Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі азірнуцца на 20-гадовую бытнасьць антыбеларускага рэжыму і прыгледзецца да яго акупацыйнай палітыкі, то заўважым, што найбольш узьненавіджаным пэрыядам беларускага змаганьня для яго кантралёраў і выканаўцаў зьяўляюцца 90-я гады

Калі азірнуцца на 20-гадовую бытнасьць антыбеларускага рэжыму і прыгледзецца да яго акупацыйнай палітыкі, то заўважым, што найбольш узьненавіджаным пэрыядам беларускага змаганьня для яго кантралёраў і выканаўцаў зьяўляецца не аб'яўленьне незалежнасьці БНР, не 20-я гады, не Слуцкая збройная абарона і нават не пэрыяд нямецкай акупацыі і ўздым беларускага Адраджэньня ў 1941-44 гг., а 90-я гады, дзейнасьць Беларускага Народнага Фронту і яго дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, калі была здабытая рэальная незалежнасьць і створана рэальная беларуская дзяржава – падзея найвялікшай гістарычнай важнасьці для ўсіх беларусаў.

Тут рэжым пасьлядоўна выконвае абмежавальныя і зьнішчальныя ўстаноўкі з Масквы, а маскоўскія прапагандысты расейскай імпэрыі «русского мира» упадаюць у гістэрыку – так ім усё тое ненавісна. Арганізаваныя цэлыя арміі троляў, бесаў, дрэняў, якія нястомна цьвеляць, гадзяць, лаюцца ў Сеціве на БНФ, на 91-ы год, на Беларускую Незалежнасьць і барацьбу. Цэлыя групы псэўдапубліцыстаў, псэўдафілосафаў, псэўдааналітыкаў ды розных «дзеячоў» самазакахана і фальшыва, з «разумным» выглядам разважаюць, як, маўляў, не па-іхняму, дрэнна рабіў БНФ, як «няправільна» змагаўся за волю (пра якую яны тады ня думалі) і як не зрабіў ім ўсяго таго, чаго ім цяпер захацелася. Самаеды і самаедцы кулачкамі б'юць сябе ў грудзі.

Маскве хацелася б усё перакруціць, затаптаць і замаўчаць, бо тут, у сутыкненьні з Народным Фронтам у 90-х, была яе гістарычная імпэрская параза. Рэванш узяты, але ня поўны і з песьні слова ня выкінеш. Дык шалеюць ворагі Беларусі. Таму кнігі, напісаныя ведаючымі людзьмі пра беларускую нацыянальную рэвалюцыю і Адраджэньне ў 90-х гадах – гэтыя кнігі ў Беларусь амаль не трапляюць. Іх адбіраюць на мяжы нават у падарункавым варыянце ў адным экзэмпляры. Гэта я добра ведаю па сваім выдавецкім вопыце. Тым больш лічу станоўчым фактам, што кніга Сяргея Навумчыка пра 1994 год (якая так і называецца – «Дзевяноста чацьверты») і якая нядаўна выйшла з друку, будзе ў панядзелак 23 сакавіка прадстаўлена на прэзэнтацыі ў Менску.

Тэкст гэтай кнігі я ўжо чытаў па частках, якія пэрыядычна зьмяшчаліся ў Сеціве.

Сяргей Навумчык не называе сябе гісторыкам, хаця, фактычна, апісвае гісторыю таго пераломнага часу. Яго вялікая перавага перад бальшынёй гісторыкаў у тым, што ён як парлямэнцкі палітык Фронту ведае і разумее прадмет палітыкі як зьяву, удзельнікам якой ён быў. Гэта тая асаблівасьць, якой гісторыкі, як правіла, не валодаюць. Удакладню канкрэтна. Каб напісаць гісторыю палітычнай зьявы, трэба ведаць ня толькі факты, але найперш валодаць палітычным думаньнем.

З гэтага пункту гледжаньня, тэкст Сяргея Навумчыка напісаны ў форме ўспамінаў з апорай на дакумэнты і факты, мае большую каштоўнасьць для гісторыі, чым міталёгія іншых гісторыкаў, заблытаных супярэчлівымі фактамі і незразумелымі для іх падзеямі.

Віншую Сяргея Навумчыка з выхадам добрай і карыснай для Беларусі кнігі. Пра той час трэба пісаць па гадах. Наперадзе 1992-гі, 1993-ці, 1995-ы і 1996-ы. Кожны гэты год быў варты дзесяцігодзьдзям. Кожны пакінуў свой сьлед у гісторыі і лёсе Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG