Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Расея здавалася нам апірышчам дэмакратыі пасьля Беларусі, калі мы сюды пераяжджалі ў 2012-м», — беларускія маладыя людзі ў Санкт-Пецярбургу распавялі, як ім жывецца ў суседняй краіне, якая вядзе вайну.

«Агрэсіўныя сталі, — маладая беларуска Люба апісвае, што адбылося вакол яе за апошні год. Люба з Бабруйску, пераехала сюды разам з мужам Аляксеем. — Раней скажаш «Беларусь», і ўсе расплываліся ва ўсьмешцы. А цяпер: «О, беларусы, украінцы — гэта ўжо нешта такое падазронае».

Люба і Аляксей

Люба і Аляксей

Ідэя пагаварыць зь беларусамі, якія стала жывуць у Санкт-Пецярбургу, каб зразумець, як зьмянілася Расея за апошні год, была не памылковай. Калі ты на два дні прыяжджаеш у такі заможны, дагледжаны і вельмі эўрапейскі горад, як Піцер, дзе кожны мінак гатовы табе дапамагчы і данесьці валізку да мэтро, вуліцы чыстыя, а ў кавярнях падрабязна і ўважліва распавядаюць, што менавіта табе варта зьесьці на сьняданак, немагчыма зразумець, што менавіта турбуе людзей. Як бы расеец прыяжджаў у Менск, бачыў Нацыянальную бібліятэку, закупляўся таннымі шкарпэткамі і трусамі і распавядаў, што быў у Беларусі і Лукашэнка маладзец.

Расейцы распавядаюць гэта і тут:

«Я заўжды ім кажу: калі вы кажаце, што ў нас у Беларусі так чыста, прыемна, дык едзьце да нас, працуйце. Дык не, вось яны любяць туды прыехаць, там барзець, паркавацца на нашай чыстай траве, — Аляксей з Браслава, мае складаную і запатрабаваную спэцыяльнасьць — інжынэр па ўсталяваньні лябараторнага абсталяваньня для аналізу газу і нафты. Працуе ад Калінінграду да Сахаліна. У Беларусі такой добрай працы для яго не знайшлося. — Апошні год у мяне больш нэгатыўнае стаўленьне да Расеі. За год яна зьмянілася проста кардынальна. Калі мы сюды пераехалі ў 2012-м — гэта было пасьля Беларусі апірышча дэмакратыі. Мы прыехалі — а тут апазыцыйны бар працуе. Зьбірайцеся, абмяркоўвайце. Нямцоў туды прыяжджаў».

Аляксей

Аляксей

Моладзевы клюб для беларусаў існуе ўжо каля трох гадоў. Раней месца для сустрэчаў ня мелі. Цяпер штотыдзень зьбіраюцца пры касьцёле Ўсьпеньня Дзевы Марыі на вуліцы Чырвонаармейскай у Санкт-Пецярбургу. Стала прыходзяць зь дзясятак чалавек. Негалосным лідэрам называюць Генадзя Агафонава. Хлапец пераехаў зь Віцебску два гады таму да жонкі-расейкі. «Спачатку ў прымакі, — кажа ён. — А цяпер ужо ўзялі крэдыт, стараемся займець уласнае жытло. Жонцы давялося вывучыць беларускую мову».

Генадзь Агафонаў

Генадзь Агафонаў

Беларусаў у гэтым вялікім расейскім горадзе тысяч сорак. Дзейнічае нават Беларуская нацыянальная культурная аўтаномія Санкт-Пецярбургу. Займаюцца найперш тым, што мае грувасткую назву «грамадзка-асьветніцкая дзейнасьць».

Але грамада пры касьцёле зьбіраецца найперш як сяброўская. Разам ходзяць на беларускія канцэрты, перадаюць адзін аднаму беларускія выданьні і пасьля іх абмяркоўваюць, упарадкавалі магілу Яўхіма Карскага, адсьвяткавалі супольна Каляды, гуляюць у беларускую настолку «Паўстанцы».

Гуляюць у беларускую настолку "Паўстанцы".

Гуляюць у беларускую настолку "Паўстанцы".

«Я тут размаўляю па-беларуску больш, чым у Беларусі, — сьмяецца Аляксей. — Я да Піцера ня быў ані на канцэрце „Ляпісаў“, ані на Памідораве, ані на Н.Р.М.-е, Піта Паўлава ня бачыў. А тут усіх пабачыў».

Праўда, украінцаў тут разы ў два болей, суполак у іх некалькі, і яны нашмат больш актыўныя.

Аляксей згадвае, як на навагоднія сьвяты разам зь Любай паехалі ў Львоў. Калегі па рабоце праводзілі яго туды прыблізна гэтак жа, як мае блізкія і сябры адпраўлялі мяне ў цяперашнюю камандзіроўку ў Расею:

"На працы мне кажуць: «Ты ж ня вернесься! Цябе ж заб’юць! Ну, зьезьдзілі мы ў гэты Львоў, вяртаемся. Пытаюцца: «Ну як?» Я кажу: «Не спадабалася». Тыя ўжо ўзрадаваліся: «А чаму?»

Я кажу: «Ну што такое? Рынку рабоў няма, дзяцей рускіх пры нас ня елі, размаўлялі мы па-расейску — дык нават морду нам не пабілі».

«Гэтая агрэсія была і да Крыму, — распавядае Мікола Сакалоў. Гісторык па адукацыі, а цяпер супрацоўнік расейскага „Мэмарыяла“, Мікола — адзіны са сталых наведнікаў клюбу, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Апроч расейскіх, мае беларускія і ўкраінскія карані. Абедзьве мовы вывучыў самастойна — у тым ліку і слухаючы Радыё Свабода. — Прапаганда працавала яшчэ падчас першага Майдана 2004-га году. Пасьля сьцішылася, а цяпер ізноў. І ведаеце, быў бы „Крымнаш“, не было б, але настроі гэтыя існавалі».

Мікола Сакалоў

Мікола Сакалоў

«Цяпер вельмі адчуваецца», — пацьвярджае Марына. Дзяўчына пераехала сюды зь Менску, адпрацаваўшы два гады па разьмеркаваньні журналістам у дзяржаўных выданьнях. А тут працуе на інтэрнэт-партале, які піша «пра дарогі». «Пра тое, чаго няма», — жартуе Аляксей. Марына ацэньвае зьмены ў грамадзтве па СМІ. Цяпер на дзяржаўныя СМІ ў Расеі ніколі б не працавала.

«У мяне ўжо на працы некаторыя пыталіся: „А што там вашы беларусы думаюць пра падзеі на ўсходзе Ўкраіны?“ Вайна тут адчуваецца больш, чым ва Ўкраіне. У Львове мы не адчувалі вайны, — кажа Аляксей. — А тут кожнаму дзела да гэтай Украіны. Едзеш у грамадзкім транспарце, то ўсе пра Ўкраіну ці пра вайну. Ўкраіна, сэпаратысты, „Крымнаш“...»

Тыя ж Аляксеевы калегі, па ягоных словах, ганяць кепскую ўладу і дэпутатаў. «Але вось Пуцін вам пакажа! Амэрыку пакараем! Такая, ведаеце, вера ў добрага цара. Усе чыноўнікі благія, а ён добры. Дык у Лукашэнкі тое ж самае. Нібыта ён адзін пра дзяржаву думае».

«А можа, ён і думае!» — пярэчыць яму жонка Люба, якая тут, як сама кажа, «стала лукашысткай». — «Ды таму што парадак! І мэдыцына, і адукацыя, зь Менску да Бабруйску добрую дарогу пабудавалі», — тлумачыць Люба сваю раптоўную любоў да кіраўніка Беларусі.

Але ў Расеі, калі маеш працу, жыць па-ранейшаму выгадней. Нават пасьля падзеньня расейскага рубля плаціць за найманую кватэру маладой сям’і менш. Да таго ж можна ўзяць іпатэку пад малы працэнт і мець уласнае жытло. У Беларусі такога няма.

«І прадукты ў Беларусі даражэйшыя, — кажа Люба. — Мы з маці часта па скайпе параўноўваем. Дык тут перцы на кірмашы па 20 рублёў — гэта траціна даляра, яблыкі — па паўдаляра кіляграм. Нават калі ў гіпэрмаркеце ў тры разы даражэй, дык у Беларусі яшчэ ж вышэйшыя кошты».

«Калі мы ехалі ў Расею, Пуцін і Мядзьведзеў здаваліся добрымі лібэраламі, інтэлігентнымі, нікому ня тыкаюць. Але гэты год зьмяніў тое, што ў параўнаньні зь імі ўжо і Лукашэнка не такі і дрэнны», — кажа Аляксей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG