Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятар-расстрыга: «Я перастаў верыць, што Ісус Хрыстос быў Богам»


Аляксандар Тарасенка
Аляксандар Тарасенка

​20 гадоў аддаўшы царкоўнай службе, пабыўшы манахам, пажыўшы ў манастыры, Аляксандар Тарасенка пакінуў прыход у Гомелі і працуе сьлесарам-электрыкам у сталічнай прыватнай фірме.

Гісторыя пазбаўленьня сану сьвятара Тарасенкі з Гомельскай япархіі засталася ў цені скандалу зь япіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам. Год таму расейскі протадыякан Андрэй Кураеў, які называў япіскапа Стэфана нават не «блакітным, а фіялетавым», публічна абвінаваціў яго ў сэксуальных дамаганьнях да малодшых сьвятароў і выхаванцаў духоўных навучальных установаў.

Аляксандар моцна падкрэсьлівае, што ягоны сыход ніяк з гэтай гісторыяй не зьвязаны. Пасьля царкоўнага суду над ім і пазбаўленьня сану прайшоў год. Тарасенка кажа, што ягонае жыцьцё яшчэ толькі мяняецца, ён ні пра што не шкадуе, лічыць сябе агностыкам і ня ведае імя Бога.

АЛЬБО ЖЫВІ ПА ВЕРЫ, АЛЬБО СЫХОДЗЬ І НЕ ДУРЫ ЛЮДЗЯМ ГАЛАВУ

Я перастаў верыць у тое, што Ісус Хрыстос быў Богам. А як расчараваўся ў гэтым, то ўсё пасыпалася. Калі Хрыстос ня Бог, то ўжо сумненьні ў Тройцы, у таінствах.

Гэта не была рэвалюцыя. Увесь час я чытаў Пісаньне, літаратуру, гутарыў зь людзьмі, думаў. Я чапляўся за некаторыя моманты і ня мог іх для сябе патлумачыць.

Я разумею, што яшчэ гадоў 200–300 таму гэта цяжка было зразумець, але цяпер, з разьвіцьцём тэалёгіі, крытычнага багаслоўя нельга заплюшчваць вочы на гэта.

Што такое крызіс веры? Магчыма, гэта падобна да крызісу ў сямейных стасунках. Калі ты любіш чалавека, уся душа зь ім, а праходзіць час, і пачуцьці твае зьнікаюць. І незразумела, як сябе далей паводзіць, і ўсё сканчаецца трагедыяй — разводам.

Я б вельмі хацеў, каб амаль усё, чаму вучыць царква, так і было. Але я пераканаўся, што гэта зусім ня так, і быў вымушаны сысьці.

Альбо жыві па веры, альбо сыходзь і не дуры людзям галаву. Чаму ўсе гэтыя скандалы зь япіскапамі ці сьвятарамі, якія людзей на машынах дарагіх зьбіваюць ці жывуць амаральна? Я падазраю, што калі б у людзей была вера сапраўдная, то яны б гэтага не рабілі. Я падазраю, што калі чалавек прыйшоў да падобных маім высноваў і застаўся ў царкве, то гэта можа так скончыцца.

Такі чалавек цынічна да ўсяго ставіцца і шукае ў царкве выгаду. Ты альбо верыш, альбо ня верыш.

Калі царква хоча далей жыць, то ёй трэба пра гэта гаварыць.

Царква вучыць, што Хрыстос — Богачалавек, а навука сучасная багаслоўская з гэтым нязгодная. Відавочна, што Хрыстос быў звычайным мэсіяй, прарокам, але ніяк ня Богам. Гэта тое пытаньне, якое было важнае для мяне. Я ня ведаю, як гэта вырашыць. Я не багаслоў, у мяне багаслоўскай адукацыі няма. Але пытаньне гэтае трэба ўздымаць.

У каталіцкай і пратэстанцкай цэрквах ёсьць спробы гэта прагаворваць. Праблема крызісу веры ў сьвятароў таксама ўздымаецца. Нават ёсьць псыхолягі, якія зь імі працуюць.

А ў нас, калі ты так думаеш, то адназначна ня маеш рацыі. Шмат каго са сьвятароў гэта хвалюе, шмат хто перажывае, носіць у сабе. Гэтыя сумненьні разьядаюць людзей знутры.

Царква лічыць, што гэта д’яблава спакуса, гэта трэба ператрываць, памаліцца, перачакаць, і гэта пройдзе. Але яно не праходзіць. І яно прыносіць глыбокія пакуты.

Можа, я памыляюся і ў нас у колах «акадэмікаў» усё прасьцей. Але на ўзроўні звычайных сьвятароў нічога ня робіцца.

ЯКАЯ РОЗЬНІЦА ПАМІЖ ПРАВАСЛАЎНЫМ МАНАСТЫРОМ І ДЭСТРУКТЫЎНАЙ СЭКТАЙ?

Я сам сіліўся згадаць, калі ўпершыню задумаўся пра Бога. Сям’я была няверуючая — ані ў царкву хадзіць, ані маліцца. Як стаў падлеткам, пытаньні разуменьня сябе, свайго месца ў сьвеце, для чаго гэта ўсё трэба, хвалявалі настолькі, што ўсё астатняе перастала цікавіць. Калі вучыўся ў тэхнікуме ў Гомелі, мы зь сябрамі пачалі ў царкву хадзіць. Мяне там заўважылі, спачатку ў алтар паклікалі, пасьля ў манастыр запрасілі, які толькі-толькі адкрыўся ў 1994 годзе.

Прыняў пострыг, год пабыў дыяканам, пасьля сьвятаром стаў, і так амаль 20 год я прабыў у манастыры.

Дзень мой быў забіты, уставаў зранку і па пунктах усё рабіў. Шэсьць гадоў быў пры манастыры, пасьля мяне перавялі на манастырскае падвор’е за 20 км ад Гомеля, там была цэркаўка, і быў настаяцелем у яшчэ адной вёсцы суседняй. Мы там царкву пабудавалі. Мае абавязкі былі акармляць сялян на гэтых вясковых прыходах. Субота-нядзеля — службы ў цэрквах, выяжджаў на хрост, адпяваньні, займаўся царкоўным будаўніцтвам.

Чым сьвятар стражэйшы, тым больш яго паважаюць.

Чым больш чалавечна ставісься да праблемаў людзей, тым менш яны схільныя цябе слухаць і давяраць. Чым страшнейшыя рэчы кажа сьвятар, чым ён стражэйшы, чым цяжэйшыя эпітым’і, тым больш ён паважаны. Я ня ведаю, адкуль гэтае самабічаваньне, але гэта так.

Духавенства больш гатовае да рэформаў, чым звычайны прыхаджанін. Многія сьвятары гатовыя і служыць па-беларуску, і лаўкі паставіць у цэрквах, каб людзі сядзелі.

Быў пэрыяд, калі я на прыходзе сказаў, каб не было цэнаў на сьвечкі — колькі чалавек дасьць грошай, столькі і будзе, каб не было праблемаў. Я думаў, што я зрабіў добра. Але людзі не ацанілі. Бабкі ледзьве ня плакалі — хоць нейкую цану назавіце.

Я спрабаваў служыць па-расейску, каб было больш зразумела. Але не было ацэнена таксама. Я кажу: «Вы ж не разумееце, пра што гаворка, стараславянскі тэкст». Але ўсё адно кажуць: давайце лепш, як было. Ну добра, давайце.

У манастыры пацягнуліся людзі, абцяжараныя сваімі праблемамі. Я прыйшоў у царкву, калі яна толькі-толькі расквітала пасьля распаду Савецкага Саюзу. Быў пік натхненьня. Хлопцы вельмі разумныя, маральныя папрыходзілі, зь імі было цікава. Мы сапраўды стараліся ўсё рабіць па сумленьні. Каб было правільна, каб было дзеля Бога.

Але цяпер у манастырах вялікая плынь людзей сьцішылася. Можа, мне здаецца, але цяпер атмасфэра стомы ў людзей, асабліва ў царкве. Здаецца, што людзі жывуць нармальна, моляцца, вось Бог, вось царква, а робіцца толькі горш. Царква робіцца цяжкая, усё больш і больш скандалаў, праблемаў. І людзі пачынаюць думаць, хто і што ў гэтым вінаваты. У свой час была савецкая ўлада, яе лаялі. Але яе няма — і чаму ўсё кепска?

А не мяняецца да лепшага ўжо дзьве тысячы год. Чытаеш пісаньне, абяцаньні, якія даваў Хрыстос: пачынаецца новы час, усё будзе па-іншаму. Але па сутнасьці нічога лепш ня стала. Сьвет жыве ў граху, мала што памянялася ў маральным пляне.

Я пытаўся, якая розьніца паміж манастыром і закрытай сэктай. Сэктай дэструктыўнага тыпу, дзе падпарадкоўваюць волю адэптаў гуру-настаўніку, яго слухаюцца. У нашых праваслаўных манастырах клятвы паслушэнства, вернасьці, барацьбы са сваёй воляй ідуць на ўзроўні абяцаньняў Богу, абяцаньняў, што я буду так жыць.

Маладога рамантыка вельмі лёгка вырваць з жыцьця, патлумачыць яму, што Бог таго ці іншага ад цябе патрабуе, і сказаць, што ты мусіш жыць так. У маім выпадку так было.

Я жыў і бачыў, як людзей апрацоўваюць і яны застаюцца. Цяпер шмат кажуць, што манаства трэба прымаць пасьля трыццаці. Але гэта амаль нідзе не выконваецца. Шмат маладых і тых, каму паламалі жыцьцё ці яны паламалі.

Я лічу, што ў гэтым ёсьць падвойныя стандарты. Чаму сэктантам нельга цалкам сыходзіць у сваю сэкту, адмаўляючыся ад усяго — ад сям’і, ад сьвету? А ў хрысьціянскіх манастырах гэта вітаецца.

АДКУЛЬ «ПРАВАСЛАЎЕ ГАЛАЎНОГА МОЗГУ» І «ДУХОЎНЫЯ СКРЭПЫ»?

Бібліяй, Сьвятым Пісаньнем можна апраўдаць любую коснасьць. Яно настолькі ўнівэрсальнае і гнуткае, што як дышаль. Яго можна па-рознаму тлумачыць. Можна адмовіць любое дасягненьне культуры. Усе гэтыя размовы пра хуткі канец сьвету невыпадковыя, яны маюць пачатак у Сьвятым Пісаньні. І недалёкі сьвятар лёгка патрэбныя цытаты знойдзе і павядзе людзей у пячоры, катакомбы, як у свой час «пензенскія сядзельцы» сядзелі ў сутарэньнях.

Pussy Riot ня трэба было саджаць. Гэта непрымальна, што яны зрабілі. Але ў практыцы любога сьвятара ёсьць выпадкі, калі нехта ў алтар забяжыць, пачне ўсё там пераварочваць, чашу піхне, на іконы плюе. Мы ж ніколі міліцыю нават не выклікаем. Выведзеш з царквы: «Ідзі, чалавек». Ці мала якія спакусы на яго. Патанцавалі — хай ідуць сабе дахаты.

Можна было выказаць сваю пазыцыю: нам балюча, гэта ганьбіць нашы пачуцьці. Але высновы хай людзі робяць самі. У суд падаваць — гэта лішняе.

Я магу пражыць без карыкатур на Мухамэда. Канцэрты, карыкатуры тыя ж самыя — калі яны абражаюць людзей, ня трэба гэтага рабіць. Гэта няправільна. І я, і любы можам пражыць без таго, каб пабачыць карыкатуры на Мухамэда ці які пошлы канцэрт.

МЯНЕ СУДЗІЛІ ЦАРКОЎНЫМ СУДОМ І ХАЦЕЛІ АДЛУЧЫЦЬ АД ЦАРКВЫ

Час, калі я хацеў сысьці, супаў з гучным скандалам вакол асабістага жыцьця япіскапа Стэфана. Яго абвінаваціў вядомы протадыякан у амаральных учынках. І на гэтым фоне мне даводзілася сыходзіць. І ўсе былі перакананыя, што я сыходжу з-за гэтага. Мне гэты чалавек непрыемны і Бог яму судзьдзя, але я сышоў, бо адчуваю, што мушу сысьці. Заставацца далей было несумленна.

Мне некаторыя казалі: скажы, што сыходзіш з-за яго, і пацягні яго за сабой. Але як я так мог?

Адзін зь сяброў перадаў маю споведзь япіскапу. Я адпачатку не хацеў агалошваць сапраўдную прычыну свайго сыходу. Напісаў у ЖЖ, што не адчуваю сябе манахам. Але не тлумачыў, што сыходжу, бо перастаў верыць у Хрыста як Бога. І гэтымі прычынамі я ўсё ж такі зь некаторымі сваімі сябрамі пры манастыры падзяліўся, каб яны не губляліся ў здагадках. Папрасіў, каб гэта не афішавалася. І хтосьці зь іх вырашыў, што будзе правільна ўвесь мой расповед перадаць япіскапу.

А япіскап пра гэта ўсім распавёў. Можа, ён баяўся, каб на яго ня паў цень. Але распавёў. Я быў вымушаны ўжо ўсім распавядаць. І ў гэтым сэнсе ўсё пайшло не па пляне.

Судзілі мяне царкоўным судом. Пазбавілі сану. Але я сам прасіў пра гэта. Які сэнс мне ў сане заставацца? Ставілася пытаньне пра адлучэньне мяне ад царквы. Але не адлучылі.

Мне было лягчэй, бо ў мяне не было сям’і. Чаму на прыходах часта кажуць, што той сьвятар сьпіўся, той яшчэ нешта? Гэта ж не таму, што камусьці проста захацелася напіцца. Гэта кажа пра сур’ёзны духоўны крызіс, нейкая праблема ёсьць у чалавека. Не знаходзячы выйсьця, ён спрабуе гэта ўсё ў сабе заглушыць.

Калі б у мяне была жонка і дзеці і я прыйшоў да тых высноваў, што цяпер, то ведаю, што мусіў бы паступіць гэтаксама. Але як зь імі быць? Як іх карміць? Гэта б мяне мучыла, і мучыць шмат якіх сьвятароў, якія і гатовыя былі б сысьці, але проста ня могуць.

Я ня быў гатовы да ўсьведамленьня, што ў мяне ня будзе сваіх дзяцей. Я ўсё гатовы быў бы цярпець. Сілы ў мяне былі да канца дзён быць у манастыры, але калі вера зьнікла, усё страціла сэнс.

Калі я ішоў у манастыр, я быў перакананы, што галоўнай праблемай будзе немагчымасьць мець дачыненьні з жанчынамі. Я ў кнігах чытаў, што шмат для каго гэта праблема. Я да гэтага рыхтаваўся, і я змог гэтую спакусу пераадолець.

Але я ня быў гатовы да іншай спакусы — да ўсьведамленьня таго, што ў мяне ня будзе сваіх дзяцей. А з кожным годам гэта ціснула ўсё мацней.

Але нават гэтая прычына не была галоўнай.

Я працую сьлесарам-мантажнікам. Людзі ў фірме надзвычай харошыя. У мяне па-рознаму было. Я і ў гольф-клюбе працаваў, і на будоўлі на «Маяку». Цяпер мне грошай пакуль хапае, і я спадзяюся добра вывучыць сваю працу.

Мушу неяк зачапіцца ў жыцьці. Зарабіць на хлеб ня толькі сабе, але і сям’і, якую я хачу мець у пэрспэктыве. Ажаніцца няцяжка. Але трэба падрыхтаваць глебу так, каб з кімсьці жыць і даць жыцьцё яшчэ камусьці.

Я ня думаю, што я нанёс царкве шкоду сваім сыходам. Людзі з удзячнасьцю мяне згадваюць. Карысьць гэтая частка жыцьця прынесла. Я памятаю людзей, якім удалося дапамагчы. Цяпер прыйшоў час іншы бок жыцьця пражыць і зразумець. Думаю, што ён будзе ня менш плённы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG