Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамір’е ва Ўкраіне скончыцца, калі «высахне зямля»


Зброя ўкраінскіх вайскоўцаў на пляжы ў Марыюпалі
Зброя ўкраінскіх вайскоўцаў на пляжы ў Марыюпалі

Начальнік штабу ўкраінскага добраахвотнага батальёну «Данбас», які трымае пазыцыю каля вёскі Шырокіна пад Марыюпалем, лічыць, што ваенныя дзеяньні ва ўсходняй Украіне адновяцца празь месяц або паўтара.

Вайсковец, які прасіў называць сябе «Галам», даў інтэрвію Радыё Свабода.

Гал: Паводле менскіх дамоўленасьцяў, вёска Шырокіна павінна адносіцца да нашых тэрыторый, лінія падзелу павінна ісьці на ўсход ад вёскі. На сёньня мы займаем пазыцыі з заходняга боку вёскі. Тэрарысты рэгулярна абстрэльваюць нашы пазыцыі, прычым абстрэльваюць зь цяжкага ўзбраеньня, у прыватнасьці, з 120-мілімэтровых мінамётаў. У вёску заходзяць танкі, БТРы. Практычна вёскі як такой няма, яна разбурана, але сярод рэштак дамоў тэрарысты капаюць умацаваньні, вядзецца сталы абстрэл нашых пазыцый з стралковай зброі. Падцягнулі літаральна тры дні таму зэнітную ўстаноўку. На ўскраінах вёскі ў іх умацаваны раён, дзе катаецца танк, які пэрыядычна абстрэльвае нашых байцоў.

РС: У параўнаньні з тым, што было пару месяцаў таму, цяпер больш напружаная абстаноўка?

Гал: Цяпер не абстрэльваюць «Градамі», але затое назапашваюць жывую сілу і тэхніку. Я ня ведаю, пра што там дамаўляліся, але мяркуючы па аэрафотаздымцы, на бліжэйшых пазыцыях у Саханцы — ёсьць такая вёска побач з намі — як мінімум батарэя 120-мілімэтровых мінамётаў, якія забароненыя. Нашу тэхніку адцягнулі. Паводле маіх зьвестак, ідзе назапашваньне тэхнікі, робяцца праходы ў мінных загародах у Луганскай вобласьці ў бок Папаснай. Відавочна, тое ж самае адбываецца і тут. То бок, гэта чарговае перамір’е, якое дазваляе тэрарыстам і расейскім войскам ўмацавацца і ўзмацніцца.

РС: Ваша падразьдзяленьне нясе страты?

Гал: Так, пад Дэбальцавам 14 чалавек і ў Шырокіне адзін загінулы. Пра параненых не кажу.

РС: На вайне гэта важна, каб быў наладжаны побыт. У вас як з гэтым?

Гал: У нас наладжаны побыт. Вядома, гэта не ў «Гілтане» і ня дома, але на сёньняшні дзень у нас усё добра.

РС: Вы сказалі, што праціўнік назапашвае сілы. У вас ёсьць нейкае ўяўленьне аб тым, што вас чакае наперадзе?

Гал: Мяркуючы паводле досьведу, пасьля так званых перамір’яў быў Ілавайск, было Дэбальцава, цяпер, відавочна, зноў нешта будзе. Да таго часу, пакуль ініцыятыва будзе на баку суперніка, мы будзем увесь час саступаць, мы ўвесь час будзем абараняцца, на жаль.

РС: Як доўга яшчэ, на ваша адчуваньне, працягнецца перамір’е?

Гал: Я думаю, калі прасушацца палі. Сонейка выйшла, я думаю, сакавік-красавік, калі высахне зямля.

РС: Вы казалі, што пакуль ініцыятыва ў праціўніка, вы будзеце адступаць. Як ініцыятыва можа перайсьці да ўкраінскіх сілаў? Вы задаволеныя тым, як кіруюцца ўкраінскія войскі?

Гал: Вы ведаеце, я прайшоў Ілавайск, мае байцы прайшлі Дэбальцава, я вельмі задаволены тым, як кіруюцца нашы войскі. У мяне проста словаў няма ад радасьці, як гэта ўсё робіцца. Вы разумееце, гэта я цьвялюся.

РС: У вас няма адчуваньня, што ўрокі вывучаныя, што гэта не паўторыцца, што нешта мяняецца?

Гал: Ведаеце, калі я сядзеў у Ілавайску, заходзілі калены расейскіх войскаў, адразаючы нас ад ліній забесьпячэньня. Спадар начальнік штабу ўзброеных сілаў казаў у адказ на даклады выведкі, што гэта ўсё глупства, гэтага няма і ня можа быць, мы не ваюем з Расеяй. Пасьля чаго мы трапілі ў кацёл, 26 нашых сяброў было забіта, 58 прапала бязь вестак паводле дакумэнтаў, хоць мы ведаем, што яны таксама былі забітыя. Частка людзей трапіла ў палон. Гэта было тады. У Дэбальцаве адбывалася тое ж самае. Неаднаразова выведка дакладвала, што сілы Расейскай Федэрацыі накіраваныя на Дэбальцава, з Луганскай вобласьці здымаліся ўсе рэзэрвы. Мае выведнікі дакладвалі, што на тры вялікія гарады засталося 650 чалавек. Дзьве мэханізаваныя роты маглі зьнішчыць усю гэтую групоўку, зайшоўшы да іх у тыл. Гэта разумее нават маленькае дзіця: калі ўдар ідзе на Дэбальцава, то мы можам яго абрэзаць ззаду. Я не камандую ў генштабе, таму для мяне ўсё зразумела. Я гляджу, што адбываецца тут, калі не мяняюцца кіраўнікі, калі не мяняецца стыль, я думаю, што нічога добрага ў бліжэйшы час нам ня сьвеціць, калі гэта ня зьменіцца.

РС: Вы кадравы вайсковец? Якім чынам вы апынуліся на вайне?

Гал: Я быў кадравым вайскоўцам да 1992 году. Я служыў у ваенна-марскім флёце Савецкага Саюзу. Калі пачаўся развал, я звольніўся з войска. Увесь гэты час я займаўся фінансамі. На фронт я ішоў фінансавым дырэктарам буйной кампаніі. Чаму я пайшоў? Таму што гэта мая радзіма. Па нацыянальнасці я рускі, дарэчы, і жонка мая з Уладзівастоку.

РС: Гэта не выклікае складанасьцяў?

Гал: Я ваюю ня з рускімі, я ваюю з ворагам, я ваюю з агрэсарам і акупантам. Мне абсалютна ўсё роўна, на якой мове ён гаворыць.

РС: Сярод вашых таварышаў такія ж настроі?

Гал: Так. Мае таварышы — добраахвотнікі-патрыёты.

РС: Наколькі гэтыя настроі адрозьніваюцца ў вас, у добраахвотніцкага батальёну, і ў рэгулярных аддзелах украінскай арміі?

Гал: Я ня думаю, што яны моцна адрозьніваюцца. Ва ўсякім выпадку тыя хлопцы, якія стаяць побач з намі, яны такога ж меркаваньня, як і мы.

РС: Вы закрываеце Марыюпаль, у Марыюпалі большая частка насельніцтва за Украіну, але ёсьць, відавочна, тыя, хто за Расею, за так званыя «ДНР», «ЛНР» — у вас няма складанасьцяў у адносінах зь мясцовым насельніцтвам?

Гал: Вы ведаеце, няма. Так, сустракаюцца такія настроі, я, праўда, не разумею, чым яны жывяцца. Але ў цэлым насельніцтва — праўкраінскае. Пытаньне ў наступным: паглядзіце на гарады, якія захопленыя тэрарыстамі, што там адбываецца? Захапілі Дэбальцава, першае, што пачалі рабіць — пілаваць чыгуначныя вагоны на мэталалом, дакладна так і рабуюць, заводы расьпілоўваюць і гэтак далей. Што там цяпер добрага? Чэргі па ежу, па гуманітарку. А ў Марыюпалі ідзе жыцьцё, працуюць прадпрыемствы, кавярні, людзі адпачываюць. Прыйшлі тэрарысты ў Шырокіна — няма Шырокіна. Ідуць далей, ня будзе далей. Пакуль мы іх ня спынім, яны як саранча, якая зжырае ўсё на сваім шляху. Таму што сюды прыяжджаюць людзі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да гэтай краіны. Ім абсалютна ўсё роўна, што будзе далей з гэтай зямлёй. Таму нашы войскі стаяць на палях, а яны хаваюцца ў гарадах, ведаючы, што мы па гарадах страляць ня будзем. У нас не грамадзянская вайна, супраць нас ваюе Расейская Фэдэрацыя. А калі вы паглядзіце на тэрыторыі, якія акупаваныя Расейскай Фэдэрацыяй, вы зразумееце, што гэта нават не Данецкая і Луганская вобласьці — гэта маленькая частка, якую ім удалося захапіць. Там адбыўся тэрарыстычны пераварот, там пры ўладзе знаходзяцца бандыты, якіх падтрымлівае Расейская Фэдэрацыя. Там рэгулярна празь мяжу Расеі падаюцца боепрыпасы, падцягваецца тэхніка. Ня трэба казаць пра тое, што яны абараняюць сваю зямлю. Яны не абараняюць сваю зямлю — яны працуюць на акупанта.

РС: Вы лічыце, ва Ўкраіны хопіць сіл усяму гэтаму супрацьстаяць?

Гал: Мне б хацелася, каб зразумелі: калі ва Ўкраіны ня хопіць сілы ўсяму гэтаму супрацьстаяць, то будзе вялікая бяда па ўсёй Эўропе. Гэта было ўжо ў 1939 годзе. Тое, што мы адны стаім цяпер са зброяй у руках, хай гэта будзе на сумленьні многіх народаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG