Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ будзе абскарджваць унутранае распараджэньне МУС


Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала афіцыйны адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў на свой ліст ад 4 сакавіка, у якім прасіла даслаць копію прававога акту аб забароне правядзеньня фота- і відэаздымкаў адміністрацыйных будынкаў.

Пры канцы лютага і на пачатку сакавіка ў розных месцах — Менску, Глыбокім, Іўі — здарылася некалькі выпадкаў, калі затрымлівалі людзей, якія здымалі адміністрацыйныя будынкі — і журналістаў, і звычайных грамадзянаў. Міліцыянты спасылаліся на дакумэнт для ўнутранага карыстаньня МУС.

Адсканаваная копія ўнутранага распараджэньня МУС зьявілася на пачатку сакавіка ў некаторых СМІ. Выявілася, што 25 лютага намесьнік міністра ўнутраных спраў генэрал-маёр Мікалай Мельчанка падпісаў унутранае распараджэньне, згодна зь якім міліцыянты маюць права правяраць дакумэнты і затрымліваць грамадзянаў, што «ажыцьцяўлялі фота- і відэаздымкі будынкаў дзяржаўных органаў, у тым ліку тых, якія ажыцьцяўляюць праваахоўную дзейнасьць, а таксама крытычна важных аб’ектаў... Пры разборы ў абавязковым парадку забясьпечыць іх асабісты вобшук, апытаньне, праверку па базах дадзеных МУС, а таксама пастаноўку на дакта-, фота- і відэаўлікі».

Адказ на просьбу БАЖ даслаць копію гэтага дакумэнта падпісаны намесьнікам начальніка Ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі І.Кубраковым.

Гэты адказ практычна дублюе камэнтар начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Канстанціна Шалькевіча дзяржаўнаму інфармагенцтву БелТА. Маўляў, у супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія нясуць службу па ахове правапарадку, ёсьць законнае права высьветліць, дзеля якіх мэтаў ажыцьцяўляецца здымка.

«У выпадку ўзьнікненьня падазрэньняў на дачыненьне грамадзяніна да правакацыйнай альбо іншай дзейнасьці, якая пагражае грамадзкай бясьпецы, супрацоўнікі міліцыі маюць права дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку дастаўляць грамадзяніна ў аддзел унутраных спраў і праводзіць разбор».

Спадар Кубракоў называе шэраг нарматыўных актаў, якія, паводле МУС, даюць міліцыянтам права на праверку дакумэнтаў і затрыманьне грамадзянаў на тэрмін да 3 гадзін.

На погляд Кубракова, «унутрыведамасныя дакумэнты, якія прымаюцца МУС у дадзеным кірунку, знаходзяцца ў рамках прававога поля і рэгулююць дзейнасьць супрацоўнікаў міліцыі. У сваю чаргу, прадстаўленьне іх сродкам масавай інфармацыі абавязковым не зьяўляецца».

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Юрыст, намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец з такой высновай ня згодны.

«Кіраўніцтва МУС прыняло дакумэнт „для ўнутранага карыстаньня“, але насамрэч ён закранае правы ня толькі журналістаў, але і вельмі шырокага кола грамадзян. Прычым шырока закранае, бо гэта і перашкоды ў прафэсійнай журналісцкай дзейнасьці, у нас жа паўсюль адміністрацыйныя будынкі. І магчымасьць затрыманьня, якая не прадугледжана ў такіх выпадках, да прыкладу, ні ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях, ні ў Законе аб органах унутраных спраў. І ў адным, і ў другім законе гаворка пра затрыманьне ідзе ў дачыненьні да асобаў, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні правапарушэньняў ці злачынстваў. І там шмат такіх нестыковак. Таму, паколькі дакумэнт закранае правы вялікай колькасьці грамадзянаў, ён павінен быць не „для службовага карыстаньня“, а прыняты ў выглядзе нарматыўнага акта, апублікаваны, то бок даведзены да ўсеагульнага ведама, і не супярэчыць іншым нарматыўным актам».

Беларуская асацыяцыя журналістаў мае намер абскарджваць «унутрыведамасны дакумэнт» МУС.

XS
SM
MD
LG