Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двухбаковай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Астане не адбылося


Сустрэча "тройкі" ў Астане, 20 сакавіка.

Сустрэча "тройкі" ў Астане, 20 сакавіка.

У сталіцы Казахстану скончыліся перамовы кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Казахстану, якія адкладаліся зь мінулага тыдня.

Учора, яшчэ да прыезду ў Астану Ўладзімера Пуціна, прайшла двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева. Пуцін прыляцеў толькі ўначы і сёньня ў першай палове дня таксама сустрэўся зь лідэрам Казахстану. Потым кіраўнікі дзяржаў правялі трохбаковыя перамовы. Асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна не адбылося.

У заяве для прэсы па выніках трохбаковай сустрэчы Пуцін адзначыў, што перамовы не былі працяглымі, але падчас іх быў абмеркаваны «ўвесь комплекс узаемаадносін паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам».

Расейскі кіраўнік узьняў пытаньне пра валютны саюз трох краін:

«Дамовіліся з партнэрамі працягнуць каардынацыю манэтарнай палітыкі. Думаем, прыйшоў час пагаварыць і пра магчымасьць фармаваньня ў пэрспэктыве валютнага саюзу. Працуючы плячо ў плячо, прасьцей рэагаваць на зьнешнія фінансава-эканамічныя пагрозы, абараняць наш сумесны рынак».

Назарбаеў заявіў журналістам пра неабходнасьць краінам-удзельніцам Эўразійскага эканамічнага саюзу выпрацаваць агульны плян па пераадольваньні крызісу. Ён дадаў, што кіраўнікі трох краін дамовіліся «працягнуць практыку такіх дзелавых нефармальных сустрэч».

«Нам важна выпрацаваць сумесны плян дзеяньняў па пераадоленьні крызісных зьяў у нашых эканоміках. Менавіта гэтаму пытаньню была прысьвечана сёньняшняя сустрэча прэзыдэнтаў. Напрыклад, таваразварот паміж Расеяй і Казахстанам зьнізіўся на 20% — якраз, у асноўным, за кошт зьніжэньня коштаў на экспартныя тавары нашы і, вядома, ваганьняў валют нашых краін. Мы павінны сумесна пераадолець гэты цяжар », -- заявіў Назарбаеў пасьля перамоваў у Астане.

Паводле яго слоў, лідэры трох краін у часе сустрэчы дамовіліся разьвіваць гандлёва-эканамічнае, інвэстыцыйнае супрацоўніцтва і даручыць урадам апэратыўна вырашаць пытаньні, якія ўзьнікаюць.

Закранаючы сытуацыю ва Ўкраіне, Назарбаеў сказаў, што Казахстан выступае за выкананьне менскіх дамоўленасьцяў:

«Выйсьці з сытуацыі ва Ўкраіне (трэба) дыпляматычным шляхам, сілавога шляху вырашэньня гэтай праблемы няма», — заявіў прэзыдэнт Казахстану.

Паведамляецца, што Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка зноў сустрэнуцца 8 траўня ў Маскве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG