Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксей Марачкін пра спалены танк, смаленьне чорнага вепрука і «Пагоню»


Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

У Горадні,ў галерэі «Крыга», адкрылася новая выстава Алеся Марачкіна. Падчас адкрыцьця з прывітальным словам выступіла гаспадыня галерэі Марыся Мацко, а таксама мастацтвазнаўца Марына Загідуліна.

Аляксей Марачкін прыгадаў, што аднойчы пасьля выставы адзін з гарадзенскіх музэяў набыў адразу дваннацаць ягоных палотнаў. Маэстра прызнаўся:

«Калі браць фармулёўку Казіміра Малевіча, то я мастак-злодзей. А менавіта — той, хто піша з натуры — гэта злодзей. Трэба пісаць з галавы, выдумляць». Узгадваючы вучобу ў савецкія часы, мастак распавёў, што калі трапіў у войска, спаліў у вайсковай частцы «Пячы» танк: «Капітан Грабавік запытаўся: Марачкін, ты ведаеш колькі гэта ты кароў спаліў?» А на стагодзьдзе Леніна малады мастак намаляваў як смаляць чорнага вепрука.

Аляксей Марачкін і мастацтвазнаўца Маырна Загідуліна

Аляксей Марачкін і мастацтвазнаўца Маырна Загідуліна

Аляксей Марачкін таксама адказаў на пытаньні Свабоды:

Карэспандэнт: «Некалі Язэп Драздовіч намаляваў вершніка з паходняй замест мяча. Існаваў у тыя часы і іншы мастацкі варыянт — з вершнікам-жанчынай, як маці-краінай. Якія, на Ваш погляд, межы для свабоды творчасьці ў выпадку з Пагоняй? Дзяўчына замест рыцара — гэта сапраўды замах на герб? Бо зь ім адбыліся раней значна горшыя рэчы: яго здымалі з фасадаў, напэўна й зьнішчалі, як той жа бел-чырвона-белы сьцяг?»

Аляксей Марачкін: «Сам удзельнічаў крыху ў тым, як Яўген Кулік ствараў эталён Пагоні». «Так, у Драздовіча была свая Пагоня, называлася Пагоняй Ярылы. У некаторых мастакоў была свая інтэрпрэтацыя. Прадметам мастацтва можа быць усё, але ўсё залежыць ад таленту», пагаджаецца ён. «Але плагіят, ён павінен быць плагіятам і быць падпісаны: вось ты скраў коніка ці перавёў адзін да аднаго праз фоташоп. Але ў прынцыпе такая пазытыўная інтэрпрэтацыя, яна можа быць. І для мяне на коніку Жана Д’арк, як я сабе ўяўляю, мяне гэта асабліва не абурае. Але мяне абурае, што гэта некаму дае магчымасьць для „сьцёбу“, зьдзеквацца з нашых сімвалаў. Карацей, мне гэта непрыемна. Але што рабіць, сапраўды, калі ёсьць здымак, на якім Ціцянкоў разрываў наш сьцяг, калі яго здымалі. Трэба ў суд падаваць. Але мы гэта даруем...»

Карэспандэнт: «Значыць, эстэтычна замену дзяўчынай рыцара можна разглядаць, як, напрыклад, вядомую Джаконду з вусамі?»

Марачкін: «Джаконда з вусамі — гэта таксама сьцёб і іронія. Але гэта ня чэляс закрываць „Пагоняй“, як зрабіў адзін маладзён у нас... Так, я з карцінай іншага мастака магу рабіць нешта, але вельмі асьцярожна, выкарыстоўваючы нейкія дэталі».

Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

Карэспандэнт: «Сёньня не стамляюцца паўтараць, што пісьменьнікаў у Беларусі стала больш, чым чытачоў. А якое становішча мастакоў? У сваёй самотнасьці ці не мае мастак адчуваньня сваёй непатрэбнасьці? Што разьлік на адзінага пакупніка сваёй карціны можа ня спраўдзіцца?»

Марачкін: «У мяне такога адчуваньня няма. І літаратура, і выяўленчае мастацтва, гэта ўсё-ткі індывідуальная праца. Калі я сам-насам з палатном, то я выкладаю свае думкі праз сваё рамяство. Ва ўсялякім разе мне здаецца, што ніхто мне не дыктуе. Я стараюся быць свабодным, ніхто ня водзіць мяне за руку: вось так і так трэба. Так і паэт, і пісьменьнік. Іншая справа, калі я малюю і думаю аб тым, каб гэта прадалося, гэта ўжо лічы, што будзе правал. Бо тады ты робіш тое, што сёньня адпавядае сярэдняму гледачу ці чытачу. Існуюць магчымасьці, „фокусы“, каб атрымаць гледача ці чытача, гэта элемэнтарна, гэта распрацавана. Калі табе самому гэта цікава, гэта будзе цікава і чытачам ці гледачам. Таму нічога, што пісьменьнікаў больш, чым чытачоў. Чым больш пісьменьнікаў у нас, мастакоў, тым лепей».

Карэспандэнт: «Горадню спрабавалі называць горадам-музэем, але які гэта музэй, калі палова старога цэнтру забудаваная хрушчоўкамі? Калі часам пабудовы нагадваюць бутафорыю? Але пры ўсім гэтым, ці адчувае мастак хоць нейкую сілу, якую яшчэ можа захоўваць старая забудова, замкі?»

Марачкін: «Я ня вельмі добра ведаю спадчыну Горадні. Гарадзенскі брадвэй (пешаходная вуліца Савецкая) вычышчаны, і няхай крыху ёсьць штосьці ад паказухі, ён ўражвае чалавека, які прыехаў на дзень-два. Але ёсьць таксама іншыя рэчы: парк, дамы, на якіх захаваліся каваныя бальконы, а ў некаторых выпадках разныя дзьверы дубовыя — вось я сёньня ішоў і бачыў іх. Сынагога робіць уражаньне. Я памятаю ў ёй некалі быў мастацкі камбінат і туды было страшна заходзіць. І раптам — такі дагледжаны будынак, велічна глядзіцца. Таму Горадня стварае ўражаньне эўрапейскасьці, ёсьць яна. Вы ведаеце, прадмет выхоўвае чалавека, які яго стварыў. Як я ствараю карціну — і яна ўжо ўплывае на мяне і можа ўплываць на іншых людзей. Пытаньне — як? Ці разбурае душу, ці мацуе дух? На жаль, Горадня страціла нямала сваіх унікальных будынкаў. Але дзякуй Богу, што Каложа ёсьць, сымбаль гораду, што на плошчы — храм-дамінанта, я яго маляваў з натуры. І гэта ўражвае сваёй велічнасьцю. Пры ўсіх недахопах Горадня цепліць маю душу, сваім калярытам, Нёманам, Каложай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG