Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітацца з музыкам Генадзем Старыкавым можна будзе 23 сакавіка


Музыка Генадзь Старыкаў

Музыка Генадзь Старыкаў

Сябры выбітнага музыкі і выканаўца Генадзя Старыкава, які памёр 21 сакавіка на 65-м годзе пасьля імклівай хваробы, паведамляюць, што цырымонія разьвітаньня адбудзецца ў панядзелак 23 сакавіка а 14-й гадзіне ў рытуальнай залі па адрасе: Менск, вуліца Сямашкі, д.8, корпус 5 (не даяджаючы 9-га клінічнага шпіталя, мэтро «Пятроўшчына).

Пахаваны Генадзь Старыкаў будзе ў той жа дзень на Заходніх могілках Менскай вобласьці.

На пачатку лютага музыку шпіталізавалі з прычынаў хваробы сэрца, а таксама распачалі лекаваньне лёгкіх. Паводле папярэдніх зьвестак, сьмерць музыкі выклікаў ацёк лёгкіх.

На страту знакавай для музычнага асяродку Беларусі адгукнуліся амаль усе прадстаўнікі сцэны. Вось што на гэты конт выказаў Піт Паўлаў:

«Няма больш Гены Старыкава! Гітарыста, прамоўтэра і яскравага
пэрсанажу менскага музычнага сьвету. Ён зьяўляўся ў маім тэлефоне, каб запрасіць на чарговае паседжаньне „Стар-клюбу“, ён заўсёды казаў пасьля выступу камплімэнтарную прамову, ён шчыра любіў нас усіх: NRM, Kriwi, Musicband, GARADzKIJA, FLAT, PETE-PAFF, а калісьці і мой першы гурт Полтергейст. Напэўна, з усімі сваімі праектамі я зьяўляўся ў Гены. Амаль з усімі менскімі музыкамі я меў магчымасць паджэмаваць, дзякуючы ягонай кіпучай энэргіі. Ён існаваў паралельна, але ж часта зьяўляўся ў жартах, анэкдотах і байках. Зараз пераносіцца ў легенду. Дзякуй табе, дружа. Сьпі спакойна...».

Генадзь Старыкаў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску. Вучыўся ў Беларускім палітэхнічным інстытуце, скончыў Менскую музычны вучэльню па клясе клясычнай гітары і дырыжаваньня ў 1984 годзе. Пачаў выступаць у складзе менскіх біт-гуртоў зь сярэдзіны 60-х. Граў у гурце «2 + 2», «Альгарытмы», «Чарадзеі», «Факіры», «Чары». У 1978 годзе быў запрошаны ў склад ВІА «Верасы», у 1982-1983 гадах зьяўляўся ўдзельнікам ансамбля «Тоніка», у 1987-1990 — гітарыст аркестра Менскага цырку. У 1995 годзе заснаваў «Стар-клюб» — нефармальнае аб’яднаньне музыкаў і аматараў блюзу, ладзіў фэстываль «Блюз жыве ў Менску».

XS
SM
MD
LG