прэзэнтацыя ў музэі, выдатныя аўтары, усё цудоўна, але ў Горадні напэўна ўплывае сам горад, тут самадастатковасьць відавочная ва ўсім. Тут самая акадэмічная рэдакцыйная рада. І такога, калі вы дазволіце, хатняга „разбору палётаў“ пасьля выхаду альманаху, як у Горадні, нідзе ня робіцца. Вы дазваляеце сабе крытыкаваць ня проста на ўзроўні „падабаецца ці не падабаецца“, а на ўзроўні літаратуразнаўчага аналізу. Як ні круці, гэта адметнасьць. Гэта можа не падабацца аўтару, можа крыўдзіць яго, але гэта ўзровень, тут цэлая катэдра, можна сказаць, засядае сёньня. Больш за тое, тут ёсьць папярэдняя праца. Ня проста дасылаюцца тэксты — хай там у Менску разьбіраюцца. Тут ёсьць укладаньне, працэс, які папярэднічае выхаду альманаха. І гэта бачыцца па якасьці нумару».

Усевалад Сьцебурака

Усевалад Сьцебурака

Усевалад Сьцебурака закончыў вельмі прыязна: «Дзякуй вам за чарговую цаглінку ў Новы замак, у яго адбудову, калі можна так сказаць».

Разбор нумару зрабілі літаратуразнаўцы Ігар Жук і Аляксей Пяткевіч. Як вынікала, гарадзенскі альманах моцны старой традыцыяй, новых павеваў літаратуры са сталіцы ў Горадню амаль не трапляе. Пахвалілі адно студэнтку Вікторыю Смолку, вершы якой надрукаваны ў «Новым Замку».

У альманаху пераважае нядаўняе, часьцей савецкае мінулае. Хоць ёсьць і гісторыя. Напрыклад, «Баляда пра Грунвальд» Яўгена Петрашэвіча, напісаная крыху ў фальклёрных традыцыях. Сёньняшняе складанае жыцьцё адчуваецца менш. Можна назваць толькі «Згадкі пра паэта Юрыя Гуменюка» Алы Петрушкевіч і «Дзёньнік з вуліцы Тэлеграфнай» Сяргея Астраўца, дзе немалая частка прысьвечаная захопу Крыму і вайне ва Ўкраіне.

Адлюстроўвае сьвежыя літаратурныя падзеі ў Горадні і «Хроніка», складзеная на падставе паведамленьняў сайту Радыё Свабода. У канцы нумару «Фарбы Панямоньня», новая рубрыка, прысьвечаная мастакам.

Сярод публікацый варта адзначыць успаміны пра Васіля Быкава аўтарства Ігара Жука і Аляксея Пяткевіча. Як вядома, Васіль Быкаў доўгі час пражыў у Горадні, напісаў тут многія свае творы, дзякуючы якім зрабіўся вядомым у літаратурным сьвеце.

На прэзэнтацыі: аўтары, якія надрукаваліся ў трэцім нумары.

На прэзэнтацыі: аўтары, якія надрукаваліся ў трэцім нумары.

XS
SM
MD
LG