Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сакавіка адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Пачатак а 18-й у сядзібе БНФ, Менск, завулак Чарнышэўскага,3.

На старонках новай кнігі на падставе дакумэнтаў Сяргей Навумчык аднаўляе хроніку падзей, зьвязаных з выбарамі першага і дасюль адзінага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ці, як сьцьвярджае аўтар, гэта кніга пра тое, як карнавал дэмакратыі ператварыўся ў хаўтуры.

— Спадар Сяргей, два гады таму выйшла ваша папярэдняя кніга, якая называлася «Дзевяноста першы». У ёй вы апісвалі падзеі, якія прывялі да абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Ці зьяўляецца «Дзевяноста чацьверты» працягам «Дзевяноста першага»?

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

— Так, кніга працягвае цыкль, прысьвечаны апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня. Дзевяноста першы год быў важны аднаўленьнем незалежнасьці. Тыя падзеі спарадзілі надзеі на дэмакратычную будучыню Беларусі, а дзевяноста чацьверты важны першымі прэзыдэнцкімі выбарамі, якія гэтыя спадзяваньні пахавалі.

— Кожны аўтар піша дзеля некага ці дзеля нечага. Якія мэты былі ў Вас, калі задумалі «Дзевяноста чацьверты»?

З ліпеня 1994 году.

З ліпеня 1994 году.

— Канешне, найперш мне хацелася аднавіць «пах» таго часу, — ня ведаю, у якой ступені мне гэта ўдалося, тут трэба спытацца ў іншых удзельнікаў тых падзеяў. А калі казаць пра ідэю, дык я імкнуўся разбурыць стэрэатып, які ўжо два дзесяткі гадоў пануе ў палітызаванай часткі грамадзтва. Ён палягае ў тым, што на выбарах 1994 года Лукашэнка перамог Кебіча, што народны пратэст атрымаў перамогу над карумпаваным рэжымам. Нічога падобнага. У мяне часам узьнікае сумнеў: ці чытаюць нашыя палітолягі і гісторыкі кнігі? Кебіч сам піша ў сваіх мэмуарах, што ён плячо ў плячо стаяў з Лукашэнкам у змаганьні з БНФ, што галоўнае было — перамагчы Пазьняка, і гэтую місію яны выканалі. Ну, а хто заняў прэзыдэнцкае крэсла — Кебіч ці Лукашэнка — справа другасная. І тут Кебіч ня хлусіць. Толькі справа не ў адным БНФ і не ў адным Пазьняку.

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу. 1994 год.

Аляксандар Лукашэнка прымае прысягу. 1994 год.

Была нанесена параза нацыянальнаму руху, зусім яшчэ маладой незалежнай дзяржаве, якая толькі-толькі пачынала ўмацоўвацца пасьля 200-гадовай залежнасьці ад імпэрскага цэнтру. Ну, і я паспрабаваў прааналізаваць дзеяньні і біяграфіі некаторых блізкіх ў той час да Лукашэнкі асобаў (напрыклад, кіраўніка ягонага перадвыбарчага штабу Сініцына). У мяне ёсьць падставы меркаваць, што некаторыя зь іх дзейнічалі ня толькі кіруючыся ўласнымі амбіцыямі, але і, скажам гэтак, інтарэсамі суседняй усходняй дзяржавы.

— Цяпер у дакумэнталістыцы мала добра валодаць фактамі, але яшчэ і вельмі важна папулярна іх выкласьці на старонках кнігі, каб чытач яе не абмінуў. У якой якасьці Вы як аўтар адчуваеце сябе — дасьледчыка рэчаіснасьці, ці стваральніка гэтак званай нявыдуманай літаратуры?

Сатырычны плякат. 1994 год.

Сатырычны плякат. 1994 год.

— Я не гісторык і не імкнуўся зрабіць навуковае гістарычнае дасьледаваньне — хаця і выкарыстоўваю вялікі аб’ём архіўнай інфармацыі, успамінаў, сьведчаньняў іншых удзельнікаў тых падзеяў. Але пераважна абапіраўся на ўласныя ўспаміны і запісы. Мне цяжка сказаць, ці існуе сёньня жанр мэмуарнай літаратуры ў чыстым выглядзе. Канешне, мы ў беларускай літаратуры маем такія прыклады, як «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава ці «Пад знакам Пагоні» Язэпа Малецкага. Але ёсьць і клясычны твор Уінстана Чэрчыля «Другая сусьветная вайна», дзе ён дае цытаты з дакумэнтаў, фрагмэнты лістоў, інтэрвію і гэтай далей — і кніга атрымала, як вядома, Нобэля па літаратуры. Вось мне падаецца, што калі тэмай ўзятая не жыцьцё асобнага чалавека, а нейкі этап гісторыі, нейкі пераломны яе момант, дык найбольш цікавы для чытача — якраз варыянт, абраны вялікім брытанцам. Тым больш што ў нашым выпадку ідзе ня толькі пра чыста тэхнічныя рэчы кшталту кампазыцыі ці нечага падобнага: сёньняшняй моладзі проста няма дзе прачытаць пра падзеі пачатку 90-х, гэтая тэма — табу і для афіцыйнай гістарыяграфіі, і для адукацыйных праграм, і для дзяржаўных СМІ.

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьверты» адбудзецца 23 сакавіка а 18-й у сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG