Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэкуляцыя на дзядах і манаполія на памяць


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«А што тут такога, што савецкія сьцягі раздавалі?» – такое пытаньне пад навіной. І пасьля паўтараецца тое, што ўжо сталася саркастычным мэмам: «нашы дзяды ваявалі».

Чаму саркастычны? Бо відавочна, што той, хто распрацоўвае і выкарыстоўвае савецкі міт пра вайну, турбуецца не пра дзядоў, а пра свае інтарэсы. Спэкулюе на ўспамінах старых, на іх калектыўнай трагедыі.

Інтарэсы для мяне відавочныя: аднаўленьне савецкай імпэрыі, атрыманьне новых магчымасьцяў, старэньне новых мафій і кланаў, кшталту бальшавіцка-камуністычнага, толькі цяпер яшчэ і з «лавандосам» і «па паняціям».

Усе «западнарусізмы», апэляваньні да славянскасьці, да «каранёў» у імпэрскага боку значна слабейшыя па сіле перакананьня, чым у нацыянальных праектах.

А вось тэмай вайны яны пакуль досыць пасьпяхова спэкулююць, хоць тут ужо пытаньне часу. Для школьнікаў гэта проста гісторыя. І новая генэрацыя бяз комплексаў і псыхалягічных траўмаваньняў можа слухаць, што вайна – гэта ня толькі герой-пераможца з плякату. Што гэта шмат зла і бяды ў тым ліку і з боку «нашых».

Калі ў Расеі спрабавалі аб'яднаць яжаку з вужакам – савеччыну з царскімі вобразамі, дык у Беларусі гналі чысты ідэалягічны прадукт – скапіяваная савецкая міталёгія, містыка і паўрэлігійны культ.

Толькі вось жа якія розныя вынікі: у Беларусі няма партый і груповак вайны, а ў Расеі ёсьць.

То бок, нельга ўзяць адну ідэалёгію і прыляпіць да іншай сытуацыі. Атрымліваецца «ўдар моцны, але недакладны».

Як па мне, памяць пра тую вайну мусіць асацыявацца з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. І дзень памінаньня можа быць падобным да Радаўніцы ці Дзядоў.

Але аніяк не да трызны на магіле ворага, у што дэ-факта ператварылі камуністы рытуалістыку 9 траўня.

Калі старыя ідэі перастаюць працаваць, новыя прыходзяць абавязкова. Усё больш падчас перапісу насельніцтва зьяўляецца эльфаў, хобітаў і гномаў. А зь іншага боку, напрыклад, літвінаў. Але ніхто чамусьці не запісваецца як «савецкі».

Расейцам патрэбная вялікая новая перамога як доза наркотыку, на якую іх падсадзілі даўным даўна, зь дзяцінства ўнушаючы, што кайф – у сіле, а сіла – у кулаку, у зброі.

Спадзяюся, што нічога з новай дозай у нашых усходніх суседзяў не атрымаецца.

А беларускаму грамадзтву трэба забіраць у дзяржавы манаполію на памяць пра вайну. Час даўно прысьпеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG