Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка будуць судзіць Сяргея Рыжова


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Паводле папярэдняй інфармацыі, судовы працэс будзе адбывацца ў Першамайскім райсудзе Віцебска. І найверагодней, пройдзе ў закрытым рэжыме.

Пачатак суду — а 10 раніцы. Справу віцебскага палітыка, які называе сябе заснавальнікам незарэгістраванай Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыі «Белая Русь», будзе разьбіраць судзьдзя Андрэй Прэйс.

Пра гэта, са спасылкай на інфармацыю ад адваката Рыжова, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook ягоны сябар і аднадумца Ігар Пасноў.

Паводле спадара Паснова, «барцуны ад апазыцыі, якіх мы рэзка крытыкавалі», адвярнуліся ад Рыжова. Ён просіць падтрымаць Сяргея Рыжова матэрыяльна — пераслаць грошай ягонай маці, бо паслугі адваката каштавалі ўжо «больш за 15 мільёнаў».

Ігар Пасноў цьвердзіць, што з моманту затрыманьня Сяргей Рыжоў трымае ў СІЗА галадоўку. А ў якасьці доказу таго, як кепска выглядае сёньня ягоны сябар, выкладае ў сеткі фотаздымак Рыжова, зроблены 4-5 гадоў таму. І суправаджае фота подпісам пра тое, што яно «верагодна, зьнятае міліцыяй, і разасланае па сацыяльных сетках».

Спадар Пасноў піша, што Сяргея Рыжова трымаюць пад вартай па паклёпніцкіх зьвестках, што ён трапіў за краты як ахвяра палітычнага перасьледу за абвешчаны намер балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Сяргея Рыжова затрымалі 23 студзеня на кватэры ў віцебскага журналіста Ўладзімера Жыгулова. За некалькі дзён да гэтага ён вярнуўся з Расеі, дзе прабыў больш за год. Зьехаў ён неўзабаве пасьля суду, дзе яму прысудзілі 15 сутак арышту за хуліганства (знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане) і непадпарадкаваньне міліцыянтам — супрацоўнікам выцьвярэзьніка.

Рыжоў казаў, што справу супраць яго сфабрыкавалі і што ён сам стаўся ахвярай міліцэйскага гвалту. Тэрмін таго арышту ён так і не адбыў.

Цяперашнія абвінавачаньні — працяг той даўняй і заблытанай гісторыі. Сяргея Рыжова зноў вінавацяць у хуліганстве падчас знаходжаньня ў выцьвярэзьніку, але ўжо паводле артыкула Крымінальнага кодэксу. І ва ўчыненьні тамсама крымінальнага ўчынку сэксуальнага характару ў дачыненьні да мужчыны бяз пэўнага месца жыхарства.

Галоўны доказ супраць Сяргея Рыжова — здымкі відэакамэр, усталяваных у выцьвярэзьніку. Здымкі фігуравалі ў якасьці доказаў і на мінулым судовым працэсе, калі Рыжову далі «суткі». Што на гэтых здымках — не вядома ні праваабаронцам, ні ягонаму сябру Ігару Паснову, бо мінулым разам Сяргей Рыжоў сам папрасіў судзьдзю, каб іх праглядалі бяз сьведкаў.

Па словах Ігара Паснова, маці арыштаванага Рыжова датэлефанавалася на прамую лінію да нядаўна прызначанага старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва. І новы губэрнатар, якога Пасноў лічыць «удумлівым і мудрым кіраўніком» нібыта паабяцаў маці Рыжова ўзяць ягоную справу «пад асабісты кантроль».

Тацяна Севярынец: Мне па-чалавечы шкада Рыжова. Але якія ў яго могуць быць прэтэнзіі да апазыцыі?

Тацяна Севярынец, віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД шчыра прызнаецца: зь Сяргеем Рыжовым яна асабіста не знаёмая, а пра Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю «Белая Русь» ведае толькі з інтэрнэту: — Як чалавек ён мне ня блізкі, я ні разу ня чула, каб ён выказаў сваю пазыцыю адносна балючых для Беларусі пытаньняў. Ні разу ня чула, каб нешта рабіла тая партыя, якая нібыта існуе. Назоў для мяне заўжды быў дзіўны: у ім і «Белая Русь», як прадзяржаўная партыя, і «кансэрватыўна-хрысьціянская», як КХП БНФ. Ня чула, каб партыя Рыжова адстойвала нейкія хрысьціянскія каштоўнасьці. Увогуле усё, што я ведаю, — гэта нейкая дзейнасьць у інтэрнэце: то Рыжоў пісаў доўгія артыкулы, то ягоны сябар Пасноў іх камэнтаваў. Зноў-такі, пазыцыя аўтара там праглядаецца цьмяна: то Рыжоў за «русскій мір», ці проста супраць усіх... За той прэзыдэнцкай кампаніяй, у якой ён браў удзел, усе назіралі са сьмехам. Ад Рыжова былі нейкія дэклярацыі, што ён сур’ёзны канкурэнт Лукашэнку. Але ж ён нават не сабраў подпісаў — нават не дайшоў да падліку ў Цэнтарвыбаркаме. І калі ўжо казаць пра пасаду прэзыдэнта, то гэта мусіць быць сур’ёзная асоба, ужо ніяк не Рыжоў!

Так, мне яго шкада — як чалавека, які трапіў у складаную жыцьцёвую сытуацыю. Я ня буду зараз разважаць пра тое, ці злоўжываў ён алькаголем, і ці праўда тое, што ён нешта супрацьзаконнае зрабіў у выцьвярэзьніку. Адно магу сказаць — апазыцыя тут не пры чым, і не разумею, якія ў яго або сябра Ігара Паснова могуць быць прэтэнзіі да прадстаўнікоў апазыцыі.

Леанід Аўтухоў: Рыжоў — гэта беларускі сэпаратыст, і гэтым ён небясьпечны

Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

Віцебскі актывіст партыі БНФ Леанід Аўтухоў увогуле ня лічыць Сяргея Рыжова прадстаўніком беларускай апазыцыі, згадваючы ягоны ўдзел у «Русском марше», што праходзіў некалі ў Магілёве:

Я памятаю Рыжова на нейкім агульным пасяджэньні актывістаў. Ён толькі прасіў, каб яму далі грошай.

«Я памятаю Рыжова на нейкім агульным пасяджэньні актывістаў. Ён толькі прасіў, каб яму далі грошай. Вось і ўся падтрымка! У нас бядуюць сем’і палітвязьняў, сапраўдных беларусаў, а яму трэба грошы на розныя „Русские маршы“ і ўсякае такое. Ён — беларускі сэпаратыст, і гэтым небясьпечны. Асабліва тут, на ўсходзе краіны, дзе блізка расейская мяжа і адчувальны ўплыў. Калі б ён стаў прэзыдэнтам — гэта жах! Як палітыка я яго ніякім чынам не падтрымліваю».

Ян Дзяржаўцаў: Я быў на мінулым судзе над Рыжовым, і ён сам прагнаў нас з залі

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў згадвае, як прадстаўнікі апазыцыі хацелі падтрымаць Сяргея Рыжова на мінулым судзе, і чым гэта скончылася:

«Мы тады прыйшлі — і актывісты, і праваабаронцы, а Рыжоў заявіў, што хоча закрыты суд. Там мусілі паказваць відэа, і ў яго там, відаць, была далёка не станоўчая роля. Потым яму прысудзілі 15 сутак за хуліганства. І чамусьці адразу адпусьцілі пасьля суду. Мяне дык адразу вазілі на „суткі“ пасьля пікетаў, а Рыжова адпусьцілі, і ён спакойна зьехаў у Маскву. Што ён там рабіў, чым займаўся — ніхто ня ведае.

Адно скажу: ён — не беларускі палітык. Пра Беларусь ён ня дбаў і тады, калі ён ішоў на прэзыдэнцкія выбары. Ня ведаю, хто яго падвучыў, каб ён на іх пайшоў. Але як пра палітыка пра Рыжова я больш нічога і ня ведаю. Ягоная партыя — гэта пусты гук, а тое, што яна называецца „кансэрватыўна-хрысьціянскай“ — гэта ўвогуле плягіят».

Барыс Хамайда

Барыс Хамайда

Барыс Хамайда: З Рыжова прэзыдэнт — як зь мяне касманаўт

Найстарэйшы віцебскі апазыцыянэр толькі сьмяецца, калі згадвае прозьвішча Рыжова: «Ну, гэта абсалютна несур’ёзна! Пра Рыжова ў Віцебску ніхто і ня чуў да 2010 году пакуль ён не абвясьціў, што пойдзе ў прэзыдэнты. А зь яго прэзыдэнт — як зь мяне касманаўт! І партыя ягоная — гэта толькі фікцыя. Ня ведаю, можа, нават ён выконваў чыёсьці заданьне. Я ня ведаю, што наўме ў гэтых людзей — і ў Рыжова, і ў ягонага сябра Паснова. Яны толькі людзей баламуцяць сваім пустазвонствам, усё сабе грошай патрабуюць, а Беларусь, наша краіна — ім абодвум «да лямпачкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG