Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экспабел» — у стане аблогі


экспабел, гандлёвы цэнтр, рынак

экспабел, гандлёвы цэнтр, рынак

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Экспабел», дзе Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ператвораны ў непрыступную крэпасьць.

Як перадаюць карэспандэнты Свабоды, паркінг перад гіпэрмаркетам Bigzz напалову перакрыты, машыны вымушаныя спыняцца на аддаленых пляцоўках. Па ўсім пэрымэтры сканцэнтраваныя дзясяткі супрацоўнікаў спэцслужбаў і міліцыянтаў у цывільным — іх ведамаснае паходжаньне выдаюць прыглушаныя каманды па рацыях, схаваных пад курткамі.

Уваход у краму не абмежаваны, але кожны наведнік «прасьвечваецца» ня толькі пільным позіркам прыстаўленых ля ўваходу праваахоўнікаў, але і мэталашукальнікам. Безь лішніх слоў заварочваюць журналістаў, якія ня маюць адмысловай акрэдытацыі на мерапрыемства.

Поўна «ціхароў» ня толькі пры парадным уваходзе ў цэнтар, але і ў зоне рынку, дзе гандаль ідзе з павільёнаў.

Кандыдаты на сустрэчу з Лукашэнкам прайшлі паглыблены кантроль у прэзыдэнцкай адміністрацыі і Менгарвыканкаме, у выніку адабралі тых, хто мае «канструктыўную пазыцыю» адносна ўладаў. Прадстаўнікоў аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якія адстойваюць правы індывідуальных прадпрымальнікаў і першымі ініцыявалі дыялёг з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, на сустрэчу не дапусьцілі.

XS
SM
MD
LG