Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойствы, катаваньні, запалохваньні — праваабаронцы пра анэксаваны Расеяй Крым


Джон Дальхузен, дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.
Джон Дальхузен, дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала спэцыяльны даклад, прысьвечаны першай гадавіне анэксіі Расеяй украінскага Крыму.

«З моманту анэксіі Крыму Расеяй дэ-факта ўлады паўвострава выкарыстоўваюць запалохваньне як мэтад барацьбы зь іншадумствам. Хваля выкраданьняў у пэрыяд паміж сакавіком і верасьнем заахвоціла тых, хто адкрыта выказвае крытыку, пакінуць рэгіён. Тыя, хто засталіся, могуць сутыкнуцца зь перасьледам з боку ўладаў, якія маюць намер любымі сродкамі прымусіць сваіх апанэнтаў замаўчаць», — сказаў Джон Дальхузен, дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

З сакавіка мінулага году, прынамсі шэсьць чалавек былі выкрадзеныя, уключаючы траіх крымскіх татараў, — адзначаецца ў дакладзе. На целе 39-гадовага Рэшата Аметава, выкрадзенага ў сакавіку мінулага году былі выяўленыя сьляды катаваньняў. Андрэй Шакун, лідэр арганізацыі, якая прасоўвае ўкраінскую мову і культуру, быў выкрадзены прадстаўнікамі прарасейскіх ваенізаваных фармаваньняў. Яго ўтрымлівалі на працягу 11 дзён у сакрэтнай турме, пасьля чаго пакаралі сьмерцю на электрычным крэсьле, а цела перадалі ўкраінскім вайскоўцам. Вінаватыя да гэтага часу ня знойдзеныя, пішуць праваабаронцы.

«Улады Крыму ствараюць атмасфэру страху на паўвостраве з дапамогай запалохваньня і абмежавальных законаў, накіраваных на тое, каб прымусіць грамадзкія арганізацыі замаўчаць», — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Пасьля таго, як супрацоўнікі рэдакцыяў некалькіх СМІ атрымалі папярэджаньні аб тым, што іх могуць прызнаць экстрэмісцкімі і аддаць пад суд, у СМІ сталі пазьбягаць словаў «анэксія» і «акупацыя».

Джон Дальхузен падкрэсьлівае, што ў Крыме забароненыя акцыі пратэсту. Заяўкі крымскіх татараў на правядзеньне акцыі адпрэчваюцца без тлумачэньняў, а дазволеныя мерапрыемствы праводзяцца ў аддаленых месцах. У рэгіёне зачыніліся вядомыя незалежныя праваабарончыя арганізацыі.

" «Не падабаецца — змоўкні і едзь», — вось як коратка можна апісаць сытуацыю ў Крыме, праз год пасьля анэксіі«, — адзначана ў прэс-рэлізе.

«Міжнародная супольнасьць не сьпяшаецца аказаць ціск на Расею з мэтай аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, аднак ёй варта, прынамсі, прымусіць Расею паважаць правы ўсіх жыхароў Крыму», — заявіў на заканчэньне Джон Дальхузен, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG