Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы ў Вільні, Коўне і Клайпедзе ў прарасейскіх актывістаў


У чацьвер у Вільні, Коўне і Клайпедзе праводзяць ператрусы. Паводле Генпракуратуры Літвы, прычына ператрусаў — расьсьледаваньне ў сувязі са стварэньнем антыканстытуцыйных груп або антыканстытуцыйнай дзейнасьцю.

Расьсьледаваньне было распачатае ў пачатку сёлетняга года. Падставы для гэтага — даведкі Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы (ДДБ).

Арганізаваць расьсьледаваньне даручылі Клайпедзкай акруговай пракуратуры, якая да гэтага часу праводзіла сакрэтныя дзеяньні.

19 сакавіка перайшлі да больш актыўных дзеяньняў. У Вільні, Коўне і Клайпедзе праходзяць ператрусы.

Паліцыя праводзіць ператрусы ў дамах і на працоўных месцах 9 чалавек, прозьвішчы якіх фігуруюць у расьсьледаваньні. Ператрус праводзяць і ў выдавецтве, дзе друкаваліся праклямацыі, у якіх Літву называлі калёніяй ЗША, віталі расейскую анэксію Крыму і г. д.

«Ператрусы праводзяцца з самае раніцы, яны яшчэ працягваюцца. Нам дапамагаюць ковенскія і віленскія пракуроры. Падчас ператрусаў шукаюць розныя матэрыялы, зьвязаныя з расьсьледаваньнем. Гэта і праклямацыі, пра якія згадвалася, і кампутарная тэхніка, і перапіска.

Ня трэба быць наіўнымі, бо на гэтых 9 чалавек, прозьвішчы якіх фігуруюць у расьсьледаваньні, магчыма, уплываюць усходнія суседзі. Яны спрабуюць фармаваць меркаваньне, быццам у Літве жыць дрэнна, а тое, што адбываецца ў Крыме — цудоўна. Таму пачата расьсьледаваньне ў сувязі са стварэньнем антыканстытуцыйных груп або арганізацый або антыканстытуцыйнай дзейнасьцю. Гэта цяжкое злачынства», — сказаў галоўны пракурор Клайпедзкай акруговай пракуратуры Сіманас Мінкявічус.

У ліку асоб, якія фігуруюць у расьсьледаваньні, ёсьць Мілда Барташунайце, Гедрус Грабаўскас, Вайдас Лякстуціс, які заснаваў арганізацыю «Будзем адзіныя» і ўвесь час распаўсюджвае зьневажальную для Літвы інфармацыю.

Іншыя прозьвішчы Мінкявічус назваць не пажадаў, паколькі ў Літве дзейнічае абарона пэрсанальных дадзеных.

«Падазрэньні пакуль нікому ня выстаўленыя. Аднак, калі будуць вынікі ператрусаў, а яны будуць, верагодна, на наступным тыдні, магчыма, некаторым асобам выставяць абвінавачаньні ў стварэньні антыканстытуцыйных груп або арганізацый або антыканстытуцыйнай дзейнасьці», — сказаў Мінкявічус.

ДДБ: за гэтымі дзеячамі назіралі даўно

Прадстаўнік ДДБ Вітаўтас Макаўскас пацьвердзіў DELFI, што названыя пракурорамі асобы даўно знаходзяцца ў полі зроку праваахоўнікаў.

«Мы паведамлялі пра гэта ў нашай пастаяннай інфармацыі, пра тое, хто распаўсюджвае падобнае, мы прасілі ацаніць гэта», — сказаў Макаўскас.

І ўсё ж ён сказаў, што ўсе дэталі расьсьледаваньня яму не вядомыя, таму камэнтаваць ня можа.

Шукаюць, хто падкормліваў «крамлёўскіх»

Паводле крыніц DELFI, ператрусы ў Барташунайце і іншых асоб праводзяцца далёка не з-за іх публічных выказваньняў.

Паліцыя падазрае, што ўсе актывісты-распаўсюднікі прарасейскай прапаганды зьвязаныя паміж сабой — магчыма, фінансава. Акрамя таго, верагодна, што падчас ператрусаў у лічбавай інфармацыі шукаюць і дадзеныя аб каардынаваньні гэтых асобаў збоку. Паводле крыніц DELFI ў праваахоўных органах, шукаюць «руку, якая корміць або накіроўвае» асобаў, якія трапілі ў поле зроку пракуратуры.

Паводле неафіцыйных дадзеных DELFI, падчас ператрусаў былі розныя інцыдэнты. Паводле крыніц, некаторыя распаўсюднікі прарасейскай інфармацыі спрабавалі ўцячы — толькі няўдала.

Згодна з Крымінальным кодэксам, за стварэньне «арганізацый ці ўзброеных груп з мэтай зьмены незаконным шляхам канстытуцыйнага ладу Літоўскай дзяржавы, замаху на яе незалежнасьць, парушэньня яе тэрытарыяльнай цэласьці», а таксама за ўдзел у дзейнасьці такіх груп, прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

XS
SM
MD
LG