Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка пра вынікі сустрэчы з Лукашэнкам: Мы расчараваныя


Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

Вынікі нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і адтэрміноўку абавязковай сэртыфікацыі да 1 студзеня 2016 году Свабодзе пракамэнтаваў лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

«Найперш хачу сказаць, што, канечне, мы расчараваныя. Гэта сьведчыць пра тое, што дзяржава прымае бок „рэфарматара“ Пракаповіча. Адпаведна, ніякія мэты і задачы ў адносінах да бізнэсу, згодна з гэтымі пракаповіцкімі „рэформамі“, карэктавацца ня будуць. Прадпрымальнікаў будуць пераарыентоўваць і спрабаваць падпарадкаваць беларускім вытворцам і аптовым базам, цалкам намагаючыся перавесьці іх на гэтыя рэйкі. То бок той свабоды выбару, якая дагэтуль была ў людзей, дзяржава на сёньняшні дзень даваць ня мае намеру. І тое адцягваньне тэрмінаў — толькі лішняе таму пацьверджаньне. Сама сустрэча — гэта, вядома, добра, але мы чакалі зусім ня гэтага. Мы чакалі, што ўказ будзе падпісаны бестэрмінова, але, бачыце, тэрміны абмежаваньня вызначаныя.

Увогуле ў мяне склалася стойкае адчуваньне дэжавю. Роўна 10 гадоў таму спадар Кабякоў стаяў са мной на Кастрычніцкай плошчы, ня будучы, зразумела, яшчэ прэм’ер-міністрам. Тады, праўда, я паехаў у турму, а Лукашэнка — на сустрэчу з прадпрымальнікамі. І акурат тады Кабякову было даручана стварэньне аптовых базаў. Мы тады далі свае прапановы, якія пасьпяхова зьніклі ў нейкіх нетрах. І акурат праз 10 гадоў зноў Кабякоў, зноў сустрэча з прадпрымальнікамі (адзінае, што я не ў турме), і зноў стварэньне аптовых базаў.

Ці веру я ў рэалізацыю таго, што даручае Лукашэнка? Адкажыце самі на гэтае пытаньне. Калі яны за 10 гадоў нічога не стварылі, як яны самі нешта створаць? Гэта па-першае.

Па-другое, каб гэта зрабіць, трэба зачыніць мяжу з Расеяй ці яе пераплюнуць. А пераплюнуць іх можна ў адным выпадку: зьнізіць падаткі да іхняга ўзроўню і зрабіць рэгуляваньне гандлёвымі працэсамі, як у Маскве.

То бок, кола замкнулася...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG