Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія шпіёны ў Чэхіі


Прага стала галоўнай мішэньню для расейскіх і кітайскіх шпіёнаў, якія спрабуюць атрымаць доступ да разьведвальнай інфармацыі НАТО і выкарыстаць статус Чэскай Рэспублікі як дзяржавы-чальца Эўразьвязу.

Пра гэта заявіў былы шэф ваеннай выведкі Чэхіі Андар Шандар.

У чэскім друку зьявіліся паведамленьні, што трох асобаў, падазраваных у шпіянажы на карысьць Масквы, папрасілі пакінуць Чэхію. Чэскі ўрад імкнуўся прыменшыць значэньне гэтых выпадкаў як паказьніка расейскай выведнай актыўнасьці ў краіне.

Паводле чэскага часопісу Respect ўсе трое падазраваных мелі стасункі з расейскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі, адзін зь іх быў штатным супрацоўнікам пасольства РФ у Чэхіі.

Генэрал Андар Шандар, былы шэф чэскай ваеннай выведкі, які сышоў у адстаўку ў 2002 годзе, заявіў у інтэрвію Newsweek, што апошні шпіёнскі скандал выходзіць далёка за межы ізаляванага інцыдэнту.

«Мы мелі гэтую праблему на працягу пэўнага часу — кажа генэрал. — Без сумневу, гэта значна горшая сытуацыя, чым у часы халоднай вайны, таму што тады расейцы не шпіёнілі за намі».

Паводле яго, цяпер замежная разьведная актыўнасьць у Чэхіі прадстаўленая расейцамі і кітайцамі, пасьля пачатку крызісу ва Ўкраіне летась Масква заўважальна павялічыла колькасьць сваіх шпіёнаў.

Генэрал Шандар адзначае, што Расея асабліва зацікаўленая ў інфармацыі пра чэскую энэргетыку, ў доступе да інфармацыі НАТО і ва ўплыве Прагі на прыняцьце рашэньняў у Эўразьвязе.

Чэхія стала чальцом НАТА у 1999 годзе, чальцом Эўразьвязу — у 2004 годзе. Аднак адносіны краіны з Расеяй застаюцца дваістымі, міністэрства абароны адмовілася ад разьмяшчэньня сілаў іншых краінаў НАТО на сваёй тэрыторыі, прэзыдэнт Зэман выказаў намер паехаць у Маскву сёлета на сьвяткаваньне 9 траўня.

«Расейцы хочуць зрабіць нас менш надзейнымі партнэрамі ЭЗ і НАТО. Яны маюць добрыя ўмовы для такой працы, бо наша палітычная сцэна падзеленая паміж прыхільнікамі НАТО і тымі людзьмі, якія кажуць, як добра было ў мінулым» — адзначае генэрал Шандар.

Ён нагадаў, што 35 гадоў таму ў Чэхіі дысьлякаваліся 100 тысячаў савецкіх вайскоўцаў, так што расейцы ведаюць Чэхію вельмі добра.

Паводле чэскіх разьведных крыніцаў, каля 30 супрацоўнікоў пасольства Расеі ў Празе зьяўляюцца агентамі расейскіх спэцслужбаў.

Адстаўны кіраўнік чэскай ваеннай выведкі ня спраўджвае гэтую лічбу, але нагадвае, што расейскае пасольства ў Празе налічвае 150 супрацоўнікаў, у той час як амэрыканскае — толькі 70. 28 чалавек працуюць у пасольстве КНР.

Апроч іншага, аб’ектам інтарэсу расейскіх разьведчыкаў разьведчыкаў зьяўляюцца навуковыя дасьледаваньні — падкрэсьлівае Андар Шандар.

П​адабенства савецкай і амэрыканскай авіяцыі пацьвярджае тое, што я кажу — дадае ён. «Расейцы таксама цікавяцца нашай мірнай ядзернай праграмай, пастаўкамі газу, нафты, і яны спрабуюць уплываць на палітыку. Яны спрабуюць зрабіць нас менш надзейныя партнэрамі ў ЭЗ, пачынаючы з праблемы санкцый».

Суразмоўца Newsweek падкрэсьлівае, што спроба зьнізіць узровень шпіёнскай актыўнасьці шляхам скарачэньне дыпляматычнага пэрсаналу ня надта афэктыўная, бо расейскія шпіёны працуюць ня толькі пад дыпляматычным прыкрыцьцём: «Ёсьць расейскія бізнэсоўцы, якія вандруюць па ўсім сьвеце, і прыходзяць сюды, каб зрабіць працу для расейскай выведкі».

«Расейцы працуюць у былых сацыялістычных краінах, у Польшчы, у Славаччыне, яны будуць працаваць у Вугоршчыне, Баўгарыі, Румыніі. Калі ў ЭЗ і НАТО будзе раскол, гэта іх задаволіць» — сказаў былы кіраўнік чэскай ваеннай выведкі, генэрал Андар Шандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG