Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі міжнародны кансэрватыўны форум: Слава богу, мы рускія!


Міжнародны расейскі кансэрватыўны форум. Санкт-Пецярбург, Расея, 22 сакавіка 2015.

Міжнародны расейскі кансэрватыўны форум. Санкт-Пецярбург, Расея, 22 сакавіка 2015.

Міжнародны расейскі кансэрватыўны форум сабраў палітычныя рухі, якія ў сваіх краінах называюць фашысцкімі і нэанацысцкімі. Сотні ўдзельнікаў, многія зь якіх былі фігурантамі крымінальных спраў, прыехалі ў чатырохзоркавы гатэль Holiday Inn у Санкт-Пецярбугу.

У той самы час перад уваходам у гатэль піцерская паліцыя запіхвала ў паліцэйскія машыны нешматлікіх удзельнікаў антыфашысцкіх пікетаў.

«Там сабраліся фашысты, — кажа дзяўчына, якая прынесла на пікет плякат „Stop расізм“». «А чаму іх там у гатэлі сотні, а вас тут на халоднай вуліцы адзінкі?» — на пытаньне карэспандэнта Свабоды дзяўчына моўчкі паціскае плячыма. «Гэта рытарычнае пытаньне», — адказвае за яе сябар.

Звонку форум, які арганізуе піцерскае аддзяленьне партыі «Родина», нагадвае звычайную канфэрэнцыю. Спачатку ў вочы кідаюцца толькі казакі. Яны нібыта сочаць за парадкам, але вакол найбольш важных пэрсонаў — свае ахоўнікі, звычайныя мажныя хлапцы ў касьцюмах. Казакі выглядаюць дэкарацыяй, асабліва дзяўчына ў казацкай форме.​

Ёсьць колькі прыкметных зьнешне чалавек — у камуфляжы, з татуяванымі рукамі, паголенымі скронямі. Але большасьць удзельнікаў падзеі, якую ўжо назвалі «форумам нэанацыстаў» — звычайныя мужчыны і жанчыны ў больш-менш рэспэктабэльных строях.

Сёньня яны выглядаюць так.

Удзельнікі форуму

Удзельнікі форуму

«Гамасекі і лесьбіянкі бегаюць вакол»

Вольга Чыжык-Кінунэн. Гэтая жанчына сядзіць у фае перад пачатку форуму і трымае ў руках сьцяг Фінляндыі. На пінжаку ў яе вялікі значак «Родина Свобода поэтому Путин». У Фінляндыі Вольга жыве ўжо 20 гадоў і прадстаўляецца сяброўкай міжнароднага «Нацыянальна-Вызваленчага руху» (НОД, «Национально-освободительное движение»).

Вольга Чыжык-Кінунэн

Вольга Чыжык-Кінунэн

Чыжык-Кінунэн ахвотна і імпэтна апісвае гаротны стан паўночнай суседкі Расеі, у якім тая апынулася з-за прошукаў НАТО і ЗША:

«Цяпер гэта (Фінляндыя — РС) хутка будзе, прабачце мяне, як нейкая афрыканская рэспубліка. Аграмадная пазыка ў Фінляндыі, калясальнае беспрацоўе — парадку 600 тысяч. Мы змагаемся з эўрапейскай нечысьцю і гэтымі масонамі, якія дамінуюць у іх Эўропе», — кажа яна.

«Слава богу, у нас праваслаўная царква, слава богу, мы рускія, слава богу, у нас няма такіх ганебных законаў, якія зараз прынятыя ў Фінляндыі, прабачце, пра аднаполыя шлюбы, — працягвае Вольга. — Зараз гэтыя лесьбіянкі і гамасекі бегаюць вакол. А амбасадар Злучаных Штатаў важнейшы, чым урад. Ён кіруе гэтай краінай. Таксама гомасэксуаліст. Амэрыка косіць усіх».

Калі мы размаўлялі з Вольгай, я яшчэ ня ведала, што ў яе кароткай і эмацыйнай прамове — кароткі канспэкт выступаў, якія давядзецца праслухаць на працягу наступных гадзінаў.

Можна было б і пасьмяяцца, але НОД, які прадстаўляе Вольга, ёсьць і ў Беларусі. Ягоны каардынатар мянчук Уладзімер Рыжанкоў. Пра свае абавязкі ён шчыра піша ў профілі Вконтакте. На «сьцяне» Рыжанкоў абяцае «запомніць» старшыню БНФ Аляксея Янукевіча, не дапусьціць у Менску акцыі ўшанаваньня памяці Барыса Нямцова, а фотаздымак з разьвітаньня суправаджае подпісам «Менск не ў жалобе, сабаку — сабачая сьмерць. На вайне як на вайне». Аснову слоўнікавага запасу Рыжанкова складаюць словы «підар» і «гейропа».

«Жадаю вам посьпехаў на Данбасе»

Калідор перад уваходам у залю «Пятроў-Водкін» упрыгожаны плякатамі Моара і Родчанкі. Тут прагульваецца ў кампаніі сяброў кіраўнік дывэрсійна-штурмавой групы ЛНР Аляксей Мільчакоў.

Аляксей Мільчакоў (у цэнтры)

Аляксей Мільчакоў (у цэнтры)



24-гадовы пецярбуржац, якога называюць адным з самых небясьпечных тэрарыстаў Данбасу, нэанацыстам і фашыстам-скуралупам. Падчас форуму Мільчакоў увесь час абдымае сваю дзяўчыну ў шчыльнай кароткай сукенцы.

У залі да Мільчакова ледзьве ня кідаюцца два прадстаўнікі Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Карл Рыхтэр і Енс Пюсэ. Пюсэ называюць другім чалавекам у партыі. Менавіта ён пажадаў Мільчакову «посьпехаў на Данбасе».

Мільчакоў па-ангельску не гаворыць, на дапамогу прыходзіць сяброўка:

«Мы хочам атрымліваць ад вас больш дэталяў пра амэрыканскую падтрымку Ўкраіны, — кажа Рыхтэр. — У нас ёсьць магчымасьці гаварыць у парлямэнце пра тое, чаго ня ведаюць у Заходняй Эўропе. У нас ёсьць кантакты з чальцамі парлямэнту ў Страсбургу».

«Мы можам перадаваць інфармацыю як пра ранейшае, так і наўпрост пра хаду баявых дзеяньняў», — адказвае Мільчакоў.

Нацыянальна-дэмакратычныя партыя Нямеччыны на форуме прадстаўленая сваім лідэрам Уда Фойгтам, цяпер дэпутатам Эўрапарлямэнту. У 2012-м яго асудзілі на 10 месяцаў турмы за ўхваленьне салдатаў вафэн-СС, якія былі асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасьці. Але Фойгт за апошняе дзесяцігодзьдзе адзначыўся ня раз. У 2007 у інтэрвію іранскаму тэлебачаньню ён заявіў, што колькасьць ахвяраў галакосту складае не 6 мільёнаў, а 340 тысяч. Яго погляды ў некаторых СМІ характарызуюцца як ксэнафобскія і антысэміцкія, а саму партыю ўголас называюць нэанацысцкай.

За 60 гадоў існаваньня яе ня раз спрабавалі забараніць на радзіме ў Нямеччыне. Апошні раз гэта не ўдалося зрабіць у 2012. Тады за сувязь з нэанацысцкай арганізацыяй «Нацыянал-сацыялістычнае падпольле», якая абвінавачвалася ў забойстве 10 чалавек, быў затрыманы ўплывовы чалец партыі Ральф Волебен.

Што тычыцца Пюсе, то ў маладосьці ён уваходзіў у даўно ўжо забароненую нэанацысцкую групоўку Нацыяналістычны фронт. Фронт меў узброенае крыло і быў абвінавачаны ў шэрагу нападаў і забойстваў.

Мільчакоў пасьля тлумачыць, што яму важныя сувязі зь любымі эўрапейскімі рухамі. Першая мэта гэтай кансалідацыі — «праблема Ўкраіны і антынароднай палітыкі ўкраінскай улады».

Аляксей Мільчакоў размаўляе з прадстаўнікамі Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны

Аляксей Мільчакоў размаўляе з прадстаўнікамі Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыны

Наша мэта — пабудова Эўропы

Форум адкрываецца кароткім экскурсам у гісторыю НАТО. «Гэта праэўрапейская арганізацыя? — пытаецца арганізатар форуму, сябар партыі „Родина“ Юры Любамірскі. — Яна нясе ёй толькі пагрозу. Яе мэта ў тым, каб Эўропа стала краінай трэцяга сьвету».

«Нашая мэта — пабудова Эўропы. Мы змагаемся зь небясьпечным ворагам», — гэтымі словамі Любамірскі дае старт выступам.

«Усіх, хто вітаецца зь любым з чальцоў кіеўскага ўраду, можна назваць радыкалам, пасобнікам фашыстаў. Мы ж з вамі выступаем як міратворцы», — заяўляе Фёдар Бірукоў з Сацыяльна-патрыятычнага клюбу «Сталінград».

Словы: «Тое, што адбываецца на тэрыторыі Данбасу, гэта ня толькі вайна, ня толькі генацыд расейскага народу, а вайна, разьвязаная адміністрацыяй Вашынгтону ў Эўропе», — Бірукоў патрабуе ўнесьці ў рэзалюцыю форуму.

«Нядаўна расейскі народ ажыцьцявіў права народу на самавызначэньне і вяртаньне народу, адрынутага сваёй радзімай, — расейскага кансэрватара Канстанціна Крылова заля вітала воплескамі. — Расейскае паўстаньне на Данбасе зараз мусіць быць падтрыманае як паўстаньне грэкаў супраць Асманскага ўладараньня».

Канстанцін Крылоў (зьлева)

Канстанцін Крылоў (зьлева)

Воплескамі заля адарыла Крылова і за новае азначэньне слова «талерантнасьць».

«Напрыклад, прабачце, прастытуцыя, — сказаў Крылоў, калі распавядаў пра тое, што ўсім нам трэба вярнуцца да каштоўнасьцяў старой Эўропы ўзору 19 стагодзьдзя і напалеонаўскага кодэксу. — „Дом цярпімасьці“ гэта быў „дом талерантнасьці“ (сьмех і аплядысмэнты). Зараз гэтае слова зьмянілася. Раней гэта азначала зьяву, якую цярпелі, але грамадзтва не ўхваляла. Цяпер гэта зьява, якую грамадзтва мусіць ня тое, што трываць, але і ўхваляць».

«Мы хочам быць у адной сям’і з расейскімі людзьмі. Рускія людзі прадстаўляюць адраджэньне Эўропы і хрысьціянскай Эўропы, — вяшчаў з трыбуны пасьлядоўнік традыцый італьянскага фашызму і фігурант справаў аб тэрарызьме Рабэрта Фіорэ, кіраўнік партыі „Новая сіла“. — Гэта ня я кажу, гэта Бог кажа гэта».

Адвакат расісцкіх ідэяў і аўтар кнігі «Белая ідэнтычнасьць» Джарэд Тэйлар выбачаўся за сваю радзіму ЗША. Тлумачыў, як «немагчыма падтрымліваць аўтэнтычныя традыцыі ў сумесі эўрапейцаў, лацінаамэрыканцаў і азіятаў, і што разнастайнасьць зьяўляецца забойцай усіх каштоўнасьцяў».

«Вашая барацьба — гэта мая барацьба», — недвухсэнсоўна скончыў свой выступ амэрыканец.

Прыхільніку вафэн-СС і эўрадэпутату Уда Фойгту пляскалі ў ладкі ня раз.

«Мы выступаем за ідэнтычнасьць народаў Эўропы. У цэнтры нашай палітыкі не амэрыканскі спосаб жыцьця (аплядысмэнты), не праблемы пэдэрастаў і лесьбіянак (яшчэ раз аплядысмэнты). Цэнтар нашай палітыкі — нашы сем’і, нашы дзеці (і яшчэ раз аплядысмэнты)», — Фойгт залі яўна спадабаўся.

Найменш уважліва слухалі прадстаўнікоў ультраправай грэцкай партыі «Новы золак» Сынадынаса Элефэрыяса і Георгіаса Эпітцідэіаса. Абодва, дарэчы, дэпутаты Эўрапарлямэнту. Кіраўніка іхнай партыі Нікаса Міхалаілакаса толькі-толькі выпусьцілі з турмы пасьля 18 месяцаў зьняволеньня. Абвінавачваецца ён у забойстве, як і пяць іншых юрыстаў партыі. Статут партыі наўпрост піша, што на сяброўства ў ёй могуць прэтэндаваць толькі «арыйцы па крыві і грэкі па паходжаньні».

Грэцкія ўдзельнікі форуму да таго ж пасьлядоўна адстойваюць пазыцыі Расеі ў Эўрапарлямэнце і выступаюць супраць санкцый. А Элефэрыяс на 15 хвілінаў прапанаваў плян усебаковага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Грэцыяй. Але яго мала хто слухаў.

Мне сорамна за свой горад

«Нам ня трэба замежныя нацысты ў Піцеры. Сваіх няма куды падзець», «Панаехалі тут», «Мне сорамна за мой горад», — з такімі плякатамі выйшлі пратэставаць перад гатэлем грамадзкія актывісты. Яны называюць сябе толькі імёнамі і настойваюць, што не прадстаўляюць аніякіх рухаў.

«Камічна, што людзі радыкальных поглядаў зьбіраюцца тут у тыдзень супраць расізму, — кажа дзяўчына. — Гэта сымбалічна».

«Ніякага антыфашысцкага руху няма», — кажа хлапец з плякатам «Панаехалі тут».

Паводле расейскіх правілаў, на адзінкавы пікет не патрэбны дазвол. Каб твой пікет быў адзінкавым, адлегласьць паміж пікетоўшчыкамі мусіць быць ня менш за 50 мэтраў. За гэтым жорстка сочаць міліцыянты.

«Мне здаецца, што тое, што сёньня адбываецца, за гэта мусіць быць сорамна. Мне сорамна і за сябе і за свой горад. Сёньня адбываецца зьезд людзей з расісцкай, нэанацысцкай ідэалёгіяй», — пецярбуржанка ў пятым пакаленьні Тацьцяна Фёдарава таксама стаіць у пікеце. — Мае бацькі перажылі блякаду. Наш горад гістарычна славіўся талерантнасьцю. Мне сорамна».

Спачатку здавалася, што пратэст перад гатэлем будзе нешматлюдным, але невядома адкуль зьяўляецца «самба-бэнд». Зусім маладзенькія дзяўчаты б’юць у барабан і эмаляваную міску і крычаць: «Наци F..k off. Нет фашизму всех мастей от подворотен до властей». Гэта ўжо несанкцыянаванае мерапрыемства, і паліцыя хуценька запіхвае дзяўчат у сваю машыну. Але дзьверы замкнуць забылі, і пакуль паліцыянты ўціхамірваюць іншых пратэстантаў, дзяўчаты ўцякаюць.

У гэты момант да пратэстоўцаў проста ў кашулі выходзіць «дэмакрат і кансэрватар» Канстанцін Крылоў. У яго важная місія: як відавочца ён прыйшоў распавесьці, што ў Holiday Inn няма фашыстаў:

«Я ўважліва слухаў гэтага немца (Уда Фойгта — РС). Я якраз разьлічваў, што ён выйдзе, зігу кіне і крыкне нешта пра нацы. Але ён казаў пра тое, што яны ў Эўрапарлямэнце падтрымліваюць Расею. А далей зрабіў тыповую прамову эўраскептыка.

А далей быў „Залаты золак“. Я вось думаў, што хоць яны „запаляць“. — Казлоў распавёў, што эмблема „золку“ ня свастыка, а „мэандар“, і ён сам бачыў амфары з такімі мэандрамі. — А ведаеце, пра што ён казаў? Я, шчыра кажучы, рагатаў. Ён стаў казаць пра экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, калі Расея адменіць санкцыі. То бок пра масьліны, пра аліўкі і пра ўсё гэта».

«Шчыра скажу, мне хутчэй спадабалася тое, што яны кажуць», — заключае Крылоў.

Ён нават спрабуе ў нечым пераканаць купку антыфашыстаў, але ягоную дэмагогію заглушаюць песьняй:

«Люся, дарагая, шлю тебе привет.

Глазки вострые твои знает целый свет.

От больших городов до бескрайних морей

Помнит каждый третий о винтовке твоей.

От винтовки твоей, от винтовки твоей,

Триста нацистов полегли среди полей».

P.S. Каля паловы на шостую вечара зьявілася паведамленьне, што будынак Holiday Inn замінаваны. Усіх абяцалі эвакуяваць, але ўдзельнікі форуму сьцьвярджаюць, што пасьпелі падпісаць сваю рэзалюцыю да эвакуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG