Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны фігурант справы аб забойстве Нямцова заявіў пра сваё алібі


Заур Дадаеў

Заур Дадаеў

Паводле Івана Герасімава, адваката Заура Дадаева, ягоны падабаронны ў момант злачынства знаходзіўся ў іншым месцы.

Дзе менавіта і хто можа пацьвердзіць алібі Дадаева, адвакат не ўдакладніў. Герасімаў адзначыў, што пакуль ня будзе афіцыйна заяўляць пра гэта сьледзтву, паколькі неабходна сабраць доказы. Раней аб наяўнасьці алібі заявілі яшчэ двое фігурантаў справы — Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў.

Эскерханаў яшчэ на пасяджэньні Басманнага суду Масквы, які вырашаў пытаньне пра ягоны арышт, паведаміў, што ў момант забойства быў у начным клюбе, дзе працуе ахоўнікам. Ягоная адвакатка пацьвердзіла, што ў боку абароны ёсьць відэазапіс з камэры назіраньня, дзе відаць, што за пяць хвілін да забойства Нямцова Эскерханаў быў на працы.
Адвакат Хамзата Бахаева таксама заяўляла РБК, што яе падабаронны знаходзіўся ў іншым месцы і гэта можа пацьвердзіць яго жонка, разам зь якой ён быў.

Усяго па справе аб забойстве Нямцова арыштаваныя пяць чалавек. Усім ім прад’яўленыя абвінавачаньні. Дадаеў раней даў прызнавальныя паказаньні ў забойстве Нямцова, аднак пазьней адмовіўся ад іх. На мінулым тыдні ён распавёў праваабаронцам пра ўжываньне да яго катаваньняў.

Учора Сьледчы камітэт Расеі зьмяніў абвінавачваньне. Замест «зьдзяйсьненьня злачынства з карысьлівых меркаваньняў або па найме», цяпер фігурантам крымінальнай справы ставіцца ў віну забойства па матывах «палітычнай ці рэлігійнай нянавісьці».

Апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў быў забіты чатырма стрэламі ў сьпіну ў цэнтры Масквы позна ўвечары 27 лютага.

XS
SM
MD
LG