Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таўпянца зрабілі крайнім», — супрацоўнік «Белэнэрга»


Асуджэньне былога намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца нагадвае справу Мальцава з «Барысаўдрэва».

16 сакавіка Менскі гарадзкі суд паставіў кропку ў зацягнутай справе аб злоўжываньнях падчас мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС, у якой фігураваў былы першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец.

Суд прызнаў Эдуарда Таўпянца вінаватым у службовых злоўжываньнях. Былога чыноўніка асудзілі на 5 год абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня, паведамляе інтэрнэт-выданьне «Ежедневник».

Паводле зьвестак газэты, суд вырашыў не канфіскоўваць у экс-намесьніка міністра маёмасьць і не задаволіў выстаўлены яму пракуратурай пазоў больш як на 200 мільярдаў рублёў.

Суд праходзіў за закрытымі дзьвярыма, бо ў матэрыялах справы нібыта ёсьць дзяржаўная таямніца.

Між тым вядома, што, паводле сьледзтва, Эдуард Таўпянец праз службовы ціск паспрыяў таму, каб тэндэр на пастаўку на Бярозаўскую ГРЭС новага абсталяваньня выйграла фірма зь Екацерынбургу «Цеплаэнэргасэрвіс-ЭК», фінансавы стан якой быў дрэнны, а прапанаваныя беларусам умовы не адпавядалі патрабаваньням тэндэрнай камісіі.

У выніку тэрміны паставак абсталяваньня былі сарваныя, дзяржава панесла дадатковыя фінансавыя затраты. Дзеяньні Эдуарда Таўпянца — пры мадэрнізацыі ня толькі Бярозаўскай ГРЭС, але і цеплавых электрастанцыяў у Мазыры і Віцебску — сьледзтва палічыла лабіраваньнем інтарэсаў расейскай фірмы. Як меркаваў дзяржаўны абвінаваўца, Эдуард Таўпянец датычны да таго, што дзяржаўная праграма мадэрнізацыі энэргетыкі была сарваная.

Пазыцыя самога Эдуарда Таўпянца адносна выстаўленых яму абвінавачаньняў застаецца невядомай, бо і ён сам, і ягоны адвакат ад кантактаў з журналістамі ўхіляюцца.

Крыніца ў канцэрне «Белэнэрга», якую карэспандэнт Свабоды папрасіў пракамэнтаваць справу Эдурда Таўпянца, параўнала яе са справай былога дырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў» Уладзімера Мальцава. Паводле спэцыяліста, на Эдуарда Таўпянца маглі зваліць няўдачу мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС, як на Мальцава звалілі зрыў тэрмінаў мадэрнізацыі прадпрыемства, за якім асабіста сачыў Аляксандар Лукашэнка.

Вось і атрымалася. Дамовіліся на пастаўкі, потым доўга не атрымлівалі таго, пра што дамовіліся. Потым атрымалі частку абсталяваньня, сваімі сіламі тут мусілі даводзіць усё да толку, наладжваць і ўсталёўваць.

«Віну за тое, што тэндэр на пастаўку абсталяваньня выйграла расейская фірма, цалкам усклалі на Таўпянца. Але ці мог ён не спрыяць гэтаму рашэньню, калі ўрад і палітычнае кіраўніцтва ўвесь час патрабавалі, каб мы супрацоўнічалі найперш з расейцамі? Мяркую, ня мог. Выбар быў, маглі замовіць абсталяваньне яшчэ ва Ўкраіне, купляем час ад часу ў „Siemens“ ды іншых вядомых фірмаў. Але тады пагналіся за танным. Зьверху ціснулі, каб куплялі ў расейцаў. Вось і атрымалася. Дамовіліся на пастаўкі, потым доўга не атрымлівалі таго, пра што дамовіліся. Потым атрымалі частку абсталяваньня, сваімі сіламі тут мусілі даводзіць усё да толку, наладжваць і ўсталёўваць. Цяпер сьледзтва лічыць, што тыя выдаткі, які пайшлі на наладку, трэба было спагнаць з расейцаў, а калі не спагналі, дык гэта нібыта нанесеныя страты. Акурат як у справе Мальцава. Камандная сыстэма, што зробіш».

Назіральнікі не выключаюць, што пракуратура абскардзіць рашэньне па справе Эдуарда Таўпянца, якое 16 сакавіка вынес Менскі гарадзкі суд. Таксама былога намесьніка міністра энэргетыкі чакае разгляд грамадзянскага пазову да яго амаль на 68 тысяч эўра. Пад арыштам застаюцца грошы Эдуарда Таўпянца ў банку — гэта больш за 10 тысяч даляраў у беларускіх рублях, — а таксама катэдж у Драздах, аўтамабіль ды іншая маёмасьць.

XS
SM
MD
LG