Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Унук заўжды перамагае


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Завёз малога ў Пінск на дзядзькаваньне, дык цяпер тэлефаную маці, распытваю, як ён там. Нядаўна чую ў слухаўцы шчасьлівы сьмех. Што такое? Маці кажа: «Дзед яго навучыў у шашкі гуляць. Цяпер змагаюцца». Дагаварылі, а потым доўга сядзеў, успамінаў, як сам гуляў зь дзедам, якога ўжо няма гадоў пятнаццаць.

Шашкі – дзедаўская гульня. Азы камунікацыі і стратэгічнага плянаваньня, якія трэба перадаць наступніку. Каб навучыць, мусіш мець цярплівасьць, чаго ў бацькоў зазвычай малавата, а ў дзядоў чамусьці дастаткова.

Дзед – чалавек, які даруе й цярпіць. Ён вельмі часта аддае перамогу ў твае рукі, каб ты адчуў сябе роўным яму. Як ні дзіўна, дзеду гэта важней, чым унуку: ведаць і бачыць, што й пасьля яго будуць такія ж людзі, з галавой і рукамі. І можа, наступнікі некалі прыгадаюць дзедаву спагаду й самаахвярнасьць і доўгія зімовыя вечары, праведзеныя за чорна-белай гульнёй.

Нашае пакаленьне вельмі часта абвінавачваюць ва ўсіх сьмяротных грахах. Нічога ня ведаюць, ня тое чытаюць, ня тымі захапляюцца, пішуць усякую брыду, малююць абы-што, мітусяцца, як прусакі, а вось мы – а вось у наш час! Мы, маўляў, маглі. А што яны могуць, смаркачы, якія яны змагары?

Так і жывем. Сапраўды, шмат хто з пакаленьня маіх аднагодкаў не адчувае сябе змагаром. Мы даўно сноўдаемся па краіне без Лукашэнкі: працуем, адпачываем, абмяркоўваем усякую фігню па-беларуску, пішам кніжкі, песьні, кляпаем у падвале вышыванкі, ствараем нейкія тусовачныя месцы. І ня трэба, каб гэтыя месцы, як каструляю, накрывалі сабою ўсіх беларусаў і ўсю Беларусь. Цалкам дастаткова дзесяці-пятнаццаці сяброў і сябровак, якія прыводзяць сваіх сяброў і сябровак, а тыя сваіх. І гэтым людзям утульна.

Дзяды беларушчыны ірвуць на сабе кашулю. Сядзяць на табурэтках зь цьвікамі. Упэўненыя, што «і так усё ясна» і што «свае мазгі ня ўставіш». Моляцца на старыя каноны і крычаць нам: «Пакайцеся, бездухоўныя!»

Мы сядзім у зручных фатэлях, цэдзім эспрэса, чытаем у арыгінале. Сотні нашых знаёмцаў абляцелі ўвесь сьвет на самалётах, працавалі на сур’ёзных людзей, адкрылі свае фірмы й кампаніі, адкуль не выганяюць за 15 сутак; заснавалі беларусацэнтрычныя сайты, дзе няма ніводнай навіны пра Лукашэнку, аднак народ туды ходзіць і ходзіць.

Каштоўнасны сьвет саўковай дзяржавы, зь яе начальнічкамі і ідэалягічнымі службамі звужаецца, як шчыгрынавая скура. Ён пакрысе адкрывае ўсім сваю сутнасьць – пустэчу. Магчыма, гэта найбольш заўважаецца ў Менску. Але пакуль дзед замест гульні корміць шашкамі ўнука, калос на гліняных нагах будзе стаяць.

Старыя дрэвы!

Я з пашанай спыняюся

Перад імі ў прывітаньні,

Бо многім абавязаны ім

У сваім жыцьці.

Хаця вядома:

У іх цараванай засені

Заўжды расьці нялёгка.

(М. Танк. 10.04.1993)

Дзякуй за незалежнасьць, сьцяг, герб, мову, песьню на словы Янкі Купалы, чатыры паліцы кніжак, але далей мы самі. Не хвалюйцеся, не разаб’ем ваш «крыштальны сасуд». Ды што вы ўчапіліся ў яго і пхаеце сабе ў кішэнь, як ППРБ тры галіны ўлады? Не, яшчэ не дарасьлі? Чакаць да шасьцідзесяці, тады «можа быць»? Даражэнькія, сьвет зьмяніўся, толькі ўнук можа перамагчы. Хочаце кветак на магілу – задумайцеся пра гэта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG