Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі паступовая эўраінтэграцыя дае шанец на захаваньне Беларусі, — Мілінкевіч


Паседжаньне Эўранэсту ў Ерэване

Паседжаньне Эўранэсту ў Ерэване

Аляксандар Мілінкевіч выступіў ад беларускай апазыцыі на пленарным пасяджэньні «Эўранэсту» — міжпарлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства».

18 сакавіка беларуская дэмакратычная супольнасьць упершыню атрымала магчымасьць выступіць на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст», якая цяпер праходзіць у Ерэване.

Агульную пазыцыю дэлегацыі беларускай апазыцыі прадставіў старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

У сваім выступе ён адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы «ўсе разам адстойваюць права беларусаў жыць у дэмакратычнай і незалежнай краіне».

«Дэмакратыя абавязкова прыйдзе, але сёньня для нас галоўнае — абараніць незалежнасьць, бо яе можна страціць за адну ноч, і тады ня будзе ні свабоды, ні правоў чалавека, ні Радзімы», — цытуе Мілінкевіча прэсавая служба руху «За свабоду».

Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што «што толькі паступовая эўраінтэграцыя дае нам шанец на захаваньне Беларусі».

Дэмакратычныя сілы, па ягоных словах, выступаюць за дыялёг унутры краіны:

«За тое, каб палітычная дыскусія перш за ўсе вялася не на вуліцах і плошчах, а ў міжнародна прызнаным беларускім парлямэнце. Ва ўмовах пагрозы агрэсіі з боку Расеі нам неабходнае нацыянальнае яднаньне», — адзначыў Мілінкевіч.

Таксама ён заявіў, што дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць за дыялёг з ЭЗ:

Дыялёгу няма альтэрнатывы, але ён павінен грунтавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных адносінах з захаваньнем павагі да каштоўнасьцяў.

«Прычым не за дыялёг дзеля дыялёгу, а шчыры крытычны, абумоўлены дыялёг. Дыялёгу няма альтэрнатывы, але ён павінен грунтавацца на празрыстых прынцыпах, прагматычных адносінах з захаваньнем павагі да каштоўнасьцяў. Могуць быць цыклы прагрэсу і рэгрэсу, але Эўропа не павінна казаць: „Ня хочаце з намі — да пабачэньня!“ Трэба спрыяць лібэралізацыі і росту эўрааптымізму як грамадзянаў, так і ўладаў нашай краіны. Найважнейшае — захаваць тут „смак Эўропы“!», — заявіў Мілінкевіч.

«Дыялёг мае дапамагчы правесьці ў Беларусі сумленныя выбары. Нам вельмі важна, каб беларускія парлямэнтарыі як роўныя з роўнымі былі прадстаўлены ў „Эўранэсьце“. Сёньня мы прапануем кампрамісны варыянт „5+5“ (палова дэлегацыі — ад Палаты прадстаўнікоў, палова — ад грамадзянскай супольнасьці). Маем надзею, што выбары ў наш парлямэнт 2016 году пройдуць ужо адкрыта, справядліва, мы палічым галасы разам з уладай — і ў гэтай залі Беларусь стане прадстаўляць паўнавартасная дэлегацыя», — сказаў старшыня руху «За свабоду» на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі «Эўранэст» у Ерэване 18 сакавіка.

Аляксанда Мілінкевіч.

Аляксанда Мілінкевіч.

Мілінкевіч вітаў запрашэньне афіцыйнай беларускай дэлегацыі на Рыскі саміт «Усходняга партнэрства» ў траўні, аднак заявіў, што на ім павінен быць таксама пачуты голас грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG