Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляры «Экспабела»: «Спадзявацца на паляпшэньне? Глупства якое...»


Лукашэнка і прадпрымальнікі , сход.

Лукашэнка і прадпрымальнікі , сход.

Аляксандар Лукашэнка наведаў менскі рынак «Экспабел» ва ўмовах узмоцненых захадаў бясьпекі. Гандляроў прапускалі на працоўныя месцы па сьпісах і праз мэталашукальнікі. У пакупнікоў правяралі, што ў кішэнях і сумках.

Менскі рынак «Экспабел» паводле раскладу мае распачынаць працу а 10 гадзіне раніцы. Аднак у дзень візыту кіраўніка краіны ўсім прадпрымальнікам, гандлярам і дапаможным службам адміністрацыя рынку загадала быць на працоўных месцах а 7.00 раніцы. Служба аховы пачала працаваць а 5.00 раніцы: каля дзясятка чалавек у форме і ў цывільнай вопратцы без апазнавальных знакаў з мэталашукальнікамі стаялі на ўсіх уваходах. Кожнага супрацоўніка прапускалі, толькі знайшоўшы ў складзеным загадзя сьпісе і пасьля працэдуры агляду. Некаторыя гандляры мусілі хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, шукаючы сваё прозьвішча ў сьпісах. Нешматлікіх пакупнікоў таксама прапускалі толькі пасьля пільнага агляду кішэняў і сумак.

Гандляры вулічных кіёскаў «Экспабела» пра візыт Лукашэнкі ведаюць толькі збольшага. Галоўным чынам праз тое, што тры апошнія дні яны мылі, прыбіралі, фарбавалі і ўсяляк даглядалі ня толькі свае павільёны і шапікі, але і ўсю тэрыторыю рынку.

Гандлярка: «Нібыта прэзыдэнт прыяжджае, але насамрэч ня ведаем. Не да прадпрымальнікаў прыяжджае, а нібыта на будоўлю. Калі б да прадпрымальнікаў, то нас бы сабралі, а так — ніхто нічога не зьбіраў, у нас звычайны працоўны дзень. Нам адміністрацыя нічога не паведамляе, бо хто мы такія? Гандляры... Нават калі і прыедзе, то як гэта паўплывае на нас? Працуем, дый усё...»

Карэспандэнтка: «Ці перажываеце вы за гэтую сытуацыю, у якой апынуліся прадпрымальнікі?»

Вядома, перажываем. Ад гэтага залежыць наша далейшая праца, наша далейшае жыцьцё... У нас дзеці, мне ёсьць за што перажываць.

Прадпрымальніца: «Вядома, перажываем. Ад гэтага залежыць наша далейшая праца, наша далейшае жыцьцё... У нас дзеці, мне ёсьць за што перажываць. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, бо калі прэзыдэнт прыяжджае, то гэта ж ня проста так. Ён, пэўна, нейкія ўмовы прапануе. Спадзяёмся, што яны будуць прымальныя для нас».

Карэспандэнтка: «Ці ўскладаеце спадзяваньні на паляпшэньне становішча прадпрымальнікаў у выніку сёньняшняй сустрэчы з кіраўніком краіны?»​

Прадпрымальніца: «Глупствы якія... У каго ёсьць гэтыя спадзяваньні?! Пра што вы кажаце?! У вас яны ёсьць? І ад таго, што зьменіцца кіраўнік, пэўна, таксама нічога ня зьменіцца. Магчыма, што нават будзе горш. Людзі пра гэта думаюць і баяцца — вось і ўсё».

Аляксандар Лукашэнка пад’ехаў да цэнтральнага ўваходу ў «Экспабел» праз пляцоўку, цалкам вызваленую ад аўтамабіляў. Акрамя ўзмоцненай аховы, яго суправаджалі чыноўнікі. Невялікая купка гандляроў з бліжэйшых вулічных кіёскаў назірала за візытам здалёк. Пад дахам «Экспабела», па дарозе да канфэрэнц-залі, дзе мелася адбыцца сустрэча кіраўніка краіны з прадпрымальнікамі, Аляксандар Лукашэнка агледзеў некалькі гандлёвых павільёнаў, каля некаторых спыніўся і коратка пагутарыў з гандлярамі. Пасьля просьбаў адмяніць сваё распараджэньне, згодна зь якім гандляры мусяць мець дакумэнты на ўсе тавары, набытыя за межамі краіны, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэтыя патрабаваньні былі выкліканыя неабходнасьцю кантраляваць якасьць тавару і што ён, дбаючы пра ўласнае здароўе, купляць нешта на рынак ня пойдзе. Што адмена ягонага распараджэньня будзе азначаць «узаконьваньне кантрабанды». Што гандляры, набываючы тавары за межамі краіны, «падкормліваюць» чужых вытворцаў і гэтым «забілі» беларускую лёгкую прамысловасьць. Менавіта гэтым сваім распараджэньнем ён намераны «паставіць у роўныя ўмовы» лёгкую прамысловасьць і дробны бізнэс, а таксама зрабіць яго «празрыстым».

Ці былі задаволеныя такімі адказамі прадпрымальнікі, якія размаўлялі з кіраўніком краіны, высьветліць не ўдалося: паразмаўляць з гандлярамі перашкодзіла служба аховы.

XS
SM
MD
LG