Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая паэзія пасьля Дэбальцава


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

«Ці магчымая паэзія пасьля Дэбальцава?» Кардонная, патасная фраза, але менавіта яна лезла мне ў галаву на нядаўнім фэсьце памяці Міхася Стральцова.

Я сядзеў і ўглядаўся ў засяроджаны твар Сяргея Жадана. Усе нешта гаварылі, чыталася паэзія – мэтафізычная і ня вельмі. Гучаў сьмех; чуліся воплескі; а чалавек стаяў, абапершыся на край стала, нібы іншаплянэтны госьць, які слаба разумее, што адбываецца, і таму ўсё прымае на веру.

Потым чытаў ён сам, новае – вершы пра вайну, што «никто не придет назад», пра каханьне, сьмерць і «як нам усім не пашанцавала».

Нібыта ўсе мы чыталі адныя і тыя ж навіны. Але гэта гучала як адкрыцьцё, і чуваць было кожнае ціхае слова ў перапоўненай залі. Жадан прамаўляў свае вершы спакойна, нібы наагул адсутнічаў у залі: перанёсься на поле баявых дзеяньняў, сядзіць каля вогнішча ў кампаніі салдата ўкраінскай арміі, які распавядае яму сваю гісторыю і агучвае свае прагнозы на вынік вайны. І мне падумалася, што справа не ў навінах, бо той «від інфармацыі», які ўсе слухачы на тым фэсьце атрымалі, мог здабыць толькі паэт – без кампутара і мабільніка, а нейкім пячорным яшчэ спосабам; літаральна церучы дрэвам аб дрэва альбо высякаючы крэменем.

Сёрэн Кіркегар разважаў: «Кім ёсьць паэт? Нешчасьлівец, які таеміць у душы цяжкія пакуты, але валодае вуснамі, адкуль уздыхі і стогны гучаць прыўкраснай музыкай. Яго доля падобная да наканаваньня тых няшчасных, каго спальвалі жыўцом на павольным агні ў медным быку Фаларыса: іх лямант, дайшоўшы да тырана, не бянтэжыў таго, але гучаў для яго салодкай музыкай. І людзі, таўхаючыся вакол паэта, кажуць яму: сьпявай, сьпявай яшчэ! Інакш кажучы: няхай душу тваю разьдзіраюць новыя пакуты, але вусны твае няхай застаюцца ранейшымі: лямант адно напалохаў бы нас, а музыка натхняе. І крытыкі, далучаючыся да іх, гавораць: гэта слушна, так і павінна быць паводле законаў эстэтыкі».

Я ня ведаю, што адчуваюць людзі з усходу Ўкраіны, дзе Жадан нарадзіўся, вырас і дзе цяпер часта выступае, езьдзячы па шпіталях і маленькіх пасёлках, чые назвы ўсе павывучвалі ўжо за апошні год. Але, думаю, такая паэзія тым людзям патрэбная. І мне пры гэтым успамінаецца не мэталічны бык цара Фаларыс, а іншы міталягічны вобраз – флейта, адкінутая мудрай Афінай і знойдзеная сатырам; флейта, якая прынесла пагарджанаму Марсію перамогу над богам Апалёнам; тое, што было забыта рацыяналістамі, але ўрэшце аказалася найважнейшым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG