Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Толькі я ўзяўся за яйкі, як зьнікла масла» — напэўна, ўсе памятаюць гэтую забаўную двухсэнсоўную фразу Аляксандра Лукашэнкі, сказаную падчас эканамічнага крызісу 1998 году. Празь 17 гадоў у нечым падобную сытуацыю патрапіў азэрбайджанскі калега беларускага ўладара Ільхам Аліеў.

«Кошты на прадукты мясцовай вытворчасьці часам штучна завышаюцца. Яйкі зьяўляюцца прадуктам мясцовай вытворчасьці і таму чаму яны павінны даражэць ў некалькі разоў? Я даў указаньне дасьледаваць гэтае пытаньне. Тут ёсьць прыкметы манаполіі, у сьвеце гэта называюць „картэльнай змовай“. Тыя, хто завышае цэны на яйкі, будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, панясуць пакараньне» — заявіў прэзыдэнт Азэрбайджану на ўрадавай нарадзе, якая адбылася на мінулым тыдні.

Працягваючы беларускія аналёгіі, можна прыгадаць «адкручваньне цэнаў назад», якое ў лістападзе 1994 году загадаў зрабіць тады яшчэ малады прэзыдэнт Беларусі. І тады таксама гаварыліся словы пра змову, нядбайнасьць чыноўнікаў і сквапнасьць гандляроў.

Між тым, як тады ў Беларусі, гэтак і зараз у Азэрбайджане, прычыны зусім ў іншым. У прыватнасьці, у Азэрбайджане 22 лютага сёлета адбылася дэвальвацыя, нацыянальная валюта — манат — патаньнела адносна даляру на траціну. Цалкам натуральна, што абясцэньваньне валюты цягне ўверх усе цэны на тавары. Гэты рост цэнаў адбываецца, як правіла, дастаткова непрадказальным шляхам, толькі вельмі прыблізна можна спрагназаваць, на што цэны падскочаць больш, а на што — менш.

На першы погляд, меркаваньне азэрбайджанскага прэзыдэнта не пазбаўленае рацыі: цана на тавары айчыннай вытворчасьці па ідэі не павінна залежыць ад цаны даляра, бо не за даляры іх па імпарце купляюць. Але гэта толькі на першы погляд. Вытворчасьць айчынных тавараў можа залежыць ад імпартных кампанэнтаў, якія ў выніку дэвальвацыі даражэюць, і гэта адбіваецца на цане канчатковага тавару.

Але нашто аўтарытарным уладарам гэта прыгадваць? Тут справа нават не ў ведах пра эканоміку, якія, напэўна, маглі б быць і глыбейшыя. Але і ў тым, што сапраўдныя прычыны росту цэнаў — як нядаўняя дэвальвацыя ў выпадку Азэрбайджану — спараджаюць непрыемныя для ўлады адказы на пытаньне, хто ж вінаваты ў дарагоўлі. Яна ж і вінаватая. Адсюль і жаданьне перакласьці віну на спэкулянтаў, хцівых гандляроў і г. д.

Альбо гэтыя заявы — адно гучнае страсеньне паветра, праца на публіку, стварэньне карцінкі пра тое, як нейкія выканаўцы напартачылі, а мудры «бацька» разабраўся, выкрыў і навёў парадак.

З тлумачэньняў незразумела, дзе ж былі гэтыя махляры, спэкулянты, манапалісты і іншыя кепскія людзі раней, скажам, да азэрбайджанскай дэвальвацыі, чаму іх дрэнныя чалавечыя і дзелавыя якасьці сталі праяўляцца менавіта зараз.

Вынікі грозных пагрозаў азэрбайджанскага прэзыдэнта могуць быць двух кшталтаў. Альбо гэтыя заявы — адно гучнае страсеньне паветра, праца на публіку, стварэньне карцінкі пра тое, як нейкія выканаўцы напартачылі, а мудры «бацька» разабраўся, выкрыў і навёў парадак. Хаця парадак пры гэтым захаваецца дакладна такім жа, як і да загадаў і пагрозаў, але электарату прыемна — ўлада клапоціцца пра народ: вось жа па тэлебачаньні Сам сказаў, што пасадзіць злодзеяў. Ну а што цэны як расьлі, так і будуць працягваць расьці — дык яму ж перашкаджаюць і ня слухаюцца.

Але цікава, што там, дзе палітвязьняў няма, кіраўнікі дзяржавы нават у няпростыя часы звычайна неяк устрымліваюцца ад таго, каб «хапацца за яйкі» — неяк вырашаюць сытуацыю без падобнай эквілібрыстыкі.

Другі варыянт, які выглядае менш імаверным — што цэнавы максымум будуць сапраўды трымаць жалезнай рукой. Тады хада падзеяў будзе адпавядаць бесьсьмяротнай формуле Лукашэнкі пра яйкі і масла. У дадзеным выпадку зьнікнуць як раз яйкі. Цана будзе правільнай і справядлівай, тавару па ёй ня будзе. А на «чорным рынку» будзе — па цане больш высокай, чым была б, калі б рука вярхоўнай улады яйкі не чапала.

І яшчэ адна павучальная заканамернасьць. Вось у азэрбайджанскіх турмах сядзіць шмат палітвязьняў, у тым ліку, скажам, праваабаронца Лэйла Юнусава і журналістка Радыё Свабода Хаджыда Ісмаілава. І прэзыдэнт краіны пры гэтым абяцае «адкруціць цэны» і змагаецца зь імі пагрозамі крымінальнага перасьледу.

Эканамічныя праблемы адбываюцца ў самых розных краінах. Але цікава, што там, дзе палітвязьняў няма, кіраўнікі дзяржавы нават у няпростыя часы звычайна неяк устрымліваюцца ад таго, каб «хапацца за яйкі» — неяк вырашаюць сытуацыю без падобнай эквілібрыстыкі.

А ў краінах, дзе палітычны клімат іншы, безь яе чамусьці не абыходзіцца.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG