Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мастак Крукоўскі зьбіраецца судзіцца за жанчыну на «Пагоні»


Кніга "Байсан", Алесь Плотка, вокладка

Кніга "Байсан", Алесь Плотка, вокладка

Адзін з аўтараў дзяржаўнага герба «Пагоня» Ўладзімер Крукоўскі зьбіраецца падаць пазоў у Вярхоўны суд на выдавецтва «Кнігазбор», якое выдала кнігу Алеся Плоткі «Байсан».

Уладзімер Крукоўскі лічыць, што адлюстраваны на вокладцы кнігі малюнак «Пагоні» парушае ягоныя аўтарскія правы. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды спадар Крукоўскі распавёў сутнасьць справы:

«Гэта зьвязана з поўнай разбэшчанасьцю пакаленьня моладзі, якое я называю дзецьмі Лукі. Гэта тыя, хто вырасьлі за 20 гадоў нашай вэртыкальнай сыстэмы ўлады. Роўна 20 гадоў таму ў траўні 1995 года герб „Пагоня“ перастаў быць гербам. Ён стаў звычайным малюнкам аўтарства Куліка і Крукоўскага. І 20 гадоў ні Кулік, 13 гадоў як яго няма на гэтым сьвеце, ні я, гледзячы на гэтыя шматлікія выкарыстаньні нашага малюнка, на гэтыя значкі, налепкі, друкаванкі, усё, што падпольна выдавалася і распаўсюджвалася, ніколі на гэта не зьвярталі ўвагі. На здароўе, няхай грошы зарабляюць на гэтай выяве. І ў галаву нікому не прыходзіла сьцёбацца над гэтай выявай.

І тут раптам як панесла. Пачала „Наша ніва“ у мінулым годзе, потым Art studio PRAS, што яны там у інтэрнэце толькі не выкідваюць. Урэшце дайшло да выданьня кнігі супэрталенавітага паэта Алеся Плоткі, дзе ён выкарыстаў наш малюнак, ператварыўшы яго ў вершніцу, пасадзіў дзеўку на каня.

Хаця зразумела чаму ён выкарыстаў наш малюнак, бо ён усім вядомы. Усё дарослае насельніцтва Беларусі ведае герб „Пагоня“, прывыкла да яго абрысаў і малюнка, які вельмі пазнавальны. Хаця малюнкаў „Пагоні“ існуе сотні, гэта 16-е стагодзьдзе, 19-е і пачатак 20-га. Але ўзяты менавіта гэты, бо ён вельмі пазнавальны і ўсім вядомы. То бок тут усё абсалютна празрыста. Працэс я, безумоўна, выйграю, бо я ўжо адзін працэс па плягіяту выйграў дзесяць галоў таму. Я ня буду патрабаваць матэрыяльнай кампэнсацыі, каб прысудзілі нейкі штраф. Форму пакараньня трэба будзе яшчэ прыдумаць, каб спыніць гэты шабаш».

Карэспандэнт: «Але ж моладзь проста імкнецца папулярызаваць «Пагоню»?

Крукоўскі: «Але ж не такім чынам. Ёсьць жа сьвятыні. Калі ласка чапайце, але рабіце іх яшчэ сьвяцейшымі, прыгажэйшымі і больш значнымі. А то ж адбываецца нават не прыніжэньне, а вясёлае таптаньне.

Але паралельна з плягіятам я, безумоўна, буду падымаць пытаньне маральнае. Пытаньне абразы, зьдзеку, сьцёбу над беларускай сьвятыняй, якую нават сёньняшнія ўлады вымушаныя былі прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Без апісаньня канкрэтнага, бо „Пагоня“ гэта гістарычны вобраз. Але ўтрымлівае некаторыя абавязковыя атрыбуты ў гэтым малюнку — шасьціканцовы крыж на шчыце. І тут раптам такі выбух весялосьці на гэтай тэме. Гэта трэба неяк прысекчы. Трэба стварыць прэцэдэнт, каб гэтых сьцебароў напалохаць.

Быў такі малюнак на сайце „Нашай нівы“, дзе стаяць Плотка і гэта сьпявачка голыя і ён гэтай кнігай з выявай вершніцы, пераробленай „Пагоні“, прыкрывае частку цела. Вось у такім сьвеце жывем і з такім народам даводзіцца мець справу. Гэта такі працэс дэсакралізацыі: далоў сьвятыні».

Уладзімер Крукоўскі кажа, што ў шэрагу іншых (Арт Сядзіба, symbal. by і інш.), прагучыць па гэтай справе і Радыё Свабода, якая таксама «брала ўдзел у гэтым шабашы».

Дызайн, які перамог на конкурсе «Саколкі вольных беларусаў»

Дызайн, які перамог на конкурсе «Саколкі вольных беларусаў»

Алесь Плотка сказаў карэспандэнту Свабоды, што калі пачыналіся гэты закіды з боку Ўладзімера Крукоўскага, ён прапаноўваў сустрэцца пэрсанальна.

«Са мной зьвязаўся яго сын і я сказаў, што калі гэта сур’ёзна, то трэба сустрэцца. Але ён сустрэцца не захацеў. Калі людзі вырашаюць пытаньні ліцьвінскай спадчыны савецкімі мэтадамі, то мне няма чаго сказаць. Пачытайце камэнтары спадара Крукоўскага да акцыі „Арт Сядзібы“, калі ён сам ушаноўваў маляваньне варыяцый „Пагоні“. Тады гэта было добра, а цяпер ужо дрэнна. З гледзішча геральдыкі нічые правы не былі парушаны. Бо мінімальныя зьмены да вобраза ёсьць стварэньнем новага элемэнта геральдыкі. А ўсё астатняе — пытаньне інтэрпрэтацыі».

Дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус сказаў, што не бачыць зьнявагі і нечага абуральнага ў вобразе «Вершніцы»:

«Ён мілы і прыгожы. Зразумела, што ён узяты з эталёну „Пагоні“, які распрацавалі Яўген Кулік і Уладзімер Крукоўскі, але эскіз перапрацаваны і зроблены стылёва. Гэта пацьвярджаюць і шматлікія замовы цішотак на symbal. by, і паштоўка, дызайн якой перамог у конкурсе Радыё Свабода і ўвесь тысячны наклад бясплатна разышоўся за некалькі дзён. Я лічу, што выкарыстаньне Пагоні і яе пераасэнсаваньне для дызайнаў на вопратцы і сувэнірах карысныя для папулярызацыі сымбаляў, ва ўсім сьвеце гэта нармальна. Галоўнае, каб не было наўмыснай зьнявагі. У тых працах, якія не спадабаліся Уладзімеру Крукоўскаму, я гэтага не ўбачыў».

Пераробкі «Пагоні» з сацыяльных сетак:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG