Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі абіраюць 20-ы па ліку Кнэсэт


Біньяміну Нэтаньягу

Біньяміну Нэтаньягу

Усеагульныя датэрміновыя выбары ацэньваюцца як «нефармальны рэфэрэндум» аб даверы прэм’ер-міністру Біньяміну Нэтаньягу.

Зьвяртаючыся да выбарнікаў, Нэтаньягу заявіў, што калі ён зноў будзе абраны кіраўніком ураду, то не дапусьціць стварэньня незалежнай Палестынскай дзяржавы.

Нэтаньягу таксама выступае праціўнікам падпісаньня якога-небудзь пагаднення з Іранам у галіне разьвіцьця ядзернай праграмы.

Палітычныя апанэнты Нэтаньягу абвінавачваюць яго ў імкненьні выкарыстоўваць аргумэнты аб зьнешняй пагрозе, каб адцягнуць выбарнікаў ад унутраных сацыяльных праблем, адна зь якіх — рост кошту жыцьця.

Папярэдні парлямэнт паставіў свайго кшлталту рэкорд — гэта была самая кароткая ўрадавая кадэнцыя за ўсю гісторыю краіны: выбары ў Кнэсэт прайшлі ў студзені 2013-га, а ўжо ў канцы 2014 года ўрад, якому належала прапрацаваць чатыры гады, разваліўся.

Як адзначае сацыёляг і палітоляг Зэеў Ханін, датэрміновыя выбары ў Ізраілі — хутчэй правіла, чым выключэньне:

«Своечасовыя выбары ў Ізраілі праходзілі ўсяго 4 разы за ўсю яго гісторыю, усе астатнія былі датэрміновыя. Праўда, такія звышкароткія кадэнцыі, як мінулая, здараюцца нячаста. Прычына ў тым, што ўрад, сфармаваны Біньямінам Нэтаньягу ў 2013 годзе, страціў кантроль над сытуацыяй. Адзін з найбольш істотных фактараў — гэта тое, што на працягу апошніх 20 гадоў у Ізраілі кіроўная партыя атрымлівае менш за чвэрць месцаў у Кнэсэце, таму становіцца меншасьцю ў любой кааліцыі, адпаведна, кааліцыя і ўрад складаюцца зь велізарнай колькасьці дробных, сярэдніх і драбнюткіх фракцый, вялікіх партый у Ізраілі няма вось ужо амаль 20 гадоў, і, адпаведна, у руках прэм’ер-міністра ёсьць ня так шмат рычагоў для забесьпячэньня стабільнасьці кааліцыі».

Ёсьць розныя меркаваньні наконт таго, якая кааліцыя утворыцца ў новым урадзе і ці будзе яна стабільнай. На думку палітоляга Арыка Эльмана, з пункту гледжаньня стабільнасьці больш пэрспэктыўны як раз урад, які складаецца зь вялікай колькасьці фракцый:

«Далёка не заўсёды вялікая колькасьць фракцый, якія ўтвараюць ўрад, зьяўляецца фактарам яго нестабільнасьці, хутчэй наадварот. Калі ў нас будзе ўрад, які складаецца з двух-трох буйных фракцый, напрыклад, урад нацыянальнага адзінства, то ён сапраўды можа аказацца нестабільным, таму што такія фракцыі зьяўляюцца натуральнымі канкурэнтамі».

Ізраільскія мэдыі паведамляюць, што, у прыватнасьці, лідар партыі «Наш дом Ізраіль» Авігдор Лібэрман сёньня падчас галасаваньня ў пасёлку Накдзім у Іўдэйскай пустэльні заклікаў выбарнікаў аддаць свае галасы за сіянісцкія партыі, каб захаваць сіянісцкі і габрэйскі характар дзяржавы Ізраіль.

Будучы на пасадзе міністра замежных справаў Ізраілю Лібэрман абвінавачваўся ў падмане грамадзкага даверу ў сувязі з прасоўваньнем па службе былога пасла Ізраілю ў Беларусі Зэева Бэн Ар’е. Лібэрман быў апраўданы судом па гэтай справе.

XS
SM
MD
LG