Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзерную праграму Вялікабрытаніі перахапілі кібэрзлачынцы. Мінулы раз сьляды перахопу вялі ў Беларусь


Інфармацыя, зьвязаная зь ядзернай праграмай Вялікабрытаніі, магла быць перахопленая ў інтэрнэце непажаданымі асобамі.

Пра гэта паведаміла кампанія Dyn, якая займаецца маніторынгам інтэрнэтнага трафіку і яго аптымізацыяй.

Паводле спэцыялістаў кампаніі Dyn, цягам пяці дзён трафік паміж кампутарамі брытанскай кампаніі UK Atomic Weapons Establishment і амэрыканскіх канцэрнаў абарончага комплексу Lockheed Martin і Thales адбываўся не наўпрост паміж імі, а пры пасярэдніцтве інтэрнэт-правайдэра Vega ў Кіеве (гл. ілюстрацыю). Кампанія Vega належыць украінскаму алігарху Рынату Ахмэтаву.

Экспэрты Dyn прызнаюць, што ў паступленьні інфармацыі пра інтэрнэтны трафік паміж рознымі сэрвэрамі час ад часу здараюцца памылкі. Аднак такія памылкі, цьвердзіць Dyn, наогул хутка выпраўляюцца, і раней ніколі не здаралася, каб памылковыя зьвесткі аб трафіку паступалі так доўга, як у гэтым выпадку.

У сувязі з гэтым магчымым перахопам сакрэтнай інфармацыі паміж абарончым кампаніямі ЗША і Вялікабрытаніі экспэрты Dyn прыгадваюць выпадак, калі на працягу лютага 2013 году яны назіралі, як пэўная частка глябальнага трафіку немаведама чаму перанакіроўвалася на сэрвэр беларускага інтэрнэт-правайдэра GlobalOneBel. Ахвярамі гэтага перанакіраваньня сталі фінансавыя і ўрадавыя інстытуцыі ЗША, Паўднёвай Карэі, Нямеччыны, Чэхіі, Літвы, Лібіі і Ірану.​

XS
SM
MD
LG