Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — Кабякову: Ня будзе на складзе шлёпанцаў — адкажаце


Падчас сустрэчы з прадпрымальнікамі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад прэм’ера Андрэя Кабякова пачаць насычэньне аптовых базаў асартымэнтам, «ня горшым, чым на маскоўскіх рынках».

Кабякоў выказаў меркаваньне, што ў прынцыпе такое магчыма, але будуць узьнікаць «пэўныя складанасьці».

На што Лукашэнка адрэагаваў: «Вы гэта зробіце, і калі там ня будзе хапаць нейкіх шлёпанцаў ці красовак, то за гэта адкажаце».

Лукашэнка падкрэсьліў, што ў працэсе ўрэгуляваньня сытуацыі ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі неабходна ўлічваць інтарэсы ўсіх бакоў: спажыўцоў, гандляроў і дзяржавы. Таму што, ягонымі словамі, нідзе не павінна быць стратаў — ні ў насычэньні таварамі ўнутранага рынку, ні ў забесьпячэньні працай актыўнай часткі насельніцтва, ні ў паступленьні падаткаў у бюджэт.

Між тым якраз падпісаны Лукашэнкам указ № 222 можа пазбавіць працы дзясяткі тысяч гандляроў па ўсёй краіне. Дакумэнт, у прыватнасьці, абавязвае іх мець сэртыфікаты паходжаньня і якасьці на кожную адзінку тавару, а таксама абмяжоўвае тэрмін рэалізацыі так званай рэшты — асартымэнту, завезенага ў Беларусь да 1 ліпеня 2014 году:

Мяне інфармуюць, што за мінулы год палова прадпрымальнікаў здолела выканаць вызначаныя дзяржавай патрабаваньні і перайшла на празрыстыя мэтады працы

«Мяне інфармуюць, што за мінулы год палова прадпрымальнікаў здолела выканаць вызначаныя дзяржавай патрабаваньні і перайшла на празрыстыя мэтады працы. Аднак за гэтым пайшлі ня ўсе. І цяпер яны просяць працягнуць тэрмін продажу рэшты тавараў, якія ёсьць у наяўнасьці і ўвезеныя без дакумэнтаў. Пры гэтым спасылаюцца на складанасьці з рэалізацыяй, захады расейскіх гандляроў, якія не даюць ім адпаведных дакумэнтаў, на дарагоўлю, абмежаванасьць і нізкую якасьць прадукцыі, якую можна набыць на айчынных аптовых складах, не выяжджаючы за мяжу», — адзначыў Лукашэнка.

Ён паслухаў, але настойліва параіў «іпэшнікам» пераходзіць на гандаль беларускай прадукцыяй, якая пасуе мясцоваму насельніцтву і коштам, і якасьцю. Менавіта прадпрымальнікі, на думку кіраўніка краіны, вінаватыя ў тым, што трыкатажная галіна цяпер у заняпадзе — маўляў, навезьлі кітайскага імпарту столькі, што дэмпінгуюць, выціскаючы з крамаў усё беларускае.

XS
SM
MD
LG